Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт Джахара Царнаева, які падазраецца ў арганізацыі тэрарыстычнай атакі падчас Бостанскага маратону, выклікаў параўнальна стрыманую рэакцыю амэрыканскіх камэнтатараў.

Адно зь нямногіх пытаньняў, якія ўзьнімаюцца аглядальнікамі: ці зьяўляецца тэракт прыкметай ўвасабленьня даўніх трывог аб набліжэньні небясьпекі ўнутранага тэрарызму, альбо гэта злачынства было зьдзейсьнена людзьмі, якія так і не змаглі стаць часткай амэрыканскага грамадзтва? Менавіта таму прэсу так займае постаць 19-гадовага Джахара Царнаева, разважае карэспандэнт Свабоды Юры Жыгалкін.

І аднагодкі, і дарослыя, якія ведалі яго, кажуць, што ён быў звычайным амэрыканскім падлеткам, таварыскім, лёгка заводзіў сяброў, добра вучыўся ў сярэдняй школе, марыў пра будучыню. Яны былі зьдзіўленыя, убачыўшы яго фатаграфію ў якасьці падазраванага ў зьдзяйсьненьні тэракту. Старэйшы брат, 26-гадовы Тамэрлян, забіты ў перастрэлцы, усё больш выразна паўстае ў вобразе «чужога». Паўтараецца прызнаньне, зробленае ім тры гады таму ў інтэрвію студэнцкаму часопісу: «У мяне няма ніводнага сябра сярод амэрыканцаў. Я не разумею іх». Бацькі яго амэрыканскай жонкі кажуць, што дачка іх рэзка аддалілася ад сям’і, яе сяброўкі расказваюць, што яна пачала насіць хіджаб, цурацца іх, выглядала запалоханай. Старэйшы Царнаеў, які адмовіўся ад тытуню і алькаголю, усё больш пранікаўся ідэямі радыкальнага ісламу і, мяркуючы па ўсім, павёў за сабой малодшага брата, бесклапотнага школьніка. Пакуль няма зьвестак, ці быў Тамэрлян Царнаеў прама зьвязаны з ісламскімі радыкаламі або тэрарыстычнымі групамі. Цікавасьць спецслужбаў выклікае яго шматмесячная паездка ў Дагэстан у 2012 годзе.

Лічыцца, што адной з прычын адноснага імунітэту Злучаных Штатаў да тэрарыстычных нападаў з боку ісламскіх фанатыкаў зьяўляецца здольнасьць амэрыканскага грамадзтва да асіміляцыі. Але газета Wall Street Journal цытуе спэцыяльную інструкцыю, падрыхтаваную шэсьць гадоў таму для нью-ёркскай паліцыі. Там гаворыцца, што ў асаблівых выпадках рэлігійныя карані і самаадчуваньне можа апынуцца больш сур’ёзнай сілай, «чым абсарбавальная прырода амэрыканскага грамадзтва, якое прапануе людзям магчымасьць прафэсійнай кар’еры, дасягненьня фінансавага посьпеху і матэрыяльныя выгоды». Царнаевы могуць быць прылічаныя менавіта да гэтай катэгорыі, заключае газета.

Палітыкі, як і аглядальнікі, пакуль устрымліваюцца ад ператварэньня гэтай гісторыі ў прадмет палітычных дэбатаў. Але ня выключана, што ўмацуюцца пазыцыі тых, хто лічыць неабходным даць праваахоўным службам больш свабоды для маніторынгу ісламскіх груп. Падзеі ў Бостане могуць адбіцца і на лёсе рэформы іміграцыйнай сыстэмы.

Паводле афіцыйных ацэнак амэрыканскай выведкі, небясьпека ўнутранага тэрарызму, натхнёнага радыкальнымі ісламскімі групамі, параўнальна невялікая. «Аль-Каіда», як лічыцца, ня здольная арганізаваць маштабныя тэрарыстычныя атакі ў заходніх краінах.

Аглядальнік часопіса Newsweek Майкл Тамэскі прапануе прывыкнуць да думкі, што тэрарыстычныя акты сталі фактам жыцьця. «У нас больш няма імунітэту да іх, мы ў гэтым сэнсе сталі часткай сьвету, — піша ён. — Але мы не павінны баяцца і чакаць, што падобнае будзе адбывацца кожны тыдзень, скажам, у гандлёвым цэнтры або на чыгуначным вакзале. Верагоднасьць гэтага вельмі невысокая. Наша паліцыя напагатове».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG