Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пісаў Джахар Царнаеў Вконтакте і ў Твітэры?


Фота Джахара Царнаева з сацыяльнай сеткі Вконтакте
Фота Джахара Царнаева з сацыяльнай сеткі Вконтакте

Падазраваны ў бостанскім тэрарыстычным акце Джахар Царнаеў меў старонку ў сацыяльнай сетцы Вконтакте, а таксама ў Твітэры.

Дасьледчы цэнтар The Middle East Media Research Institute (MEMRI) разьмяшчае на сваім сайце аналіз старонак Царнаева.

Апошні раз Джахар Царнаеў уваходзіў на сваю старонку Вконтакте 18 красавіка, праз тры дні пасьля выбуху ў Бостане. Ён разьмясьціў 3 пасты: адзін — сваё фота, другі — жарты наконт дыскрымінацыі выхадцаў з Чачні, Дагестану і Інгушэтыі, трэці — відэа зь YouTube , герой якога зьдзекліва імітуе акцэнты розных каўкаскіх этнасаў. Відэа ўтрымлівае надпіс па-ангельску і па-руску гаворыцца: «Іслам — не рэлігія тэрору!». Над відэа Джахар Царнаеў напісаў — Silno zamutil bratishka.

У сваім профілі Вконтакте ў разьдзеле «сьветапогляд» ён напісаў «іслам», у разьдзеле «асабістыя прыярытэты» — «кар’ера і грошы», пазначыў, што валодае ангельскай, рускай і чачэнскай мовамі, што вучыўся ў школе № 11 у Бостане, а з 1999 па 2001 гады — ў школе № 1 у Махачкале. Джахар далучыўся да трох суполак Вконтакте «Чачэнцы», «Чачня — Усё пра Чачэнскую Рэспубліку» і «M & Ms — Музыка і кіно».

Ён таксама быў падпісаны на 5 групаў у сетцы, тры зь якіх мелі ісламскі, але не экстрэмісцкі характар.

На старонцы ёсьць тры відэа, два зь якіх — на арабскай з субтытрамі на рускай мове. 9 красавіка было разьмешчанае відэа з заклікамі да падтрымкі джыхаду — сьвятой вайны — ў Сырыі. Гэтае відэа з расейскімі субтытрамі было разьмешчанае ў YouTube карыстальнікам, чыю старонку упрыгожвае чорны сьцяг радыкалаў-салафітаў.

Да гэтага відэа Джахар Царнаеў дадаў спасылку на ісламісцкі рэсурс, на якім часам зьяўляюцца заклікі да джыхаду і антыамэрыканская рыторыка. Аднак большасьць матэрыялаў на гэтым рэсурсе тычацца праблемаў, зь якімі сутыкаюцца мусульманкі.

Другое відэа, якое таксама зьявілася на старонцы Царнаева 9 красавіка — расповед шэйха пра тое, як сьляпы чалавек знайшоў суцяшэньне ў ісламе. Відэа загружанае на YouTube чалавекам з Савудаўскай Арабіі, які на сваёй старонцы таксама мае сьцяг салафітаў і да таго ж — ісламісцкія відэа з рускімі субтытрамі, ў тым ліку і відэавыступы Усамы бін Ладэна.

Як адзначаюць дасьледчыкі MEMRI старонка Джахара Царнаев у Twitter вельмі падобная на старонку звычайнага амэрыканскага студэнта. Ён там даволі мала пісаў пра іслам і палітыку. Праўда, некаторыя твіты прыцягваюць увагу. Некаторыя зь іх утрымліваюць спасылкі на рэсурс Ghuraba — гэтае слова азначае «чужыя», яно абазначае канцэпцыю, паводле якой мусульмане, якія жывуць у заходніх краінах, зьяўляюцца ў іх аўтсайдэрамі.

У дзень выбуху Царнаеў напісаў у Twitter: «Ёсьць людзі, якія ведаюць праўду, але маўчаць, і ёсьць людзі, якія кажуць праўду, але мы іх не чуем, таму што яны — меншасьць».

Аватар рахунку Царнаева ў Twitter — рыкаючы леў. Выява льва даволі распаўсюджаная сярод прыхільнікаў джыхаду. Аднойчы ён напісаў: «Гэтыя маленькія сабакі ведаюць, што яны брэшуць на льва».

7 красавіка Царнаеў пісаў: «Калі ў вас ёсьць веды і натхненьне, тады адзінае, што засталося — гэта дзейнічаць.» Ён таксама адзначаў: «Зло трыюмфуе, калі добрыя людзі нічога ня робяць». І запіс 10 красавіка — «Ніколі ня варта недаацэньваць бунт без прычыны».

У іншым твіце Царнаеў пісаў, што ён перастаў спрачацца зь людзьмі, якія прыраўноўваюць іслам да тэрарызму: «Я не спрачаюся з дурнямі, якія кажуць, што іслам гэта тэрарызм. Гэта не варта таго, хай ідыёт застаецца ідыётам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG