Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патупчык 20 гадоў ня меў дачыненьня да энэргетыкі


Уладзімер Патупчык

Уладзімер Патупчык

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра энэргетыкі — ім стаў Уладзімер Патупчык.

На цырымоніі афіцыйнага прадстаўленьня міністра калектыву Мінэнэргетыкі кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Кабякоў заявіў, што спадару Патупчыку давядзецца яшчэ раз уважліва перагледзець структуру і функцыі міністэрства.

Адстаўкі ў энэргетычнай галіне адбыліся пасьля нарады 16 красавіка, на якой Аляксандар Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу Мінэнэрга. Ён заявіў, што вельмі незадаволены працай энэргетычнага комплексу, запатрабаваў дэталёва праверыць абгрунтаванасьць вызначэньня тарыфаў на цепла-і электраэнэргію. «Энэргетыкі ў нас сфармавалі супольнасьць, якую можна назваць «дзяржавай у дзяржаве». Гэта ўжо нейкая свая незалежная арганізацыя з элемэнтамі мафіі і банды»,— заявіў Лукашэнка.

Практычна адразу пасля нарады пасадаў пазбавіліся міністар энергетыкі Аляксандр Азярэц, яго першы намесьнік Эдуард Таўпянец і гендырэктар «Белэнерга» Аляксей Шырма.

Эканаміст, дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка так пракамэнтаваў прызначэньне Патупчыка міністрам энэргетыкі:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Прызначэньне гэта часовае, альбо, прынамсі, пастаўлены чалавек, які будзе выконваць нейкія элемэнтарныя функцыі. А там патрабуецца вялікая праца. Што тычыцца Міністэрства энергетыкі — там трэба праводзіць зачыстку, наводзіць элемэнтарны парадак. Таму што людзі за электраэнергію плацяць шмат. Дарэчы, у нас вытворчасьць аднаго гіга-вата цяпла з газу даражэй, чым у Нямеччыне».

Уладзімер Патупчык з 2006 па 2009 год быў міністрам працы і сацыяльнай абароны. Менавіта пры ім былі скасаваныя льготы для пэнсіянэраў і чарнобыльцаў, студэнтаў. «Льготы — найбольш неэфэктыўная і затратная форма сацыяльнай падтрымкі грамадзянаў», — заявіў тагачасны міністар працы і сацыяльнай абароны.

У 2009 годзе спадар Патупчык пайшоў у віцэ-прэм’еры — курыраваў ва ўрадзе сацыяльную сфэру. У 2011 годзе быў прызначаны намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. А вось ад 2012 года па сёньняшні дзень ён не займаў ніякіх пасадаў і знаходзіўся ў кадравым рэзэрве кіраўніка дзяржавы. Праз паўтара года адпачынку знайшася пасада і для яго.

Эканаміст Міхал Залескі з гэтай нагоды кажа:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«У мяне складваецца ўражаньне, што Аляксандру Рыгоравічу няма каго ставіць на адказныя пасады. Бо, здаецца, Міністэрства энергетыкі павінен узначальваць энергетык, з мафіяй змагацца — міліцыянт. А Патупчык — ён добры чалавек, але гэта не прафэсія. Ён здольны выканаць загад. Калі будзе загад — павысіць тарыфы, то ён будзе іх пераглядаць. Калі будзе разгляд льготаў — ён будзе іх пераглядаць, ён умее».

Дарэчы, спадар Патупчык некалі меў невялікі досьвед працы ў энергетычнай галіне — у пачатку 80-х ён быў машыністам-абходчыкам турбіннага абсталяваньня Мазырскай ЦЭЦ, машыністам турбін і начальнікам зьмены Сьветлагорскай ЦЭЦ, намесьнікам начальніка цэнтральнай службы «Гомельэнерга». Але ўжо амаль 20 гадоў ніякага дачыненьня да энергетыкі ня меў.

Зь імем Уладзімера Патупчыка зьвязана і яшчэ дзьве гісторыі. У 2007 годзе ён зьбіў на асабістым аўто чалавека, які пазьней памёр. Віны Патупчыка сьледзтва не знайшло. Да мінулага года ўзначальваў Фэдэрацыю лёгкай атлетыкі, аднак пасьля правалу на Алімпіядзе ў Лёндане і скандалу з трэнэрам Бадуевым быў зьняты з пасады.
XS
SM
MD
LG