Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбігнеў Бжэзінскі, выступаючы нядаўна ў Браціславе на канфэрэнцыі па міжнароднай бясьпецы, сказаў: «Галоўная пагроза ў ХХІ стагодзьдзі — не гегемонія тыраніяў, а тыранія хаосу». Сказана было за дзень да таго, як стала вядома, хто ўзарваў бостанскі маратон. Але словы патрыярха амэрыканскай палітыкі і паліталёгіі — хіба ня самы глыбокі камэнтар да гэтай справы.

Сучасная дзяржава «заточаная» пад адказ на арганізаваныя, інстытуцыяналізаваныя выклікі. І менавіта гэтак амэрыканская дзяржава на бостанскі выклік і рэагавала. Незадоўга да таго, як стала вядома, хто ўзарваў бомбы, прэзыдэнт Абама казаў: «Яны хацелі запалохаць нас, затэрарызаваць нас, прымусіць адмовіцца ад нашых каштоўнасьцяў, ад таго, што робіць нас амэрыканцамі».

Казаў, праўда, і тое, што ня варта сьпяшацца з высновамі, але казаў і гэта. І правільна ў прынцыпе казаў. Тое ж да яго казаў Рузвэльт пасьля Пэрл-Харбару, Чэрчыль на пачатку вайны, Сталін пасьля нацысцкага нападу — вораг напаў на нас, мы не здадзімся, мы адплацім і мы пераможам.

Потым палітычны гвалт прыватызаваўся, магчымасьць яго рабіць перайшла ад дзяржаваў да палітычных груповак, да грамадзянскай супольнасьці, так бы мовіць. Але і ў гэты выпадку былі людзі, кіраваныя групавой палітычнай воляй, якіх можна было ідэнтыфікаваць як ворагаў. Менавіта ім абяцаў даць адпор і нанесьці паразу прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пасьля 9/11, балазе была групоўка, якая ўзяла на сябе адказнасьць за тэрарыстычную атаку, менавіта так рэагавалі і рэагуюць лідэры любых дзяржаваў, прыкладна гэтак жа, дарэчы, адразу пасьля выбуху ў менскім мэтро рэагаваў на яго Аляксандар Лукашэнка.

Тут справа якраз не ў адрозьненьнях, а ў падабенстве палітыкаў краін сучаснай цывілізацыі, успадкаванай ад мінулых стагодзьдзяў, у тым ліку і ад ХХ. Але на дварэ — ХХІ стагодзьдзе.

Праз пару дзён пасьля выбухаў у Бостане адбылася трагедыя на заводзе ў Тэхасе. Але зь яе прычыны ніхто не казаў, што нехта вырашыў такім чынам запалохаць амэрыканцаў і прымусіць іх адмовіцца ад іх каштоўнасьцяў. Хто там мог хацець запалохаць і прымусіць? Зьбег абставінаў, парушэньне тэхнікі бясьпекі, у горшым выпадку — нейчая нядбайнасьць? Недарэчна ж. Зразумела, у Тэхасе — стыхія, тэхнагенная катастрофа, у Бостане — злая воля, але ўжо настолькі прыватызаваная, што і тут «заточанасьць» дзяржавы на буйныя, арганізаваныя выклікі выглядае недарэчнай. Гэтыя два хлопцы, адзін зь якіх забіты, хацелі некага затэрарызаваць і прымусіць адмовіцца ад базавых каштоўнасьцяў, ім будзе дадзены адпаведны адказ? Гэта ж як з гарматы па вераб’ях.

Не, тое, што яны аказаліся мусульманамі і да таго ж чачэнцамі, дае шанец, каб утрымаць звыклую карціну сьвету, у якой ёсьць вінаватыя ворагі. Есьць такі мэтадалягічны жарт: як выцягнуць крыху забіты цьвік, калі вы ўмееце выцягваць цьвік, забіты па плешку? Адказ: забіць па плешку і далей дзейнічаць звыклым мэтадам. Насамрэч, гэта ня жарт, а ўнівэрсальнае правіла культуры — зводзіць, хай і вельмі крыва, невядомае і нязвыклае да вядомага і звыклага.

Часткова таму, дарэчы, шмат людзей не паверылі ў афіцыйную вэрсію выбуху ў менскім мэтро, і таму напачатку, адразу пасьля 11 красавіка 2011 году, прадстаўнікі ўлады так шмат казалі пра магчымую датычнасьць да тэракту апазыцыі. Ня толькі з прычыны ўзаемнай нянавісьці і д’ябалізацыі. Але і таму, што адпаведныя вэрсіі, хаця ў нечым і больш жахлівыя, але і больш звыклыя, больш утульныя — у іх ёсьць акрэсьлены вораг. Спачатку цьвік па плешку, а потым ужо вядомым мэтадам.

Нешта падобнае адбывалася і вакол шматстаронкавага трызьненьня Брэйвіка. Маўляў, вось у чым прычына, вось што робіць ягоны ўчынак палітычна значным і адносіць да пэўнай групы — людзей, незадаволеных міграцыяй мусульманаў у эўрапейскія краіны. Ізноў — па плешку, а далей ужо вядома як... Хаця тая міграцыя — праблема Нарвэгіі — хіба ў найменшай ступені, і людзей надзвычай радыкальных поглядаў, якія ненавідзяць імігрантаў і ўрады, якія даюць ім прытулак — тысячы, калі не мільёны. А касіў людзей з аўтамата адзін Брэйвік. Дык калі адна і тая ж рэч (нелюбоў да імігрантаў) спараджае такія розныя вынікі (негвалтоўнае выказваньне незадаволенасьці і масавае забойства), то можа ня ў гэтым справа?

Гэтак і ў сытуацыі з братамі Царнаевымі працуе той жа мэханізм забіваньня цьвіка па плешку. Ніякіх пэўных сувязяў гэтых людзей з чачэнскім супрацівам (ці з цэнтрамі чачэнскага тэрору — гэта ўжо хто як называе) пакуль ня выяўлена. Магчыма, будуць выяўленыя, бо гуляе ў інтэрнэце інфармацыя (ці дэзінфармацыя) пра сувязі Царнаевых з Доку Ўмаравым. Кірунак думкі — той самы: нязвыклае — да звыклага. Пачынаюцца развагі пра гаротны лёс чачэнскага народу і пра схільнасьць чачэнцаў да тэрарызму, пра тое, што адзін з братоў надта часта наведваў мячэць і чытаў кніжкі пра чачэнскую вайну. Ну і яшчэ расповеды пра цяжкасьці адаптацыі: сяброў амэрыканскіх у небаракі не было, мова ангельская цяжка давалася.

Усё, магчыма, і так, але колькі людзей, што жыве ў ЗША — прававерныя мусульмане, колькі людзей жывуць значна больш цяжка і гаротна, чым Царнаевы? Чаму ж яны ня ўзрываюць сваіх суайчыньнікаў?

Чарнаскурыя маглі б узрываць за жахі рабаўладаньня, мэксыканцы — за анэксію Тэхасу, віетнамцы — за вайну ў Віетнаме, японцы — за Хірасіму, мусульмане — за Ірак і Аўганістан, за ўдары дронаў. Для ўсіх гатовыя рацыянальныя абгрунтаваньні. Не выключаю, што знойдуцца і для Царнаевых. Магчыма, і сапраўды таму, што мелі месца, магчыма, таму, што так зручней. Бо калі не, то грамадзтва адчуе сябе бездапаможным і безабаронным, як ніколі.

Шмат хто зьдзіўляўся і абураўся формуле, якой Дзьмітры Канавалаў на працэсе тлумачыў сэнс свайго ўчынку — каб дэстабілізаваць сытуацыю. Словы з кодэксу, відавочна падказаныя сьледчым. А што насамрэч? А насамрэч, магчыма, нешта кшталту: а прыкольна, а крута, а кайф потым па тэліку глядзець, як яны бегаюць і крычыць. За што? А за ўсё добрае — за тое, што я не мільянэр, не прэзыдэнт, за тое, што не паважаюць так, як я хачу. А тут уся краіна ведаць будзе, а мо і ўвесь сьвет. Хоць імгненьне славы, да маё. Прыкладна такая ж матывацыя — у шматлікіх «расстрэльшчыкаў» у амэрыканскіх школах. Прыйшоў, з аўтамата ад жывата веерам па ўсіх. А потым — жыцьцё было гаротнае, не паважалі, не цанілі.

І ня ведаю, што жахлівей насамрэч: ці то гіпатэтычныя сувязі Царанаевых з Умаравым (ці пераемнікамі бін Ладэна, ці з чортам лысым), ці вось такое — адпомсьцілі ўсяму сьвету, паказалі, якія яны крутыя. Першае — жахлівае, але звыклае: выцягваць цьвік, забіты па плешку, вядома як. Другое...

У часы, калі адносна яшчэ малады Зьбігнеў Бжэзінскі кіраваў Радай бясьпекі ў прэзыдэнта Картэра, такіх зьяваў і матывацыяў практычна не было. Ці былі, але імгненна зьнікалі з фокусу грамадзкай увагі, як зьнікла гэтымі днямі тая ж аварыя на заводзе ўгнаеньняў у Тэхасе. Не тэрор — ну і...Не, людзей шкада, зразумела, кампэнсацыі будуць выплачаныя, калі прычына — нейчая нядбайнасьць, дык таго і пакараюць. Але не Падзея.

А Бостан — Падзея. І што таму ж Абаму было казаць, калі мы, журналісты, яе і зрабілі Падзеяй — зь вялікай літары? У апраўданьне магу сказаць, што мы тут вызначаем важнасьць падзеяў прыкладна гэтак жа, як бабулька, што гандлюе гароднінай на Камароўцы, вызначае цану на яе няхітры тавар. Вызначаюць усе гандляры і пакупнікі разам, але ніводзін асабісты. Крыж супольнага попыту на супольную прапанову дае раўнаважную цану. Ну, скажам, на думку некага, амэрыканскія СМІ пра яе казалі, бо з Белага дому загадалі. Але Падзеяй бостанскую трагедыю палічылі і эўрапейскія, і расейскія, і кітайскія і ўсе іншыя мэдыі без ніякіх загадаў з Вашынгтону. Так сучасныя СМІ збудаваныя. І «царнаевы» гэта ведаюць і з улікам таго і ўзрываюць.

Тут ёсьць яшчэ і іншы момант. Калі тэрор практыкавалі дзяржавы, калі сьветам кіравалі вялікія, хаця часам і жахлівыя, ідэі, дык асобным людзям ужываць тэрор не прыходзіла ў галаву. Ці гэта не ўспрымалася, як тэрор і як Падзея. Але ж крах вялікіх ідэяў плюс дэмакратызацыя плюс глябалізацыя робяць сваю справу. Кожны чалавек мае значэньне і можа ўплываць на лёс сьвету. Вось Царнаевы, якія прыехалі з другога краю Зямлі ў Амэрыку, і паказалі, што яны маюць значэньне. А хто абяцаў, што гэты ўплыў асобнага маленькага чалавека будзе абавязкова станоўчым?

Што тут параіць і што варта рабіць — пэўнага адказу, шчыра скажу, ня ведаю. Як варыянт — успрымаць бостанскія выбухі, як выбух на тэхаскім заводзе. Ну ў сэнсе ня толькі бостанскія, а наагул тэрор: Алах даў — Алах узяў, як той казаў. Не, зразумела, выканаўцаў і замоўцаў трэба лавіць і караць. Але не ўспрымаць, як Падзею. Можа, тады і менш будзе «царнаевых», бо яны на тое і разьлічваюць. Разумею, што не па-чалавечы. Дакладней, не па-чалавечы ўзору ХХ стагодзьдзя.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG