Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак паскардзіўся ў ААН на ўмовы ў беларускіх турмах


Праваабаронца Алег Воўчак накіраваў скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН на менскую турму на вуліцы Акрэсьціна, каб прымусіць адміністрацыю палепшыць умовы для адміністрацыйна затрыманых грамадзянаў і дамагчыся кампэнсацыі.

Скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН Алег Воўчак накіраваў поштай, але не зь Беларусі, а з суседняй краіны. «Гэтак надзейней», — тлумачыць праваабаронца. Алег Воўчак скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў турме на Акрэсьціна, дзе ён адбываў пакараньне ў 2012 годзе. Гэтыя ўмовы ён лічыць прыніжальнымі, а абыходжаньне супрацоўнікаў адміністрацыі — бесчалавечным:

«Умовы ў такіх установах павінны быць чалавечымі, а не наадварот. У лютым і нават у траўні, калі я там быў, было вельмі холадна. Гэта адбілася на маім здароўі, у прыватнасьці на хрыбетніку. Да скаргі прыкладаю і даведку ад лекараў. Праляжаць дзевяць гадзін на падлозе ды яшчэ на скразьняку — гэтак і здаровы ёг можа прастудзіцца».

Чаму Алег Воўчак скардзіцца ў ААН? Праваабаронца тлумачыць, што двойчы адносіў скаргу ў Маскоўскі суд Менску, але там нават не прымалі яе да разгляду — казалі, што ўстанова, на якую ён скардзіцца, не падпадае пад судовы разгляд. Скаргі ў пракуратуру мелі той самы вынік.

Алег Воўчак

Алег Воўчак

Пакуль праваабаронца хадзіў са скаргамі па інстанцыях, менская гарадзкая міліцыя пачала рамонт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Тады Воўчак зьвярнуўся да міліцыянтаў з просьбай паведаміць, ці будуць у выніку рамонту выпраўленыя недахопы, якія ён адзначаў у скаргах. «Мне нічога не адказалі», — паведаміў сёньня карэспандэнту Свабоды праваабаронца. Аналягічная просьба Радыё Свабода да прэсавай службы гарадзкой міліцыі пакуль таксама аказалася ня выкананая: супрацоўнік прэс-службы паабяцаў «пазваніць пазьней».

Ці адрозьніваюцца ў лепшы бок умовы ўтрыманьня адміністрацыйна асуджаных у іншых гарадах Беларусі?

Паводле актывісткі праваабарончай установы «Плятформа інавэйшн» Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, у рэгіёнах такія ўстановы яшчэ горшыя, чым у сталіцы:

Алена Красоўская-Касьпяровіч

Алена Красоўская-Касьпяровіч

«Сытуацыя бывае проста катастрафічная. Акрамя таго, што там умовы ўтрыманьня горшыя — холадна, ды іншыя недахопы — дык яшчэ могуць і карміць толькі раз на дзень. Мы скардзіліся на жодзінскі Цэнтар ізаляцыі ў гэтым сэнсе, бо чалавек, які там сядзеў, паведаміў, што кармілі часам адзін раз на дзень, максымум два разы. Ня кажучы ўжо пра адсутнасьць вады, бо рэгулярна ваду перакрывалі, адсутнасьць пасьцельных рэчаў, дрэннае паветра, адсутнасьць вады для піцьця і гэтак далей».

Праваабаронца зь Берасьця Раман Кісьляк заўважае, што звычайна ў старых будынках умовы ў ізалятарах значна горшыя. І ўсё ж праваабаронцы спадзяюцца ня толькі на рамонт ці пераезд ізалятараў у новыя будынкі, але і на скаргі і пратэсты грамадзянаў, як было з гарадзкім ЦІП у Берасьці:

Раман Кісьляк

Раман Кісьляк

«Крыху стала лепей. Зьявіліся супрацоўнікі адміністрацыі жаночага полу, якія працуюць з жанчынамі-вязьнямі. Пачалі выдаваць пасьцельную бялізну. Зьліквідавалі гэтак званыя „беспамерныя“ камэры, дзе людзі спалі на драўляных подыюмах. Гэтак стала пасьля рамонту 2008 году. Але, тым ня меней, і пахі, і недахоп сьвежага паветра, і агульны санітарны стан — гэта ўсё патрабуе паляпшэньня. То бок захады былі зробленыя палавіністыя, і яшчэ немагчыма сказаць, што негуманнага абыходжаньня зь вязьнямі ў нас няма».
XS
SM
MD
LG