Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбуры турмы муры: выйшла анталёгія перакладаў Андрэя Хадановіча


Сорак два замежныя паэты прадстаўленыя ў анталёгіі «Разам з пылам», якая нядаўна пабачыла сьвет у сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Ад старажытнага Катула да Яцака Качмарскага, чый верш «Разбуры турмы муры!» гучаў на Плошчы 19 сьнежня 2010 году.

Пра актуальнасьць «запыленых» тэкстаў і трампліны перакладчыка мы гутарым з аўтарам кнігі Андрэем Хадановічам.

— Сёньня ў храме беларускай літаратуры можна адслужыць сьвяточную літургію ці імшу. Бо выхад аўтарскай анталёгіі «Разам з пылам» — сапраўды зьява нешэраговая. Андрэй, наколькі я ведаю, кніга чакала на сустрэчу з чытачамі каля дзесяці гадоў. Прычына ў няспрытнасьці нашых выдаўцоў, ці ў патрабавальнасьці перакладчыка да самога сябе?

— Любую зьяву можна патлумачыць некалькімі прычынамі. Зразумела, пры больш спрыяльных умовах «Разам з пылам» магла зьявіцца на 5 ці 7 гадоў раней. Пытаньне — ці быў бы я задаволены кнігай у той ступені, у якой я ёю задаволены сёньня? Відавочна, зацяжкі пайшлі ёй толькі на карысьць. У дваццаць гадоў перакладчык думае, што ён — майстар, што ён можа найскладанейшыя творы перакласьці і застацца задаволеным. А потым, праз пэўны час, зьяўляецца пачуцьцё сораму за той ці іншы твор, за той ці іншы фрагмэнт. Да таго ж, кніга мае пэўны фармат, скажам, 200 старонак. А ў цябе ёсьць п’еса ў вершах Марыны Цвятаевай, якая адна палову кнігі можа заняць. І ты мусіш ад яе адмовіцца. Ты глядзіш на вершы Эзры Паунда і пачынаеш выбіраць, што табе больш падабаецца, што слухачу можа быць больш зразумелым. З кнігі таксама вылецелі цэлыя тры сымфоніі нашага славутага франкамоўнага земляка Оскара Мілаша, бо я спадзяюся выдаць яго творы асобнай кніжкай.

— У анталёгіі зьмешчаныя пераклады зь сямі моваў — ангельскай, лаціны, нямецкай, польскай, расейскай, украінскай і францускай. Дзясяткі паэтаў — ад старажытнага Катула да нашага сучасьніка Сяргея Жадана. І ўсё ж, у якой эпосе перакладчык адчуваў сябе як рыба ў вадзе? З кім на пару?

— Відаць, найкамфортней мне было з французамі, якімі я займаюся ва ўнівэрсытэце, творчасьць якіх я выкладаю. Бадлер, Малармэ, Рэмбо. Я іх, можа быць, і перакладаць пачаў на патрэбу выкладаньня, каб можна было з пылу з жару студэнтам даваць на лекцыях. Складаней было зь немцамі альбо з лацінянамі. З кім было яшчэ досыць камфортна? Я даўно заўважыў, што сучасьнікі ў адрозьненьне ад старажытных выходзяць на кантакт: адказваюць на лісты, на пытаньні, самі сябе камэнтуюць. У гэтым сэнсе ўкраінцы Юры Андруховіч і Сяргей Жадан вельмі прыязна тлумачылі свае намеры. Ад Бадлера я, на жаль, такога не дачакаўся.

— У тваёй анталёгіі безьліч твораў шэдэўральных і знакамітых. Сярод апошніх і «Муры» Яцка Качмарскага. Я памятаю, як уся Плошча 19 сьнежня 2010 году тысячагалоса скандавала: «Разбуры турмы муры! Прагнеш свабоды — то бяры!». Ці лёгка было кіраваць такім незвычайным «хорам»?

— Кіраваць «хорам» на Плошчы было лёгка, бо шмат добрых і сымпатычных
Кіраваць «хорам» на Плошчы было лёгка, бо шмат добрых і сымпатычных людзей былі гатовыя мяне падтрымаць
людзей былі гатовыя мяне падтрымаць. Складаней было выгукнуць гэта на холадзе, без гітары, у неідэальных, мякка кажучы, акустычных умовах. Потым я глядзеў гэта на відэа — і ў мяне было лёгкае пачуцьцё сораму за свой узровень выкананьня. А вось чаго ніколі не саромеўся, дык гэта самога выбару песьні Качмарскага, якая, мне здаецца, была там вельмі дарэчы. Не хацелася б толькі, каб Качмарскі цяпер успрымаўся ў Беларусі выключна ў сваёй «рэвалюцыйнай» іпастасі. Таму я разам з «Мурамі» ўключыў у кнігу некалькі іншых ягоных вершаў-песень. Больш лірычных і больш інтэлектуальных.

— Гартаючы «Разам з пылам», я неаднойчы сам сабе паўтарыў: няма мяжы дасканаласьці. Мне здавалася, што знакаміты верш Эдгара По «Крумкач» пасьля Алега Мінкіна яшчэ раз перакладаць ніхто не адважыцца. Ты адважыўся. Што ў падобных выпадках рухае творцам — прага спаборніцтва ці адчуваньне нейкай сваёй рацыі, якую трэба давесьці людзтву?

— Я думаю, што найперш прага спаборніцтва з самім сабой. Калі нехта высока паднімае планку, ты бачыш складанасьць задачы. Да Алега Мінкіна ў мяне амаль няма прэтэнзій у сувязі з «Крумкачом». Гэта ўвогуле адзін з найлепшых вершаў у беларускай паэзіі... Што рухала мною пасьля Мінкіна перакладаць «Крумкача», а пасьля Рыгора Барадуліна (і ня толькі яго) «П’яны карабель» Рэмбо? У кожнага пакаленьня свае адносіны да клясыкі, у кожнага перакладчыка сваё ўяўленьне пра той ці іншы твор. Вось як у нас з табой розны Галчынскі. Відаць, гэта нават не спаборніцтва, а — служэньне інтарэсам Галчынскага і чытачоў, якія тут і цяпер чакаюць максымальна актуальны тэкст. Вольга Седакова параўнала перакладчыкаў з умелымі, далікатнымі рэстаўратарамі. Мінаюць дзесяцігодзьдзі, нават стагодзьдзі, арыгінал можа не састарэць, а пераклады часам старэюць. Трэба пэўныя фарбы абнаўляць, рабіць больш яскравымі для кожнага новага пакаленьня чытачоў.

— Назва «Разам з пылам» ня толькі небясьпечная для астматыкаў, яна ў пэўным сэнсе змушае думаць пра архаічнасьць тэксту. Але вось я чытаю Джона Дона (XVII стагодзьдзе!) і бачу, што пылам там і ня пахне. «А я разьдзеўся для цябе адной. Саромеесься — дык накрыйся мной». Ці даводзілася табе, каб пераклады лягчэй успрымаліся сёньняшнімі чытачамі, неяк абсучасьніваць паэтаў?

— Безумоўна. Праўда, у дадзеным выпадку ўсё было зроблена самім
Там, дзе прачыналіся чытачы ў XVII стагодзьдзі, у тыя ж самыя моманты яны павінны прачынацца і ажыўляцца ў XXI-м
Джонам Донам. Але у любым перакладзе ня мусіць быць сьпячкі ў сучаснага чытача. Там, дзе прачыналіся чытачы ў XVII стагодзьдзі, у тыя ж самыя моманты яны павінны прачынацца і ажыўляцца ў XXI-м. Джон Дон — геніяльны паэт-рытар. Яго вершы пабудаваныя з геніяльнымі паваротамі думкі. Чытач мусіць ахаць на нечаканых віражах ягоных мэтафараў і думак. Там, дзе трэба было абсучасьніць, я дазваляў сабе нейкія наватарствы і вольніцтвы, але сыходзячы зь інтуітыўнага пасылу: як бы гэта сам паэт напісаў па-беларуску.

— Укладаючы анталёгію беларускіх перакладаў ХХ стагодзьдзя «Галасы з-за небакраю», я быў змушаны на многае заплюшчыць вочы. У тым ліку і на пераклады з падрадкоўнікаў, бо другіх папросту не было. У стагодзьдзі ХХІ патрабаваньні да перакладчыкаў сталі больш сур’ёзнымі?

— Так, яны зрабіліся больш сур’ёзнымі, бо вырасла канкурэнцыя паміж перакладчыкамі. Іх стала нашмат болей. Колькасьць людзей, якія валодаюць трыма, чатырма, пяцьцю замежнымі мовамі, увесь час расьце. Я ня бачу нічога кепскага ў тым, што яны «пераперакладаюць» — ужо з арыгінала — тое, што рабілася раней з падрадкоўніка. З другога боку, можна працаваць тандэмам. Адзін адказвае за тэкст, другі — за стылістыку, але адзін з дваіх усё роўна мусіць добра ведаць мову. Але ёсьць сытуацыя малых народаў і экзатычных моваў...

— «Няма народаў малых, бываюць малыя паэты», — сказаў Рыгор Барадулін.

— Гэта дакладна. Скажам, літоўская і грузінская паэзіі — вялікія паэзіі, блізкія нашым чытачам патэнцыйна. І ў Грузіі, і ў Літве вырасла новае пакаленьне нашых равесьнікаў. Мы зь імі кантактуем і вельмі хацелася б ім прадставіць нас, а нам прадставіць іхнюю творчасьць. Паэт-перакладчык сустракаецца з паэтам-перакладчыкам на пленэры. Яны праводзяць час разам, глядзяць адзін другому ў вочы. Яны знаёмяцца бліжэй, каб ведаць увесь падтэкст таго, пра што яны пішуць. Яны чытаюць пераклады адзін другому ўголас, тлумачаць падводныя камяні, на якіх можна спатыкнуцца. У выніку атрымліваюцца часам добрыя пераклады, якія, можа быць, трэба асьцярожна зорачкай пазначаць: увага, не зусім з арыгінала. Я ведаю, што прыйдуць тыя, хто зробіць лепей, ведаючы арыгінал.

— Альманах перакладной літаратуры «Далягляды» спыніў сваё існаваньне яшчэ ў 90-я. Тады ж выйшаў апошні — Караткевічаў — зборнік у сэрыі «Кніга перакладчыка». Ці то ёсьць, ці то няма ў «Мастацкай літаратуры» сэрыі «Скарбы сусьветнай літаратуры»... Да чаго можа прывесьці падобная культурніцкая палітыка дзяржавы?

— Да далейшага падзеньня культурнага ўзроўню ўлады і прэстыжу дзяржавы. Улада сама робіць усё, каб яе ў сьвеце ўспрымалі з пэўным нясмакам... Калі я ўкладаў сваю кнігу, яна мне бачылася якраз працягам добрай ранейшай традыцыі. У мяне на паліцы стаяць некалькі найлепшых
Улада сама робіць усё, каб яе ў сьвеце ўспрымалі з пэўным нясмакам
выданьняў з сэрыі «Кніга перакладчыка»: «Кахаць — гэта значыць...» Рыгора Барадуліна, «Прыйдзі, стваральны дух» Васіля Сёмухі, «На зорных шляхах» Максіма Танка, згаданыя «Галасы маіх сяброў» таго ж Караткевіча. У гэтай сэрыі перакладчык не губляўся як фігура другога пляну, як амаль ананімная службовая постаць за бліскучай постацьцю аўтара. Адам Паморскі назваў мастацкі пераклад асаблівым родам літаратуры. Мне ён бачыцца вельмі цікавым спосабам суаўтарства, гэта творчы сымбіёз паэтыкі аўтара арыгіналу і паэтыкі перакладчыка. І абодва гульцы на гэтым полі мусяць быць навідавоку. Гэта што да пэрсанальных кніжак. Што да спыненых «Даляглядаў», то я часам з зайздрасьцю гартаю маскоўскую «Иностранную литературу», варшаўскую «Літаратуру на сьвеце», кіеўскі «Всесвіт», якія рэгулярна выходзяць і ого-го якіх аўтараў друкуюць. Праўда, некалькі гадоў таму маёй зайздрасьці паменела, а аптымізму паболела. Бо новае пакаленьне перакладчыкаў, якія хадзілі-хадзілі ў «Беларускі калегіюм», зьбіраліся ў «Перакладчыцкай майстэрні», узялі і стварылі інтэрнэт-часопіс «Прайдзі-Сьвет». Яго аўтары — усе — працуюць з арыгіналамі, праходзяць рэдактуру і карэктуру.

— 26 красавіка ты зьбіраесься прачытаць публічную лекцыю «Мастацтва немагчымага», прысьвечаную акурат перакладам. Які яе асноўны мэсыдж?

— Гаворка пойдзе пра тое, што перакладчык як быццам зьвязаны па руках і нагах паэтыкай аўтара. Ён манэўруе на сапраўды вузкім полі. А зрабіць павінен вельмі шмат. Ён павінен пераўзысьці свае творчыя магчымасьці, скарыстаўшыся (люблю гэтую мэтафару) арыгіналам як трамплінам для больш высокага палёту. А яшчэ ў сваёй лекцыі мне хочацца пагаварыць пра дзіўную прафэсію перакладчыка. Як гэта так — яна ня можа пракарміць, яна даўно ўжо ператварылася ў хобі абсалютна для ўсіх беларускіх перакладчыкаў, а іхні ўзровень прафэсійны ўсё расьце і расьце... 26 красавіка а 18.30 у Інстытуце Гётэ (вул. Веры Харужай, 25). Шчыра запрашаю і буду рады ўсіх бачыць.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG