Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальнага судзяць за крадзеж лесу


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Сёньня ў Кіраве пачаўся разгляд крымінальнай справы Аляксея Навальнага, вядомага расейскага грамадзкага актывіста, блогера і выкрывальніка карупцыі ў эшалёнах дзяржаўнай улады.

Другім фігурантам справы зьяўляецца Пётр Афіцэраў, дырэктар «Вяцкай лясной кампаніі». Фігурантам справы быў таксама дырэктар кампаніі «Кіраўлес» Вячаслаў Опалеў, але яго ўжо асудзілі на 4 гады ўмоўна. Навальнага і Афіцэрава Сьледчы камітэт Расеі абвінаваціў у крадзяжы больш за 10 тысяч кубамэтраў лесу, чым яны нанесьлі шкоду бюджэту рэгіёну больш чым на 16 мільёнаў рублёў.

Шмат хто ў Расеі лічыць, што крымінальная справа супраць Навальнага была ўзбуджаная як акт помсты за ягоную грамадзкую пазыцыю і змаганьне з афіцыйнай карупцыяй. Сьледзтва ў справе Навальнага ўзбуджалася двойчы – першы раз, у 2011 годзе, яно было закрытае з увагі на адсутнасьць складу злачынства з боку Навальнага. Цяперашняя справа ў судзе ў Кіраве вядзецца на аснове матэрыялаў другога сьледзтва, якое ў 2012 годзе правёў Сьледчы камітэт Расеі. Матэрыялы справы налічваюць каля 30 тамоў.

Журналіст The New York Times Біл Кэлер называе справу Навальнага самым гучным палітычных працэсам у Расеі апошніх дзесяцігодзьдзяў. Прыгадаўшы, што ў 2011 годзе Moscow Times назваў Навальнага «адзіным выбіральным» кандыдатам у шэрагах апазыцыі, Біл Кэлер адзначае:

«Гэта ўжо ня першы раз, як пуцінскі рэжым выкарыстоўвае праваахоўныя органы і крымінальныя суды (у якіх доля апраўдальных прысудаў – 0,4%), каб адсейваць сваіх апанэнтаў. Перасьлед фінансавага магната Міхаіла Хадаркоўскага быў жахлівай і шмат у чым пасьпяховай спробай папярэдзіць багатых у Расеі, што грошы не даюць ім права на свабоду слова. Заказны судовы працэс Сяргея Магніцкага, расейскага юрыста, які асьмеліўся дасьледаваць падатковыя махлярствы ў вышэйшых эшалёнах улады і памёр у турме ад жорсткага абыходжаньня, быў сыгналам, што ня трэба ўмешвацца ў крадзяжы сябрукоў Пуціна. А суд над блюзьнерскай тройкай дзяўчат з Pussy Riot даў адчуць, што прэзыдэнт не ўспрымае жартаў, асабліва тады, калі яны датычаць яго самога. Але ні адна з гэтых ахвяраў крамлёўскага правасудзьдзя не была ў змозе мабілізаваць за сабою сур’ёзнай палітычнай падтрымкі. Навальны гэта можа зрабіць».

Паводле Кэлера, турэмны прысуд Навальнаму, які закрые яму шлях да далейшай палітычнай кар’еры, можа прынесьці шмат шкоды і самому Ўладзіміру Пуціну:

«Ён яшчэ болей дыскрэдытуе палітызаваную судовую сыстэму. Ён рызыкуе зрабіць з Навальнага пакутніка. Ён ставіць пад пагрозу паважлівае стаўленьне да Расеі на ўсіх форумах накшталт G-8, G-20 і P5+1, ня кажучы ўжо пра зімовую алімпіяду ў Сочы ў наступным годзе. У час, калі Расея мае вострую патрэбу ў замежных капіталах, ён выкарыстоўвае эканамічнае заканадаўства для палітычных рэпрэсій, такім чынам зьнеахвочваючы інвэстараў. "Пуцін ня хоча, каб Расія стала парыяй" – сказаў мне блізкі сябар Навальнага з надзеяй. – "Ён ня хоча, каб да яго адносіліся як да прэзыдэнта Беларусі". Будзем спадзявацца, што гэта праўда, але Пуцін – асабліва ў апошнія гады свайго кіраваньня – не паводзіў сябе як цьвярозы калькулятар інтарэсаў Расеі або чалавек, які дбае, што сьвет думае пра яго. Ён стаў яшчэ больш самаўлюбёным, каскадэрам, які пазіруе без кашулі на кані, абдымае белага мядзьведзя або вядзе чараду журавоў за сваім параплянам. І ягоны характар яшчэ больш здрабнеў і зрабіўся помсьлівым».

Паводле Біла Кэлера, Барак Абама павінен выказаць заклапочанасьць лёсам Аляксея Навальнага падчас плянаванай сустрэчы з Уладзімерам Пуцінам у верасьні сёлета, хаця б таму – як лічыць амэрыканскі журналіст – што аднойчы Навальны можа заняць месца Пуціна ў Крамлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG