Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльская зона гарыць


Уздоўж шашы з Чэрыкава ў Касьцюковічы паласа чорнай выпаленай зямлі расьцягнулася на дзясяткі кілямэтраў. У паветры — характэрны ўедлівы смурод спаленай травы. Навокал бязьлюдзьдзе.

«Вось такія палы тут бываюць штогод. І радыяцыя пасьля такога ляціць на чыстыя зоны. Напэўна, несумленныя людзі такое робяць. Хто ж яшчэ можа такое рабіць?» — кажа жыхар Чэрыкава Генадзь.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў уражаны ўбачаным:

«Вядома ж, тут трэба рабіць нейкія захады. Вось мы па дарозе бачылі трактар з плугам, будзе рабіць ральлю супрацьпажарную. Але яны ўжо спазьніліся. Тут ужо ўсё адбылося»



На месцы былых вёсак Вепрына, Чудзянаў, Малінаўкі і дзясяткаў іншых пры дарозе стаяць памятныя знакі. Летась, калі актывісты апазыцыі гэтаксама наведвалі Чарнобыльскую зону, тэрыторыя ля памятных знакаў была прыбраная. А сёлета ля іх засьмечана. Леташняя бірузовая фарба з камянёў аблазіць. Зьвесткі на інфармацыйных шыльдах пра адселеныя вёскі пачалі зацірацца. Дзе-нідзе іх ужо не прачытаць.

«Калі ў такіх месцах бываеш, то вельмі сумна. Тут некалі было жыцьцё. Жылі людзі. А цяпер нават памяць пра людзей і мясьціны — яна закінутая. Улады дужа тут нічым не апякуюцца, і стаяць гэтыя камяні закінутыя і непрыбраныя», — зазначае старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

актывісты партыі БНФ

актывісты партыі БНФ





Партыйцы наведаліся ў зону, каб прыбраць вакол памятных знакаў, ускласьці кветкі да іх, згадаць тых, хто мусіў пакінуць родныя мясьціны праз радыяцыю.

Пра пахаваныя хаты адселеных паселішчаў нагадваць толькі курганы ды сады, якія разрасьліся без гаспадарскага вока. Курганоў і садоў шмат. ссохлая трава, дзе ня выгарала, стаіць па пояс.

Пачалі ў зоне разбураць і панэльныя дамы. Увесь час пасьля Чарнобыля яны заставаліся нібыта закансэрваванымі, а насамрэч зь іх патроху выносілі тое, што можа прыдацца ў гаспадарцы — дошкі з падлогі, аконныя і дзьвярныя рамы.



Ля аднаго з такіх дамоў гутару з вартаўніком. Ён ахоўвае тэхніку, якой бураць дамы.

«Тут дамы набралі шмат радыяцыі. Іх трэба хаваць у зямлю. Катлаван, і гэта ўсё туды бульдозэрам, а наверх — зямлі яшчэ. Больш за дваццаць гадоў тут ніхто не жыве».

Які ўзровень радыяцыі ў дамах, вартаўнік не сказаў, зазначыўшы толькі, што яна высокая. Саміх ліквідатараў, аднак, радыяцыя не палохае. Тут жа ля вагончыкаў яны зьбіраюць бярозавік.



Летась у зоне непадалёк ад дарогі жылі двое старых. Яны адмовіліся выяжджаць у чысты раён. Цяпер іхная хата закінутая. Усё ў ёй паламана. Старыя паўміралі, паведамілі ў Чэрыкаве. Злых сабак, якія вартавалі сядзібу, таксама няма. Поле пачало зарастаць хмызьняком. Зьдзічэла і студня. Зона зарастае і выгарае, пакінутая сама сабе...
XS
SM
MD
LG