Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» заклікае далучыцца да шэсьця і мітынгу 26 красавіка, прымеркаваных да ўгодкаў аварыі на ЧАЭС.

Напярэдадні гадавіны Чарнобыля сябры аргкамітэту таксама маюць намер пабываць у пацярпелых ад аварыі рэгіёнах Беларусі.

«Чарнобыльскі шлях» распачнецца шэсьцем ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Акцыя пройдзе з дазволу гарадзкіх уладаў, можна будзе выкарыстоўваць транспаранты, лёзунгі і сьцягі. Пра патрэбу такой акцыі гаворыць адна зь сяброў аргкамітэту, эколяг Тацяна Новікава:

Тацяна Новікава

Тацяна Новікава

«Асноўнае прызначэньне гэтай акцыі — гэта нагадаць пра праблемы Чарнобыля, пра тое, што і праз 26 гадоў Чарнобыль працягвае забіваць. „Чарнобыльскі шлях“ застаецца адзінай дазволенай уладамі акцыяй, на якой у нас ёсьць магчымасьць сказаць аб праблемах Чарнобыля, аб праблемах атамнай энэргетыкі».

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» таксама паведамілі, што напярэдадні менскай акцыі яны пабываюць у рэгіёнах. Аб’яднаная грамадзянская партыя заплянавала пікет у Астраўцы, і 26 красавіка лідэры партыі зьбіраюцца наведаць гэты горад. Таксама сябры аргкамітэту, у прыватнасьці чальцы Беларускага народнага фронту, кампаніі «Гавары праўду» і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, намерваюцца 25 красавіка пабываць на Гомельшчыне — у забруджаных Хойніцкім і Брагінскім раёнах. Сябра аргкамітэту Ўладзімер Някляеў, у прыватнасьці, адзначыў:

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Чарнобыльская праблема ня мусіла стаць палітычнай, але яна стала палітычнай. Яна стала палітычнай у 1986 годзе, калі тагачасны савецкі рэжым пачаў дурыць людзей, якім наўпрост пагражала небясьпека, што ніякай небясьпекі няма. Сёньняшні рэжым — цалкам спадкаемец рэжыму таго: нас стараюцца абалваніць, выдаюць чорнае за белае. Гэтая сёньняшняя сыстэма ўлады — гэта тая ж самая сыстэма татальнай маны, якая была ў 1986 годзе. Сказаць мане «Не!» — вось палітычная задача, якую мы павінны вырашаць у гэтай краіне, у тым ліку і праз такую акцыю, як «Чарнобыльскі шлях».

Падчас «Чарнобыльскага шляху» будуць зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама ахвяраваньні для анкалягічна хворых дзяцей у Бараўлянах. Сябры аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху» таксама абвясьцілі пра стварэньне Нацыянальнага экалягічнага камітэту імя Івана Нікітчанкі, які будзе дзейнічаць стала і займацца праблемамі экалёгіі. Гаворыць Віктар Івашкевіч:

Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

«З аднаго боку, экалягічныя канфлікты нарастаюць: людзі выступаюць у абарону сквэраў, супраць будаўніцтва хімічнага камбінату ў сваёй мясцовасьці. А зь іншага боку, гэтыя лякальныя канфлікты не ўсьведамляюцца ўсім грамадзтвам. Сёньня неабходная доўгатэрміновая асьветніцкая праца сярод людзей. Таму было прынятае рашэньне аб стварэньні Нацыянальнага экалягічнага камітэту імя Івана Нікітчанкі, каб весьці гэтую працу не за месяц да наступнай даты, а ўвесь час».

«Чарнобыльскі шлях» у Менску завершыцца традыцыйным ускладаньнем кветак і запальваньнем сьвечак каля капліцы ў памяць ахвяраў Чарнобыля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG