Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьбіраюць подпісы ў абарону Андрэя Гайдукова


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Прадстаўнікі грамадзкасьці зьбіраюць подпісы пад зваротам у абарону Андрэя Гайдукова.

«Мы лічым,што Андрэй Гайдукоў зьяўляецца палітвязьнем. Заклікаем беларускае і міжнароднае грамадзтва да салідарнасьці з Андрэем і яго роднымі. Мы просім міжнародную супольнасьць пільна сачыць за справай „шпіёна“ Гайдукова і прыкласьці ўсе намаганьні дзеля вызваленьня хлоца з-за кратаў», — гаворыцца ў звароце.

Зварот, які ініцыявалі актывісты праваабарончай групы «За волю», 24 красавіка накіруюць у амбасады і прадстаўніцтвы міжнародных праваабарончых арганізацый.

«Мы лічым Андрэя Гайдукова ня проста палітвязьнем, але вязьнем сумленьня. Ён не рабіў ніякіх гвалтоўных дзеяньняў, аднак затрыманы за свае погляды (…) А тое, што яго затрымалі за нібыта шпіянаж, дык гэта нагадвае 37-мы год, калі такіх спраў было вельмі шмат — больш за 60% ад усіх рэпрэсаваных», — заявіла Ганна Шапуцька, каардынатарка праваабарончай групы «За Волю».

Пад зваротам ужо падпісаліся: праваабаронца Алег Воўчак, гісторык Ігар Кузьняцоў, праваабаронца Уладзімер Раманоўскі, палітвязень Павал Севярынец, прадпрымлаьнік Алесь Макаеў, грамадзкія актывісты Алег Корбан, Тацяна Кім, Ніна Брагінская, Мікола Бамбіза, актывіст БХД Аляксей Шэін і іншыя.

23-гадовага Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада ў Віцебску. З тых часоў ужо амаль 6 месяцаў апаратчык наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» знаходзіцца ў СІЗА КДБ паводле абвінавачваньня ў агентурнай дзейнасьці. КДБ заявіў, што Гайдукова затрымалі ў момант закладкі схованкі са зьвесткамі палітычнага і эканамічнага характару, якія цікавяць замежныя спэцслужбы.

Да затрыманьня Андрэй займаўся актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, працаваў на каманду Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 году, удзельнічаў у «маўклівых акцыях пратэсту», зьяўляўся намесьнікам старшыні незарэгістраванага Саюзу маладых інтэлектуалаў, дзе займаўся міжнароднымі адносінамі, а таксама рыхтаваў дакумэнты для рэгістрацыі Саюзу маладых інтэлектуалаў у Беларусі. Да Гайдукова прыходзілі людзі з КДБ і папярэджвалі, што ў яго будуць праблемы, калі ён ня спыніць справу з рэгістрацыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG