Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
28 красавіка 1947 году ў пэруанскім порце Кальяа вайсковы карабель «Гуардыян Рыё» узяў на буксір невялікі плыт з бальсавага бярвеньня і пацягнуў яго ў адкрыты акіян. На плыце, які меў гордую назву «Кон-Тыкі», сядзелі нарвэскі дасьледчык і падарожнік Тур Хэердал і зялёны папугай і ліхаманкава думалі, як патлумачыць афіцэрам пэруанскага вайскова-марскога флёту, што на беразе засталіся астатнія пяцёра ўдзельнікаў экспэдыцыі. Але ўсё абышлося, па іх паслалі шлюпку, «Гуардыян Рыё» некалькі разоў прагудзеў на разьвітаньне — і «Кон-Тыкі» зь пяцьцю нарвэжцамі, швэдзкім мастаком і папугаем на борце застаўся ўрэшце ў адзіноце сярод сямісот зь лішкам мільёнаў кубамэтраў вады.

Напэўна, гэта таксама магло б як найлепш прадэманстраваць адрозьненьне чалавека ад іншых, не такіх легкадумных жывёлаў: наўрад ці зялёны папугай стаў бы добраахвотна рызыкаваць жыцьцём дзеля таго, каб давесьці сьвету, што шмат гадоў таму інкі былі здольныя даплыць на сваіх плытах да выспаў Палінэзіі. Але 33-гадовы Тур Хэердал, завадатар і кіраўнік экспэдыцыі, быў з тых людзей, якім на адным месцы не сядзіцца, якіх вечна «цягнуць санкі з дому» — ці бальсавыя індзейскія плыты. А калі ўлічыць, што да дваццаці двух гадоў ён панічна баяўся вады і ня ўмеў плаваць, і прыгадаць пры гэтым пра тыя самыя сямсот зь лішкам мільёнаў кубамэтраў, дык міжволі пагодзішся з Саціным з горкаўскай п’есы з акіянічнай назвай «На дне»: часам слова «чалавек» гучыць ня менш горда, чым слова «папугай».

А пачалося ўсё некалькі гадоў перад тым у Нью-Ёрку. Дасьледаваньне Хэердала, у якім ён даводзіў, што сучасныя палінэзійцы — нашчадкі паўднёваамэрыканскіх індзейцаў, сур’ёзныя вучоныя ніяк не хацелі ўспрымаць сур’ёзна. «Ніводзін з індзейскіх народаў не перасяляўся на выспы Ціхага акіяну, — сказаў нарэшце адзін з такіх навукоўцаў Хэердалу проста ў твар. — Яны не маглі гэтага зрабіць, бо не маглі туды даплыць! Яны ня мелі лодак!»

«Яны мелі плыты», — асьцярожна зазначыў нарвэжац.

Вучоны паглядзеў на Хэердала, як сын бога сонца Тыкі на лямпачку. І зьедліва адказаў:

«Хе-хе... А вы паспрабуйце даплыць з Пэру да ціхаакіянскіх выспаў на бальсавым плыце...»

Сам таго ня ведаючы, стары скептык, які нават не парупіўся дачытаць да канца працу Хэердала, падаў ідэю самага вар’яцкага падарожжа дваццатага стагодзьдзя. Ён і не ўяўляў сабе, як моцна зачапілі ўпартага нарвэжца і гэты скепсыс, і гэтая самаўпэўненасьць, і гэты недавер... Тэарэтык меў тэорыю і дрэнна ведаў як Хэердала, так і Гётэ — бо, як вядома зь літаратуры, любая тэорыя, майн фройнд, сухая і па сваіх уласьцівасьцях саступае ня толькі елцы і асіне, але і бальсаваму дрэву.

Праз сто адзін дзень падарожжа «Кон-Тыкі» прыбіла да аднаго з атолаў выспаў Туамоту. Выжылі ўсе. Хэердал давёў, што какос і батат, расьліны, на якія чамусьці багатыя як Лацінская Амэрыка, так і Палінэзія, не маглі даплыць да гэтых выспаў ні кролем, ні брасам, ні іншым стылем, бо сапсаваліся б у дарозе. Давёў, што падарожжа ўзброеных гэтымі пладамі індзейцаў на крохкіх плытах праз акіян цалкам магчымае. Давёў усім, што ён меў рацыю — што б ні казалі кабінэтныя тэарэтыкі. Ну, і тое, што амундсэны, а таксама і ібсэны ў Нарвэгіі не перавяліся, давёў таксама — ягоная кніжка пра падарожжа зрабілася бэстсэлерам. Потым будуць іншыя плыты і іншыя кніжкі, іншыя, ня менш вар’яцкія ідэі, будзе савецкі доктар Сянкевіч з добрым тварам — і кожнага разу Хэердал будзе выходзіць пераможцам. Плаваць ён навучыўся позна — але затое туды, куды хацеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG