Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі «паплыла» Якубоўка


У Гомель прыйшла вялікая паводка — затоплена зарэчная зона на левабярэжжы Сожа разам зь вёскай Якубоўкай.

Вёска гэтая даўно ўваходзіць у межы гораду і адносіцца да Навабеліцкага раёну абласнога цэнтру. Тут падтоплена каля паўсотні дамоў і падворкаў на галоўнай вуліцы Палявой і шэрагу аднайменных завулкаў.

Акурат на гэтых завулках найбольш пакутуюць жыхары. Толькі што прыйшоў рэйсавы аўтобус, які прывёз з паўтара дзесятка дашкалят і школьнікаў.

Маладая маці, якая назвалася Ірынай, на дарозе пераабувае пантофлі на рыбацкія боты й бярэ шасьцігадовую дачку на рукі:

«Во так у ботах і перабіраемся дадому. Ратавальнікі стаяць на галоўнай вуліцы, а ў завулках мы самі плюхаемся».

Бачачы, што дзяцей у 3-м Палявым завулку сабралася шмат, мясцовы кіроўца Аляксандар пераяжджае перамыты ўчастак на сваім уласным мікрааўтобусе і працуе гэткім добрым дзедам Мазаем — перавозіць дзятву праз пратоку.

Не спадзяецца на ратавальнікаў і Ўладзімер, дзед дваіх унукаў. Ён хаця й жыве на цэнтральнай вуліцы, але спадзяецца больш на ўласную лодку й боты-балотнікі. Уранку перавозіць дачку на працу, а ўнукаў — на вучобу, а падвечар плыве трыста мэтраў на лодцы да сухога месца, каб забраць іх назад:

«Ратуемся самі — перавозім адзін аднаго. Унукаў перавожу й дачку на працу трэба вазіць. Каб не свая лодка, то наагул прапалі б. Ратавальнікі вось тут побач завязуць, а туды хто павязе. Тэлефанаваць ім трэба, дамаўляцца — ну іх...».

Пэнсіянэр кажа, што вада прыбывае па 20-25 сантымэтраў за суткі. Дапамога жыхарам Якубоўкі яшчэ як патрэбна:

«Дапамога ўсякая патрэбна: платы валяцца, будова псуецца ад вады. Гэта невядома што».

У Якубоўцы жыве шмат цыганскіх сем’яў — некаторыя зь іх трымаюць коней, і накарміць іх зараз праблема.

Хлопчык Руслан апавёў, што нядаўна яму прысьніўся сон: нібыта ён топіцца. Усхапіўся спрасоньня з канапы й упаў у ваду, якая прыйшла ў хату.




Вялікую паводку Якубоўка перажывае кожнае дзесяцігоддзе, а то й часьцей. Пэнсіянэр Леанід кажа, што найбольшая на яго памяці была ці адно ня ў 1970 годзе. Хата ў яго на грудку, дык у той год ён лодкай заяжджаў у вакно.
Па словах старажыла, мясцовыя ўлады пэрыядычна браліся за ратаваньне Якубоўкі, але толкам нічога ня вырашылі:

«Абяцалі, што канал пракапаюць і ў гэты канал вада будзе сыходзіць. Пракапалі — і спартоўцы вунь ужо катаюцца. Разводзьдзе канал, канечне, не спыняе. А зараз ужо ніхто нічога не абяцае — толькі папярэджваюць пра паводку. Ёсьць у каго магчымасьць, зьяжджаюць, а няма — дык застаюцца дома й лаюцца. Чакаем з мора надвор’я».
XS
SM
MD
LG