Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ратаваць помнік? Будзе распараджэньне — тады зоймемся»


На Шклоўшчыне ў вёсцы Фашчаўка разбураецца помнік, усталяваны ў гонар сьвятога Сымпліцыяна.

Драўляная скульптура на чатырохмэтровым пастамэнце амаль спарахнела. У ёй ужо не пазнаць збройнага рыцара. На пастамэнце дзе-нідзе яшчэ захаваўся стары тынк, але прыкметы разбурэньня таксама навідавоку.

Помнік стаіць на ўскрайку невялікіх вясковых каталіцкіх могілак. Высачэзны пастамэнт з драўлянай скульптурай здалёк кідаецца ў вочы. Зблізу абветраная стэла нагадвае пра тыя старасьвецкія часіны, калі людзі тут верылі ў Бога і дбалі пра свае сьвятыні.​

Вяскоўцы спрабавалі заштукаваць выветраныя ў пастамэнце дзіркі цэмэнтам. Цяпер цэмэнтныя пляміны вылучаюцца на чырвоным тле цаглянай кладкі. Саму драўляную скульптуру ўжо наўрад ці ўратуеш, са скрухай зазначае вясковы старажыл, васьмідзесяцігадовы Віктар Рэянтовіч. Зь якой нагоды і калі ўзьведзены помнік, стары пэўна ня ведае, але пераказвае вясковую легенду:

«Некалі ў Фашчаўцы бунт быў. Сяляне ўзьнялі. Дачуліся, што Расея хоча тут узьвесьці праваслаўную царкву, і ўзбунтаваліся фашчаўскія жыхары. Была маленькая бітва. І забілі гэтага Сымпліцыяна. І на могілках яго пахавалі, і там жа яму помнік паставілі...»

Крыж, усталяваны на месцы разбуранага касьцёлу

Крыж, усталяваны на месцы разбуранага касьцёлу


Фашчаўка — адна зь сямі вёсак, як кажуць дасьледнікі, каталіцкай «выспы» на Шклоўчыне. У першай палове сямнаццатага стагодзьдзя тут узьвялі касьцёл Наведаньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. У ім была езуіцкая місія. Старыя вяскоўцы з гонарам кажуць, што сьвятыня была самай вялікай у Беларусі і што ейны аналяг нібыта ёсьць у Вільні.

Надпіс на крыжы, усталяванага на месцы разбуранага касьцёлу

Надпіс на крыжы, усталяванага на месцы разбуранага касьцёлу


Паводле дасьледніка гісторыі каталіцызму ксяндза Караля Тамецкага, у фашчаўскай парафіі на пачатку 20 стагодзьдзя на службах ужывалася выключна беларуская мова. За савецкім часам касьцёл быў і клюбам, і зернясховічам. Урэшце сьвятыню зьнішчылі. Цяпер на яе месцы крыж. А вось помнік сьвятому Сымпліцыяну ўсё яшчэ стаіць. Тых, хто бачыў драўляную скульптуру на помніку непашкоджанай, у вёсцы ўжо няма. Засталіся толькі ўспаміны. Фашчаўская жыхарка Марыя Іванаўна апавядае:

«Гэта сьвяты Сымпліцыян — як з дрэва выразаны чалавек. Ён быў на штыры. Там жа яшчэ відаць, кавалак дрэва тырчыць. Бабці апавядалі, што ён паварочваўся ў той бок, адкуль вайна ідзе. Ён круціўся. Але цяпер згніў, і нічога там няма».

Каб адрамантаваць помнік, кажа старая, у мясцовай каталіцкай грамады няма ані сродкаў, ані спэцыялістаў.

Стоячы ля помніка, ужо Віктар Рэянтовіч са спадзевам зьвяртаецца праз журналіста са зваротам, як ён кажа, да сьвету:

«Мы б хацелі, каб нейкае начальства зьвярнула ўвагу на гэты помнік і, можа, паспрыяла, каб яго адрамантавалі. Прыяжджалі б да нас турысты. Фашчаўка была б больш вядомай вёскай. Няма ў нас такога рашучага чалавека, хто б заняўся гэтай справай. А мы, насельніцтва, дапамаглі б матэрыяльна...»

Помнік сьвятому Сымпліцыяну ня мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Прынамсі, ахоўных шыльдаў на ім няма. У адміністрацыі мясцовага сельгаспрадпрыемства экспэрымэнтальнай базы «Спартак» на пытаньне, ці магла б гаспадарка дапамагчы ратаваць помнік, адказалі, што журналіст ня ў час зьвярнуўся. «Калі будзе распараджэньне з выканаўчай улады, то зоймемся», — адказаў супрацоўнік адміністрацыі.

Хатка-капліца, дзе зьбіраюцца фашчаўскія каталікі

Хатка-капліца, дзе зьбіраюцца фашчаўскія каталікі


У Фашчаўцы — аграгарадок. Ён забудаваны тыпавымі катэджамі. Узводзяцца новыя. Ля парку, на месцы якога некалі ладзіліся каталіцкія фэсты, куды зьяжджаліся пілігрымы з усёй Магілёўшчыны, пракладаюць газ. На паверхню вывернутая цэгла. У Віктара Рэянтовіча пытаюся: «Адкуль яна?» Стары адказвае, што з пабуранага касьцёла. Цэглу бралі пракладаць дарогу. Бяру на памяць кавалак чатырохсотгадовай касьцёльнай цэглы. Цагліну бярэ і мой спадарожнік Віктар Ёсіфавіч, кажа — захаваю...

Цэглу з разбуранага Фашчаўскага касьцёлу Наведваньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі выкарыстоўвалі ў пабудове дарогі. Цяпер, калі пракладалі ў вёсцы газ, яе вывернулі на паверхню.

Цэглу з разбуранага Фашчаўскага касьцёлу Наведваньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі выкарыстоўвалі ў пабудове дарогі. Цяпер, калі пракладалі ў вёсцы газ, яе вывернулі на паверхню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG