Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёзунг абнаўленьня супярэчыць самой натуры Лукашэнкі»


Ці сьведчыць пасланьне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што кіраўніцтва дзяржавы мае адэкватнае разуменьне тых праблемаў, якія на сёньня найбольш актуальныя для краіны? Ці пераканаў беларускі прэзыдэнт, што ўлада сапраўды гатовая ісьці на глыбокую эканамічную мадэрнізацыю? Ці можна ахарактарызаваць апошнія эканамічныя дзеяньні афіцыйнага Менску як спробы процістаяць расейскаму ціску?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і блогер Віктар Малішэўскі.

Цыганкоў: Што вам найбольш запомнілася з выступу кіраўніка краіны? Ці сьведчыць прамова Аляксандра Лукашэнкі, што ён мае адэкватнае разуменьне тых праблемаў, якія на сёньня найбольш актуальныя для краіны?


«Трэба прымаць „нейкія новыя рашэньні“»


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: Для Аляксандра Лукашэнкі галоўная задача — як захаваць сваю ўладу максымальна доўга. І паколькі ён трымаецца ва ўладзе даволі доўга, то лёзунгі падчас ягонага прэзыдэнцтва ўжо не аднойчы мяняліся. Некалі ён прыйшоў да ўлады пад лёзунгам вяртаньня ў сьветлую мінуўшчыну, потым ён апяваў стабілізацыю. Але сёньня гэта ўжо не праходзіць, і Лукашэнка вымушаны наступаць на горла ўласнай песьні і праклямаваць лёзунг абнаўленьня.

Але відавочна, што гэта супярэчыць самой натуры Лукашэнкі. Бо ён сам рэтраград. Прыйшоў да ўлады ў 20-м стагодзьдзі і хацеў бы кіраваць краінай як сярэднявечны манарх, а тут даводзіцца адказваць на выклікі 21-га стагодзьдзя. Гэта выклікае ў Лукашэнкі вялікі дыскамфорт, і ў выніку ўсё зводзіцца да таго, што ён прапануе ўліваць новае віно ў старыя мяхі.

Віктар Малішэўскі
Віктар Малішэўскі
Малішэўскі: Лёзунгі могуць быць самыя розныя — важна тое, як яго пачуюць. Я, напрыклад, толькі перачытваючы потым пасланьне, убачыў, што Лукашэнка, аказваецца, сфармуляваў тры нацыянальныя праекты, тры патрабаваньні часу. Але я так разумею, што гэта было з напісанага яму кімсьці — абы каб прагаварыць, бо, маўляў, пасланьне гэтага патрабуе.

Зь іншага боку, я пачуў шмат рэчаў, больш канкрэтных і цікавых. Напрыклад, мне спадабалася цытата прэзыдэнта, што трэба прымаць «нейкія новыя рашэньні». І калі ў стратэгічным праграмным выступе прэзыдэнт кажа пра «нейкія новыя рашэньні» — гэта паказвае, што ніякіх новых рашэньняў у Лукашэнкі няма. Ён ведае, што трэба нешта рабіць, трэба нешта мяняць, а што менавіта — ён не разумее.

Таксама мяне ўразіла, як Лукашэнка двойчы вяртаўся да тэмы карупцыі. Прагаварыў яе адзін раз, потым зноў зьвяртаўся да чыноўнікаў і пераконваў іх, каб ня кралі. Потым ён гаворыць пра мадэрнізацыю і кажа, што гэта ня можа быць манілаўшчынай. То бок ён бачыць, што ягоныя пляны выконваюцца фармальна. І тут відаць, што ён асабліва не давярае чыноўнікам. Разам з тым ён называе канкрэтную лічбу чыноўнікаў (13 617 чалавек), якія будуць скарочаныя...

Цыганкоў: Дакладная лічба павінна выклікаць большы давер у слухачоў...

Малішэўскі: Так, менавіта так. І гэта ці не адзіная дакладная лічба ў пасланьні. І, заўважце, Лукашэнка кажа пра абнаўленьне і мадэрнізацыю, але пры гэтым кажа пра «пяцігодкі». Мяркую, гэта вельмі шмат выдае.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Апошнія месяцы ці не галоўным у лексыконе беларускай улады было слова «мадэрнізацыя». Зыходзячы з пасланьня — ці стварылася ў вас уражаньне, што менавіта мадэрнізацыя — асноўная мантра і мэта ўлады? Ці пераканаў Лукашэнка ў тым, што ўлада сапраўды гатовая ісьці хаця б на эканамічную мадэрнізацыю?

«Лукашэнка ня можа ігнараваць той факт, што ў грамадзтве існуе і пашыраецца запатрабаваньне на перамены»

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч
Старыкевіч: Тое, што Лукашэнка разумее пад «мадэрнізацыяй», і тое, што мы разумеем пад «мадэрнізацыяй», — гэта дзьве розныя рэчы. Калі вы зьвярнулі ўвагу, мадэрнізацыя паводле Лукашэнкі аказваецца ў нас ужо на фінальнай стадыі. І яна павінна быць скончаная ў лепшых савецкіх традыцыях да 7 лістапада.

Проста Лукашэнка ня можа ігнараваць той факт, што ў грамадзтве існуе і пашыраецца запатрабаваньне на перамены. Таму ён скарыстоўвае рыторыку пра абнаўленьні і мадэрнізацыю, але за ёй нічога не стаіць. Бо Лукашэнка зацікаўлены не ў пераменах, а ў захаваньні «статус-кво», і будзе рабіць усё менавіта ў гэтым рэчышчы.

Класкоўскі: З аднаго боку, Лукашэнка разумее, што сапраўды трэба нешта мяняць, бо празь некалькі гадоў беларускі тавар можа проста вылецець з усіх рынкаў. Сваё разуменьне мадэрнізацыі ён калісьці сфармуляваў і фактычна паўтарыў гэтыя тэзы — «пафарбаваць сьцены і паставіць новыя станкі». Гэта на самой справе бліжэй да парадыгмы сталінскай індустрыялізацыі — але эпоха ня тая.

Заўважце, Лукашэнка нідзе ня кажа пра зьмены вытворчых дачыненьняў. Лукашэнка хоча, каб гэтыя «чырвоныя дырэктары» раптам бязь зьменаў адносінаў уласнасьці сталі бізнэсмэнамі. Але ж з-пад пугі гэта ня робіцца. Калі гэты дырэктар прыглядае за казённай маёмасьцю, то ён ніколі ня стане паводле сваёй псыхалёгіі сапраўдным прадпрымальнікам. Нармальны бізнэсовец ня будзе сам у сябе красьці.

Сама сыстэма заганная, аднак замахвацца на сыстэму Лукашэнка не дазваляе і ўсю прамову палемізуе зь нейкімі ўяўнымі ворагамі зь «пятай калёны», даводзячы, што ягонае разуменьне мадэрнізацыі правільнае. Размовы пра рэформы не вялося, і таму выглядае, што гэтая ўладная «мадэрнізацыя» сапраўды можа скончыцца пшыкам.

Цыганкоў: Аляксандар Старыкевіч, вы заўважылі, што Лукашэнка гаварыў пра абнаўленьне, бо ў грамадзтве існуе запатрабаваньне на перамены. Магчыма, тэма карупцыі таксама была кінутая як пэўная костка грамадзтву, электарату, які заўсёды рэагуе на такія праблемы. Дык ці было пасланьне, на вашую думку, скіраванае якраз найперш да шырокага грамадзтва — ці да чыноўнікаў, намэнклятуры?

Старыкевіч: Мне падаецца, што найбольш гэтая прамова была накіраваная да шырокай публікі. Ёсьць іншыя мэханізмы даносіць да чыноўнікаў ці дырэктараў пэўныя тэзісы, дзеля гэтага не абавязкова выступаць з такімі прамовамі. Я пачуў пераважна папулісцкія заявы, за якімі не стаяць рэальныя справы.


«Лукашэнка скасаваў прыватызацыю»


Цыганкоў: Калі казаць пра тую частку пасланьня, што прысьвечаная замежнай палітыцы — то ці падаецца, што афіцыйны Менск апошнім часам зрабіў некалькі эканамічных крокаў, якія можна расцаніць як антырасейскія. Гэта і купля «Беларуськаліем» 30% акцыяў Клайпедзкага порту. Гэта і словы Лукашэнкі пра тое, што ён сумняваецца ў мэтазгоднасьці зьліцьця беларускага МАЗа і расейскага КамАЗа. Ці можна ахарактарызаваць гэтыя дзеяньні і заявы як тое, што Лукашэнка імкнецца процістаяць расейскаму эканамічнаму ціску?

Малішэўскі: Я ня ўбачыў, што Лукашэнка процістаяў чамусьці расейскаму. Увогуле, Лукашэнка казаў пра прыватызацыю даволі кансэрватыўна: маўляў, «калі вы хочаце распрадаваць краіну, то гэта не са мной». Я параўнаў, што Лукашэнка казаў год таму пра прыватызацыю: там было пазытыўна, цяпер — нэгатыўна. Думаю, калі летась ён рабіў заявы пра прыватызацыю, то ў выніку яму не ўдалося атрымаць добрыя грошы, яму не прапанавалі тых грошай, на якія ён разьлічваў, і ён вырашыў гэтую прыватызацыю скасаваць.

Лукашэнка ўвогуле як бы абараніў Расею чарговы раз, заявіўшы, што ўмовай дыялёгу з Эўропай будзе тое, што яны будуць патрабаваць адысьці ад Расеі, а гэтага ня будзе.

Класкоўскі: Фактычна Лукашэнка нічога новага не сказаў. Ён заўсёды ўпіраўся рогам і даваў адлуп спробам расейскага капіталу прысабечыць ласыя кавалкі беларускай маёмасьці. І як заўжды гэта камуфлявалася рыторыкай, так і цяпер: спачатку пра векавую дружбу з усходнімі братамі, а потым пра тое, як гэтыя браты нас «нахіляюць», хочуць распатроніць наш МАЗ, каб мы тут толькі паўвосі і кузавы рабілі, фактычна разбурыць легендарны брэнд, каб дагадзіць замежным канкурэнтам. І фінальнай красамоўнай фразай было — «Я ў гэтай бандыцкай схеме ўдзельнічаць ня буду». І гэта «наш адказ Чэмбэрлену» — у дадзеным выпадку Пуціну, бо той ужо тры гады мусіруе гэтую тэму зьліваньня МАЗа і КамАЗа.

І тут Лукашэнку можна зразумець, бо тут ідзе наслаеньне. Па-першае, ён увогуле баіцца ўсялякай прыватызацыі. Калі справа тычыцца расейскага капіталу, то дай ім волю, яны сапраўды скупяць усю Беларусь са сваімі шалёнымі грашыма. Іншая справа, што і заходні капітал сюды не ідзе, таму атрымліваецца нявыкрутка. Добра, хай бы ішлі сынгапурцы ды іншыя азіяты. Але ж і яны ня дурні, пагугляць і ўбачаць, як тут цукерачныя фабрыкі могуць за тры хвіліны адабраць.

Цыганкоў: Лукашэнка гучаў даволі міралюбна ў дачыненьні да заходніх краінаў, аднак, зь іншага боку, не прапанаваў нейкіх радыкальных сродкаў для паляпшэньня дачыненьняў. Ці дала ягоная прамова падставы меркаваць, што адносіны з Захадам могуць палепшыцца, што для гэтага ёсьць нейкія падставы?

«З пункту гледжаньня „добра, што не мачыў“ — гэта бясспрэчная прыкмета адлігі з Захадам»


Малішэўскі: Я думаю, так. Добра ўжо тое, што ён ня стаў «мачыць» Захад, выказваць прэтэнзіі, не казаў пра палітзьняволеных. Вядома, Лукашэнка ў сваёй манеры ссунуў акцэнты, заявіўшы — «ня трэба нас угаворваць уводзіць аднаполыя шлюбы». Натуральна, ніхто і не спрабуе ўвесьці гэта ў Беларусі. І, відавочна, гэта было сказана для шырокіх масаў насельніцтва.

І тое, што, у адрозьненьне ад папярэдніх пасланьняў, Лукашэнка не крытыкаваў замежных паслоў, якія сядзяць у залі, не зьвяртаўся да іх — гэта добры сыгнал для Захаду, што ўсё будзе вырашацца на іншым узроўні, не публічна.

Цыганкоў: Лукашэнка ў сваім стылі дэмагагічна павярнуў сытуацыю ў такім аспэкце, што «ў нас нестыкоўкі з Захадам таму, што ён патрабуе ад нас увядзеньня аднаполых шлюбаў».

Малішэўскі: Так, гэта характэрны прыём прэзыдэнта, ён ня раз яго выкарыстоўваў. І гэтым разам атрымалася някепска.

Цыганкоў: Аляксандар, ці ёсьць уражаньне, што Лукашэнка дастаткова сур’ёзна зацікаўлены ў паляпшэньні адносінаў з Захадам, але пакуль баіцца надта шмат ставіць на гэта і вельмі асьцярожна прамацвае гэтую тэму?

Старыкевіч: У самім пасланьні нічога радыкальна новага на гэтую тэму не было. Натуральна, што пасажы наконт сэксуальных меншасьцяў адрасаваліся электарату. Так што калі зыходзіць з пункту гледжаньня «добра, што не мачыў», то тады гэта бясспрэчная прыкмета адлігі ў адносінах з Захадам. Натуральна, гэта працяг трэнду на чарговую спробу палепшыць адносіны з Эўразьвязам і ЗША.

Старыкевіч: Але трэба казаць не пра словы, а пра канкрэтныя крокі. І такія рашэньні, як тое, што прыняў Ашмянскі суд у дачыненьні да фотаальбома, які прызнаны экстрэмісцкім, — ніяк не спрыяюць таму, каб тэма паляпшэньня набывала нейкае рэальнае аблічча.

Цыганкоў: Але ж нікога не пасадзілі — скажа Лукашэнка... А што прызналі экстрэмісцкім — ну, гэта наша ўнутраная справа, любіце нас такімі, якія ёсьць...

Старыкевіч: Каханьне — рэч добраахвотная. Калі табе нехта не падабаецца, наўрад ці ты яго будзеш любіць.


«Гэта была адна з самых кансэрватыўных прамоваў прэзыдэнта»


Класкоўскі: Я яшчэ адзначу, што Лукашэнка павесіў адказнасьць за нашы эканамічныя нягоды на Захад. Маўляў, там крызіс, таму ў нас падае экспарт. Але тут падтасоўка. Праблема ня ў гэтым, а ў тым, што Расея прыкрыла схемы з распушчальнікамі.

Калі ж вяртацца да пэрспэктывы дачыненьняў з Захадам, дык тут адбыўся майстэрскі перавод стрэлак. Высьветлілася, што, акрамя 12 патрабаваньняў Захаду, ёсьць яшчэ трынаццатае, пра якое ніхто ня ведае — увесьці аднаполыя шлюбы. Натуральна, што гэта грубы піяр, разьлічаны на гамафобныя стэрэатыпы ў беларускім грамадзтве.

Але для мяне было паказальным, што Лукашэнка як бы між іншым прагаварыўся, што ў нас усё нармальна з амэрыканцамі і эўрапейцамі наконт уступленьня Беларусі ў СГА. І гэта было вельмі паказальна — ёсьць разьлічаная на публіку рыторыка, а зь іншага боку, за кулісамі ідзе прагматычная гаворка.

І тыя самыя 30 мільёнаў, укладзеныя ў Клайпедзкі порт — гэта па-свойму моцны крок. Па-першае, гэта гарантыя, што беларускі транзыт ня будзе перакінуты на расейскія парты. Па-другое, гэта зьвязвае рукі тым самым літоўцам — паспрабуй тут цяпер паваюй эканамічныя санкцыямі. Тым самым Лукашэнка «ловіць» эўрапейцаў на іхніх эканамічных інтарэсах. То бок беларускі кіраўнік зноў у сваім стылі спрабуе разгойдаць геапалітычныя арэлі і па-ранейшаму манэўраваць паміж Усходам і Захадам.

Малішэўскі: Цікава, што Лукашэнка ўпершыню сказаў, што ён адарваны ад жыцьця простых людзей. Адказваючы на пытаньне дэпутата, ён сказаў, што дэпутаты бліжэй да людзей. Раней ён такога сабе не дазваляў.

Другое: пры тым, што мэта пасланьня была сфармуляваная як абнаўленьне краіны — гэта была адна з самых кансэрватыўных прамоваў прэзыдэнта. Там быў поўны адкат назад па эканоміцы, адмова ад прыватызацыі, кантроль за цэнамі.

Лукашэнка сфармуляваў тры патрабаваньні часу — хуткасьць, гнуткасьць і творчасьць. І калі б ён прымяніў гэтыя патрабаваньні да сваёй улады, сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, то атрымалася б, што краіна не адпавядае гэтым патрабаваньням часу.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG