Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джахар Царнаеў: Брат хацеў абараніць іслам ад нападу


Джахар Царнаеў

Джахар Царнаеў

Джахар Царнаеў, падазраваны ў тэрарыстычным акце ў Бостане, пачаў даваць паказаньні.

Як паведамляе CNN, ён заявіў, што ягоны брат Тамэрлан, забіты пры спробе затрыманьня быў рухавіком атакі і што пры гэтым за іх нападам не стаялі ніякія міжнародныя тэрарыстычныя групоўкі. Пра гэта тэлеканалу паведаміла ананімная крыніца з ураду ЗША. Джахар Царнаеў сказаў, што сваім учынкам ягоны брат «хацеў абараніць іслам ад нападу».

Праваахоўныя органы не скідаюць з рахункаў вэрсію пра тое, што ў Царнаевых маглі быць саўдзельнікі.

Суразмоўца тэлеканалу падкрэсьліў, што заявы абвінавачаны зрабіў на папярэднім допыце і што яго словы потым будуць правярацца сьледчымі.

З праваахоўнымі органамі Джахар Царнаеў мае зносіны ў бостанскім шпіталі, куды ён трапіў адразу пасьля затрыманьня. У яго кулявыя раненьні галавы, шыі, нагі і рукі. Прычым, з-за прастрэленай шыі абвінавачаны страціў голас, таму паказаньні ён дае ў пісьмовай форме.

Напярэдадні судзьдзя, які прыбыў у шпіталь, прад'явіў Царнаеву афіцыйныя абвінавачаньні. Яму інкрымінуюць ужываньне зброі масавага зьнішчэньня і наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, якое прывяло да гібелі людзей. Паводле інфармацыі CNN, падчас гэтай працэдуры судзьдзя спытаў у Царнаева, ці хоча ён наняць адваката. Абвінавачаны адмовіўся, і яму прызначылі дзяржаўны абаронца.

Паводле вэрсіі паліцыі, браты Царнаевы арганізавалі два выбухі падчас маратону ў Бостане 15 красавіка. Тады загінула тры чалавекі, каля 180 атрымалі раненьні. Празь некалькі дзён, у ноч на 19 красавіка, Царнаевы зладзілі перастрэлку з паліцэйскімі, падчас якой загінуў адзін супрацоўнік праваахоўных органаў, а таксама старэйшы з братоў. Пасьля перастрэлкі паліцыя пачала перасьледаваць малодшага Царнаева, здолеўшы затрымаць яго толькі ўвечары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG