Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 тысяч чарнобыльскіх гектараў да вашага стала


У гаспадарчы абарот увядуць 40 тысяч гектраў зямель, якія не выкарыстоўваліся пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі паведаміў намесьнік начальніка дэпартамэнта па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Мікалай Цыбулька.

Гэтыя забруджаныя ў выніку аварыі землі не выкарыстоўваліся 27 гадоў і большай часткай месьцяцца ў поймах рэк. Таму іх мяркуюць пераважна выкарыстоўваць для пашы.

Перад тым як прыняць рашэньне пра іх увядзеньне ў гаспадарчы абарот, правядуць абсьледаваньне на наяўнасьць радыенуклідаў.

Усяго пасьля катастрофы было выведзена зь сельскагаспадарчага звароту 264 тысяч га зямель. Потым «з-за натуральных працэсаў ачышчэньня зямель у сувязі з распадам радыенуклідаў» у гаспадарчы зварот вярнулі 17 тысяч га. Цяпер пасьля інвэнтарызацыі астатніх земляў (больш за 240 тысяч га) мяркуецца далучыць да выкарыстаньня яшчэ 40 тысяч га, перадае БелаПАН.


Юры Варонежцаў

Юры Варонежцаў

Экспэрт у галіне атамных тэхналёгій, кандыдат тэхнічных навук Юрый Варонежцаў сказаў карэспандэнту Свабоды: «Гэтыя забруджаньні — плямавыя. У свой час я браў удзел у дасьледаваньнях: ёсьць пляма чыстая, а праз сто мэтраў — пляма вельмі брудная. Не павесіш жа карове дазымэтар на шыю — вось там ты, карова, еж траву, а там ня еж. То бок гэта ў любым выпадку небясьпечна. У любым выпадку існуюць тэхналёгіі вытворчасьці чыстай прадукцыі, але іх рэалізацыя вельмі дарагая. І пры нашым агульным разгільдзяйстве я ня ўпэўнены, што будзе вельмі выразна кантралявацца захаваньне гэтай тэхналёгіі.

Я лічу, што ні ў якім разе нельга пускаць гэтыя землі ў сельскагаспадарчы зварот. Але апошнія гады ў нас прымаюцца чыста палітычныя рашэньні, якія нічога агульнага ня маюць са здаровым сэнсам, тым больш з навукай. Вось вырашана запусьціць гэтыя землі ў сельскагаспадарчы зварот. Не разумею, навошта ўкладаць туды калясальныя грошы, калі іх можна ўкласьці ў пустуючыя землі ў чыстых раёнах і атрымаць значна большую аддачу.

У мяне закрадаецца думка, што шляхам укладаньня ў гэтыя землі грошай іх вельмі лёгка „адмыць“. Гэта бессэнсоўна з эканамічнага гледзішча. Не заўсёды можна пракантраляваць, якая адтуль ідзе прадукцыя.

І гэта супярэчыць той канцэпцыі, якая была прынятая і за якую галасаваў таксама, відаць, і Лукашэнка, бо яе зацьвярджаў Вярхоўны Савет у свой час».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG