Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску забаранілі ўсе акцыі да ўгодкаў аварыі ў Чарнобылі


Заяўнік адной з акцый Леанід Аўтухоў

Заяўнік адной з акцый Леанід Аўтухоў

Мясцовыя дэмакратычныя актывісты падавалі тры заяўкі на імпрэзы, прысьвечаныя памяці ахвяраў чарнобыльскай трагедыі — у трох раёнах гораду і ва ўсіх трох месцах, адмыслова вызначаных для масавых акцыяў раённымі адміністрацыямі.

Мітынгі, прысьвечаныя памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, зьбіраліся арганізаваць кіраўнік абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў — у парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ, і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў — у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Нават пікет у загарадным парку культуры і адпачынку «Мазурына», які рыхтаваў сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, апынуўся пад забаронай.

Прычына адмоваў ва ўсіх адказах з раённых адміністрацыяў аднолькавая — гэта адсутнасьць дамоваў з мэдыкамі і міліцыяй на абслугоўваньне акцыі. Дамовы ўдалося заключыць толькі з камунальнікамі, астатнія адказныя структуры адмовілі заяўнікам на розных падставах.

«З абласной міліцэйскай управы мне напісалі, што дамову заключыць ня могуць, бо супрацоўнікам „не вядомы плян масавых мерапрыемстваў на трэцюю дэкаду красавіка“, які ім не даслалі ці то з гарвыканкаму, ці то з райвыканкаму. Адно не разумею: пры чым тут мая ўласная ініцыятыва? А з паліклінікі прыйшоў адказ, што мэдыкі занятыя іншым: аказваецца, у нас у Віцебску ізноў „павелічэньне выпадкаў сэзонных захворваньняў“! Цікава, што „сэзонныя захворваньні“ ў горадзе здараюцца рэгулярна: перад угодкамі паўстаньня Кастуся Каліноўскага, перад Днём Волі і во цяпер, напярэдадні ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі!» — камэнтуе адмову Ян Дзяржаўцаў.
„Сэзонныя захворваньні“ ў горадзе здараюцца рэгулярна: перад угодкамі паўстаньня Кастуся Каліноўскага, перад Днём Волі

На перашкодзе ў арганізатараў акцыяў зноў стала невыканальнае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881, якое патрабуе папярэдне заключыць дамовы з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыяй. Спробы супрацоўніцтва з гэтымі структурамі аказаліся марнымі: у сакавіку віцебскія актывісты нават спрабавалі дамагчыся заключэньня дамовы з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай праз суд. Аднак Кастрычніцкі райсуд пастанавіў адхіліць скаргу кіраўніка абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафора Жаляпава, бо ўстановы, як высьветлілася, маюць поўнае права адмаўляць у заключэньні дамоваў, абавязковых для актывістаў.

22 красавіка гэтае рашэньне райсуду пакінуў у сіле Віцебскі абласны суд.

Пасьля прыняцьця рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 у 2009 годзе ў Віцебску не было дазволена ніводнай масавай акцыі з ініцыятывы мясцовых апазыцыянэраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG