Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў аўтапрабегам па бездарожжы і разгільдзяйстве


Другая акцыя магілёўскіх аўтамабілістаў «За добрыя дарогі» выклікала нэрвовую рэакцыю міліцыі.

Як паведамляе БелаПАН, дваццаць шэсьць кіроўцаў на сваіх машынах сталі ўдзельнікамі другога аўтапрабегу «За добрыя дарогі», які прайшоў 21 красавіка ў Магілёве.

Першы такі аўтапрабег адбыўся тыдзень таму. Сёньня міліцыя здымала ўдзельнікаў на відэа.

Гэтым разам удзельнікі прабегу адмовіліся ад надпісаў кшталту «Я плачу падаткі, дзе нармальныя дарогі?» і «За добрыя дарогі!», якія 14 красавіка былі нанесеныя акварэльнай фарбай на аўтамабілі і напісаныя на ўлётках, прымацаваных на шыбы машын. Некаторыя ўдзельнікі акцыі выкарыстоўвалі сьцяжкі аўтаклюбу 6 Region і выставіла іх на дахах і бакавых стойках аўтамабіляў.

У часк аўтапрабегу кіроўцы падзяліліся на некалькі груп, кожная з якіх выбірала свой маршрут. Увесь час іх суправаджалі патрульныя машыны ДАІ, якія, як сьведчаць аўтамабілісты, нават парушалі правілы дарожнага руху — ехалі на чырвонае сьвятло і выяжджалі на сустрэчную паласу руху.

Як паведамляецца, некалькі кіроўцаў былі спыненыя: некаторым зь іх выставілі абвінавачваньні ў парушэньні правілаў дарожнага руху.

У канцы аўтапрабегу на пляцоўцы каля спартовага комплексу «Алімпіец» удзельнікі акцыі правялі невялікі флэш-моб: у прымацаваную на ліхтарным слупе скрынку яны кідалі дробныя купюры на рамонт дарожнага пакрыцьця ў Магілёве.

Нягледзячы на нервовую рэакцыю міліцыі, аўтамабілісты маюць намер і надалей праводзіць падобныя акцыі, дамагаючыся прывядзенья ў парадак дарожнага пакрыцьця ў Магілёве.

Між тым, паводле ацэнкі спэцыялістаў Камітэту дзяржкантролю Магілёўскай вобласьці, цяперашнія тэмпы выкананьня дарожна-будаўнічых работ дазволяць прывесьці вуліцы Магілёва ў парадак не раней чым праз 300 гадоў.
XS
SM
MD
LG