Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада на тое і ўлада, каб жыць сёньняшнім днём — учора цікавіць яе пераважна толькі ў сувязі з чарговым парадам, а заўтра... Заўтра, пасьля нас, хоць патоп. Лягічна: жывем адзін раз, дык чаго пераймацца, пасьпець бы «асвоіць» тое, што дасталася так лёгка, як зь неба ўпала: зямля там, рэчкі розныя, лясы, паветра, жывёлкі і яшчэ гэтыя, як іх... а, ну так: лю-ю-юдзі. Уладзе не да календара. Вось жа, 9 жніўня 1945 году амэрыканскі самалёт скінуў на японскі горад Нагасакі атамную бомбу, ужо другую з прызначаных для Японіі, бо адной Хірасімы амэрыканскім генэралам падалося мала — больш за семдзесят тысяч чалавек было забіта, зруйнавана больш за пяцьдзясят тысяч будынкаў. А 9 жніўня 2012 году, як наўмысна, а можа, і наўмысна, у гадавіну той катастрофы, у Астраўцы на Гарадзеншчыне адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі Капсулы з Пасланьнем Нашчадкам — на месцы будаўніцтва першай беларускай АЭС. Ня надта цікава, што там напісана. Па вялікім рахунку, словы ў тым Пасланьні мусілі б стаяць наступныя:

«Здароў, мутанты. Калі вы чытаеце гэтыя радкі, значыць, нехта ўсё ж выжыў. Як самаадчуваньне? Жывоцікі не баляць? Ядку хапае? Піце там больш чырвонага вінца, пры прамянёвай хваробе дапамагае. І прабачце нам, калі зможаце. Мы тут у 2012 былі дурныя і сквапныя, пляваць на вас хацелі, а гісторыя нас так нічому і не навучыла. Ні Кыштым, ні Чарнобыль, ні Фукусіма не пахіснулі нашай сьвятой веры ў Мірны Атам. Мы верылі ў яго, як дзікуны вераць у добрых духаў, як дзеці ў Дзеда Мароза, як салдаты ў геній фюрэра. Бывайце і не паўтарайце нашых памылак. Зь ядзерным прывітаньнем — вашыя тупыя продкі».

26 красавіка 1986 году а 1.23 ночы на савецкай Чарнобыльскай АЭС прыкладна за адзінаццаць кілямэтраў ад мяжы Ўкраіны і Беларусі адбыўся ён — выбух. Вэрсіяў таго, зь якой прычыны, існуе з добры тузін. Чаму ён, мілы, пухнаты і ручны Мірны Атам, які яшчэ ўчора еў з рук моркву і дазваляў сябе гладзіць, раптам ашалеў, як загнаны ў клетку драпежнік, і выскачыў, разарваўшы ўсіх супрацоўнікаў заапарку, школьнікаў-экскурсантаў, замежных турыстаў і нават брыгаду спэцыяльна навучаных лаўцоў. І самая праўдзівая з вэрсій гучыць так: бо ён ніколі і ня быў Мірны, бо ў пагоні за зручнасьцю, эканамічнымі выгодамі і прагрэсам чалавек ў пэўны момант папросту асьлеп і аглух, згубіўшы інстынкт самазахаваньня. Бо з асваеньнем ядзернай энэргіі быў пяройдзены нейкі крытычны пункт, пасьля якога толькі і застаецца, што прасіць прабачэньня ў тых, хто будзе жыць пасьля нас.

Распавядаць пра тую аварыю ўсё яшчэ ня мае сэнсу — наступствы адчуваюцца дагэтуль. Чарнобыль — гэта тое, якімі нас бачаць за мяжой. Чарнобыль і ўлада, якую мы не выбіралі. Гэта — Зона на месцы, дзе буяла жыцьцё. Гэта дзеці на бэрлінскім Hauptbahnhof, якія ганарацца, што пабывалі ў Нямеччыне, пажылі ў нямецкіх сем’ях, і ўсё дзякуючы такой цудоўнай ядзернай энэргіі. Гэта тысячы людзей рознага ўзросту, якія працягваюць паміраць ад наступстваў сучаснага погляду на энэргетыку. Гэта стракаты натоўп у Кёльне, узяты ў шчыльнае кальцо нязьменна карэктнымі паліцэйскімі: пратэстоўцы шчыра не разумеюць, як укласьці ў галовы тым, хто наверсе, што трэба часам зазіраць у каляндар і вучыцца на сваіх памылках. Гэта эколягі, якіх арыштоўваюць за нецэнзурную лаянку. Гэта расейцы, якія даводзяць, што ў Беларусі не бывае землятрусаў, і таму яны пабудуюць нам тут такую АЭС: зямлю есьці будзеш ад шчасьця і яшчэ й пальчыкі абліжаш. Гэта амаль восемдзесят адсоткаў беларускіх тэлегледачоў, якія на дзяржаўнай (!) тэлевізіі недвухсэнсоўна выказаліся супраць АЭС у Астраўцы — нават іх, гледачоў БТ, верны электарат, ніхто не паслухаў. Гэта высокія, падобныя да гімнастаў, нямецкія ветракі ўздоўж чыгункі — як яшчэ ня згаслая надзея на чалавечы розум. Чарнобыль падзяліў нас на тых, хто нарадзіўся пасьля яго, перад ім і тых, хто нарадзіўся ў той, 1986 год. Год Атаму, выгоднага, як бомба ў каструлі з супам, і мірнага, як бамбардзіроўшчык у небе над Нагасакі.
XS
SM
MD
LG