Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі бізнэс заклапочаны чэргамі на мяжы і прыватызацыяй у Беларусі


Чарга на мяжы зь Літвой
Чарга на мяжы зь Літвой
Віцэ-прэзыдэнт канфэдэрацыі літоўскіх прамыслоўцаў Гедымін Райніс кажа, што бізнэсоўцы пакідаюць прыняцьце рашэньняў літоўскім палітыкам, аднак просяць кожнае зь іх пралічыць, і ў асноўным задаволеныя палітыкай у адносінах паміж Вільняй і Менскам. Райніс пры гэтым адзначыў у інтэрвію Delfi, што літоўскі бок не зусім задаволены працэсам прыватызацыі ў Беларусі.

Пагрозы, якія гучалі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі аб пераводзе грузапатоку з балтыйскіх партоў ў расейскія парты, на думку Райніса, хутчэй, адрасаваныя палітыкам, хоць насьцярожваюць і бізнэсоўцаў. Пры гэтым Клайпэцкі порт, запэўнівае ён, зьяўляецца для беларусаў прывабным, пра гэта кажа тое, што трэцяя частка яго грузаў — беларускія.

— Як літоўскія прадпрымальнікі глядзяць на ўмовы працы ў Беларусі?

— Мы шмат працуем разам па імпарту, экспарту, інвэстыцыйных праектах, і, зразумела, некаторыя праблемы ёсьць. На шчасьце, яны для літоўскага бізнэсу невялікія. Пачнем з тэхнічных праблем: гэта праход мяжы, асабліва для трэйлераў. Адстаяць у чарзе некалькі сутак — гэта страты. Мы не зусім задаволеныя працэсам прыватызацыі ў Беларусі. Калі, я кажу «мы», гэта азначае ня толькі Літву, але і іншых інвеэстараў.

— Гэта значыць, Літву запрашаюць да ўдзелу ў прыватызацыі ў Беларусі?

— Зразумела, запрашаюць. Мы атрымалі вельмі выразны адказ ад міністра эканомікі Беларусі, што з дапамогай Сусьветнага банку яны распрацоўваюць канцэпцыю малой прыватызацыі. Прыватызацыі не асобных прадпрыемстваў, а ў больш масавым маштабе. Што датычыцца нашых інвэстыцый (у мэблевую прамысловасць, кампанія Арві ідзе ў Беларусь), то з органамі мясцовага кіраваньня заключаны дагаворы і, у прынцыпе, ніякіх праблем няма.

— Як літоўскія бізнэсоўцы глядзяць на палітычны складнік адносін Літвы і Беларусі?

— Наша пазыцыя ясная. Палітычныя рашэньні прымаюць палітыкі, толькі мы просім, каб гэтыя рашэньні былі ацэнены і пралічаныя наступствы для ўсіх бакоў, уключаючы бізнэс і бюджэт. Мы не ўплываем, але просім, каб любое палітычнае рашэньне было пралічана.

— Умовы для вядзеньня бізнесу ў Літве і Беларусі розныя, гэта дзьве розныя сыстэмы. Часта даводзіцца чуць, пра гэта ў ходзе літоўска-беларускага форуму ў Клайпэдзе казала і міністар эканомікі Літвы, пра не зусім спрыяльную заканадаўчую базу для вядзеньня бізнесу ў Беларусі. Літоўскія прадпрымальнікі сябе ў Беларусі адчуваюць бясьпечна?

— Каб адчуваць сябе бясьпечным на 100%, то, напэўна, не. Пакуль ніякіх сур’ёзных праблем не было. Былі праблемы з субкантрактами, але гэта чыста тэхнічныя моманты.

У Беларусі 500 прадпрыемстваў з большай ці меншай доляй літоўскага капіталу. Мы ў Вільні знаходзімся ў 50-ці км ад мяжы. Бліжэйшыя краіны — Латвія, Калінінградзкая вобласьць і Беларусь, вось нашы асноўныя напрамкі, плюс, вядома, такія гіганты як Расея, Нямеччына ці Вялікабрытанія. Так што праблемы ёсьць, але наш бізнес просіць Беларусь трымаць макраэканамічныя паказчыкі, каб не было ваганьня валют. Што нам трэба ад кіраўніцтва Беларусі — гэта трымаць макраэканамічную стабільнасьць.

— Прэсінг з боку дзяржаўнай улады Беларусі літоўскія бізнэсоўцы не адчуваюць?

— Вялікага няма. Мы толькі з асьцярогай гаворым аб частковай прыватызацыі, калі застаецца так званая «залатая акцыя», гэта насьцярожвае.

— Аляксандар Лукашэнка пагражаў перавесьці беларускі грузапаток з балтыйскіх партоў ў расейскія парты. Як вы ацэньваеце такія заявы? Як ўспрымаюць такія заявы літоўскія бізнэсоўцы?

— У прынцыпе, гэта рэальна. Але Клайпэцкі порт прывабны, і прычына такога рашэньня можа быць толькі палітычнай. Абыход латвійскіх партоў або клайпэцкага порту будзе каштаваць крыху даражэй, але не настолькі, каб такое рашэньне не магло быць прынятае. Такія рэчы кажа палітык для палітыкаў. Мы зь некаторай насьцярожанасьцю слухаем такія заявы. Гэта не стоадсоткавая пагроза і пакуль словы, але, у прынцыпе, партавікі разьлічылі такі сцэнар.

— Як вы ставіцеся да размоваў пра эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі?

— Гэта насьцярожвае, але не настолькі, каб бізнэс адлучыўся ад Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG