Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Давыдзенка: «У чарнобыльскіх інвалідаў адбіраюць нават кульбакі»


Павал Давыдзенка

Павал Давыдзенка

Сёлета Паўла Давыдзенку, чарнобыльскага інваліда з Парычаў, выклікалі ў Сьветлагорскі шпіталь на выязную мэдычную камісію, каб спраўдзіць, што яму патрэбна кульбака й артапэдычны абутак. Раней лекары прызнавалі, што гэты просты рыштунак 72-гадоваму чарнобыльцу яшчэ й як патрэбны. І тут — перакамісія.

Давыдзенка: «Хірург-кастапраў кажа мне: „Разувайся“. Я разуўся. Ён мне: „Бач, у яго і ногці абрэзаны, і ногі чыстыя“. Потым узяўся за ногі: „Дык яны яшчэ й цёплыя!“ Яны яшчэ цёплыя, то ўжо няма табе ні кульбакі й анічога. Разумееце, што ён сказаў? І не далі. Ну, калі цёплыя, то, мусіць, трэба, каб халодныя былі, каб ужо ў труне ляжаў».

Чарнобылец ня здаўся, вярнуўся ў Парычы, знайшоў дома ранейшыя мэдычныя даведкі — і да мясцовых лекараў:

«Падняў тыя дакумэнты, якія мне выпісвалі. Пытаюся: можа, у мяне за васямнаццаць гадоў другія рукі ці ногі вырасьлі? І запатрабаваў, каб яны выпісалі мне даведку на кульбакі з падлокцевай апораю. Лекар мне напісаў, і недзе праз тыдзень мне тыя кульбакі выслалі з Гомеля. А так не давалі — ужо ўсё. Калі ўжо адбіраюць мыліцы й кульбакі, то да чаго дакацілася гэтая краіна?»

Інвалід Чарнобылю кажа: кульбакі яму хоць і з нэрвамі, але ўсё ж удалося дамагчыся. Зь лекамі пашчасьціла менш. Выпісаў лекар імпартны прэпарат ад сэрца, але бясплатна яго не далі:

«Рэцэпт яны забралі й сказалі, што будуць вырашаць, каб памяняць лекі на беларускія. Рэцэпт выпісаны, а ў аптэцы іх не даюць. Я пытаюся: як жа так, рэцэпт выпісаны? Яны: «Значыць, трэба пакараць таго лекара, які выпісаў». Кажу: кансыліюм быў, не адзін жа лекар выпісваў, што мне сапраўды патрэбныя такія лекі. У адказ: «Нічога ня ведаем — указ прэзыдэнта, толькі беларускія — ніякіх імпартных».
Калі ўжо адбіраюць мыліцы й кульбакі, то да чаго дакацілася гэтая краіна?

Павал Давыдзенка нарадзіўся ў 1940 годзе ў Жлобінскім раёне. Так значыцца ў дакумэнтах. Насамрэч ён старэйшы гады на тры — узрост запісалі «на вока». У вайну зазнаў дзіцячы канцлягер у Чырвоным Беразе й жыцьцё ў лесе на акупаванай тэрыторыі.

Служыў у войску на Поўначы, дзе набыў прафэсію кіроўцы. Працаваў у Сьветлагорскай аўтакалёне Гомельскага аблспажыўсаюзу.

Калі ў 1986 годзе ўзарваўся чацьвёрты блёк Чарнобыльскай АЭС, Паўла Давыдзенку як кіроўцу спажывецкае таварыства пасылала ў заражаныя радыяцыяй раёны вывозіць з крамаў у адселеных вёсках тавары й маёмасьць. Пэрыядычна езьдзіў у «зону» яшчэ і ў 1987-м. Праз тое й займеў праблемы са здароўем.

Давыдзенка мусіў зрабіць багата высілкаў, каб пацьвердзіць сваю працу ў 30-кілямэтровай зоне і ў 1997 годзе дамагчыся статусу чарнобыльскага ліквідатара, а затым — інваліда Чарнобылю, і праз суды — адпаведнай пэнсіі.
XS
SM
MD
LG