Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскрымінацыя ў ЭГУ і «Крамбамбуля» як сымбаль нацыі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
– У нас у Ізраілі нібыта ўсе габрэі, але... Як толькі пачынаюцца нафтагазавыя канфлікты, кожны за сваіх. – Распавёў неяк Барыс Штэрн, колішняя зорка беларускага FМ-, а цяпер ізраільскага TV-эфіру. – Я масквічам кажу: «Калі ваш цар гной лапатай заграбаў, у нас ужо кніжкі друкавалі». Крыўдзяцца:).

***

Ёсьць у Менску невялікая кавярня, дзе бармэнкай падпарацоўвае дзяўчына Алена. Калі за стойкай Алена, змаўкае «Рускае радыё» і «Шансон-ТВ». Часьцей за ўсё гучыць «Крамбамбуля». Я кажу выключна пра музыку. Дыскусіі ў бары могуць быць толькі між аматарам Manu Chao і Міхаіла Круга, а вось «Крамбамбуля» яднае ўсіх.
Што да беларускай мовы выканаўцаў, спрэчкі ніколі не ўзьнікае. Як не ўзьнікае пытаньняў, калі чуюць беларускую мову з вуснаў бармэнкі. Прынамсі, у сталых наведнікаў, ну хіба выпадковы зьдзівіцца, ды й тое – нэўтральна ці прыязна.

Нядаўна бармэнка нават абвестачку зрабіла: «Госьці, размаўляйце па-беларуску».

– З такімі запросамі канторка відавочна не квітнее, – адкамэнціў юзэр Dima Krushev.

Беларуская мова ніяк не адбілася на даходзе ўстановы. А ўплывае на даход прыветная і ўсьмешлівая Алена, якая мае да кожнага свой падыход.

***

– Расея і Беларусь – гэта адно цэлае. Ніхто ня здольны парушыць гэты сьвяты закон, – заяўляе галоўны начальнік краіны.

– Да беларускай нацыі стаўлюся цярпіма да таго часу, пакуль мяне не зачэпяць. Я лічу гэта дыскрымінацыяй, калі мне кажуць, што я абавязаная ведаць беларускую мову, калі маю беларускае грамадзянства. – Піша студэнтка ЭГУ пра свой канфлікт з кіраўніком студэнцкага самакіраваньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту на глебе неўжываньня беларускай мовы.

– Ці выкарыстоўваеце вы ў паўсядзённым жыцьці беларускую мову? – пытаецца папулярны рэсурс.

Асаблівасьць рэсурсу ў тым, што ён паўстаў з гаджэтавай барахолкі, і цяпер спрабуе разьвіваць журналістыку. Але ня столькі прафэсійную, колькі блогерскую. А аматарам дазволена значна больш – адказнасьці менш.

Простае блогерскае пытаньне, пад якім нармальная дыскусія з мноствам розным поглядаў.

У самім беларускім грамадзтве дыскусія па беларускай мове не вядзецца.

Ляп пра «дзьве самыя вялікія мовы ў сьвеце ангельскую і расейскую» прагучаў так даўно, ажно ў 1994-м, што ўжо нікім асабліва ня згадваецца.

***

Неяк я рабіў вулічнае апытаньне для Радыё Свабода: ці існуе ў Беларусі расейская дыяспара? Адна кабета адказала лёгкай трасянкай са шчырым зьдзіўленьнем: «Што вы, яны ж ужо даўно асыміляваліся!».
Беручы ўдзел у распрацоўцы ідэі «Будзьма беларусамі», я сфармуляваў сабе – што значыць быць беларусам з гледзішча грамадзкай кампаніі:

1. Ведаць мінімальны набор прынцыповых падзеяў з гісторыі.

2. Быць ляяльным да беларускай мовы і культуры.

3. Бачыць супольную зь іншымі беларусамі будучыню сваёй краіны.
Можна дадаць – і волю да стварэньня будучыні.

Словы кабеты з апытаньня толькі на першы погляд падаюцца парадаксальнымі. З аднаго боку, беларусы асыміляваліся моўна. Зь іншага, большасьць тых, хто прыехаў з Расеі, а пагатоў іх дзеці і ўнукі, атаясамліваюць сябе менавіта зь Беларусьсю, як незалежнай краінай.

Веданьне гістарычных падзеў, стаўленьне да беларускай мовы і бачаньне будучыні краіны аніяк не зьвязаныя з этнічным паходжаньнем.

Беларус з паходжаньня Лукашэнка хоча мяне пераканаць, што мая радзіма нічым не адрозьніваецца ад суседняй краіны. Беларус Лукашэнка ніколі публічна не дэманстраваў сваіх ведаў гісторыі Беларусі, лічыць беларускую мову беднай, на якой нельга выказаць нічога значнага, а будучыню краіны бачыць як будучыню часткі суседняй краіны, калі сыходзіць з заявы пра тое, што беларусы і расейцы – адзін народ (калі адзін народ, навошта дзьве краіны?).

Згодна з сацыялягічным дасьледаваньнем 2009, этнічны складнік у вызначэньні нацыянальнасьці называюць адно каля 35% жыхароў Беларусі. А вось тыя, хто выхаваны на беларускай культуры – больш за 40%. Паводле грамадзянства вызначаюць крыху больш за 10%, а паводле штодзённага ўжываньня беларускай мовы – 4,4 %.

Калі грамадзянін Беларусі аргумэнтуе сваё непрыняцьце беларускай мовы сваім этнічным паходжаньнем, ён няшчыры:

– Я расейка, мая сям'я расейская, мяне выхоўвалі ў расейскіх традыцыях, і беларускую мову я не вывучала.

Этнічны беларус можа лічыць сябе расейцам, а этнічны расеец – беларусам.

***

Я вітаю той працэс, які ідзе зь нізоў – ад юзэраў у сацыяльных сетках і на форумах.

Уласная этнічнасьць як абгрунтаваньне нелюбові да беларускай мовы – справа вельмі рэдкая, і, на мой погляд, беспэрспэктыўная. Часьцей за ўсё ўжываюцца такія аргумэнты:

– Беларуская мова апроч пары вучоных нікому больш не патрэбная.

– Трэба ў школах беларускую мову адмяніць на карысьць ангельскай. Людзям у жыцьці больш спатрэбіцца. (Рацыяналісты)

– Беларуская мова жахліва гучыць. (Коплекс трасянкі)

– Мёртвая мова. (І вучыў бы, ды нашто?)

То бок, ідэйных беларусафобаў як такіх амаль няма. Хутчэй людзі пакідаюць сабе выбар жыць без нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Пасіўную ролю.

Калі ў свабоднай інфармацыйнай прасторы распачаць публічную дыскусію пра статус і ролю беларускай мовы, гэта і можа быць адным з тых штуршкоў да абмеркаваньне таго, якую будучыню краіны ў цэлым бачыць большасьць жыхароў.

У нас у Беларусі, нібы ўсе беларусы, але як толькі гаворка заходзіць пра беларускую мову – «кожны за сваіх».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG