Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Архэ» зноў адмовілі ў перарэгістрацыі


Мінінфармацыі ў чацьвёрты раз адмовіла рэдакцыі часопіса «Архэ-Пачатак» у перарэгістрацыі ў сувязі са зьменай выдаўца.

Пра гэта рэдакцыю паведамілі ў афіцыйным лісьце зь Міністэрства. Як зазначыў «Свабодзе» рэдактар выданьня Алесь Пашкевіч, чыноўнікі спаслаліся на дробную недакладнасьць у адной з графаў іх заяўкі.

«Мы яе выправілі і зноў паслалі запыт на перарэгістрацыю ужо пяты па ліку. Нашая ранейшая рэгістрацыя не скасаваная, але без перарэгістрацыі ў сувязі са зьменай выдаўца, друкаваць часопіс мы ня можам. Таму мы рыхтуем новыя нумары, будзем чакаць рэгістрацыі, шукаць іншыя шляхі дзейнасьці»,— зазначыў спадар Пашкевіч.

Раней Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў разблякаваў банкаўскі рахунак рэдакцыі і пацьвердзіў, што ніякай справы супраць «Архэ-Пачатак» заводзіць ня будзе.

Праблемы ў выданьня пачаліся 14 верасьня 2012 году, калі быў затрыманы тагачасны галоўны рэдактар «Arche» Валер Булгакаў. Супрацоўнікі міліцыі і падатковай інспэкцыі затрымалі яго ў Горадні і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

21 верасьня супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыйшлі ў друкарню, дзе выдаваўся часопіс, з праверкай. 24–28 верасьня з друкарні забралі ўсе дакумэнты за апошнія два гады дзейнасьці часопіса.

2 кастрычніка было арыштавана больш за 5 тысяч асобнікаў кніг з асабістай калекцыі Булгакава.

4 кастрычніка ва УДФР быў выкліканы заснавальнік часопіса «Arche» Андрэй Дынько. Пасьля гэтага было прынята рашэньне вызваліць Булгакава ад пасады галоўнага рэдактара «Arche», каб уратаваць выданьне.

Рахунак «Архэ» быў заблякаваны 4 кастрычніка мінулага году.

18 кастрычніка Валер Булгакаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць быў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў.

У лістападзе мінулага году Валер Булгакаў пакінуў Беларусь, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу.
XS
SM
MD
LG