Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За супрацоўніцтва з дыктатурамі скандынаваў б’юць па кішэні


Гульнара Карымава, дачка прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава, і Гаянэ Авакян, кіраўніца кампаніі «Такілант» (кадр зь відэа)

Гульнара Карымава, дачка прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава, і Гаянэ Авакян, кіраўніца кампаніі «Такілант» (кадр зь відэа)

Найбуйнейшы банк Скандынавіі, Nordea, быў на гэтым тыдні аштрафаваны на $4.7 мільёна за парушэньні правілаў наконт «адмываньня» грошай у сувязі за скандалам вакол фірмы TeliaSonera, якую абвінавацілі ў хабары на ўзбэцкім рынку.

Раней швэдзкія мэдыі неаднаразова пісалі пра акалічнасьці супрацоўніцтва TeliaSonera — буйной швэдзка-фінскай тэлекамунікацыйнай кампаніі — з уладамі Беларусі, Азэрбайджану і Ўзбэкістану.

Так, праз сваю даччыную фірму ў Беларусі — апэратара мабільнай сувязі Life :) — ЗАТ «БеСТ» (фармальна 80% яго акцыяў належыць турэцкаму апэратару Turkcell, галоўны акцыянэр якога — TeliaSonera) кампанія, паводле швэдзкіх журналістаў, добра паспрыяла беларускаму рэжыму падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Тады Life :) здала ўладам поўную інфармацыю пра перапіску, званкі, месцазнаходжаньне, перамяшчэньні апанэнтаў рэжыму.

Ва Ўзбэкістане TeliaSonera ў 2007 годзе набыла ліцэнзіі на сувязь 3G усяго за 320 даляраў у зарэгістраванай ў Гібралтары ўзбэцкай кампаніі «Такілант». Такія ліцэнзіі можа выдаваць толькі ўрад, а кіраўніца кампаніі «Такілант», Гаянэ Авакян, — блізкая сябра кіроўнай ва Ўзбэкістане сям’і Карымавых. Таму ўзьніклі падазрэньні ў хабары.

Ужо пасьля таго, як гэтая гісторыя патрапіла ў мэдыі, банк Nordea ў 2011 годзе прыняў ад узбэцкіх грамадзян дэпазыты на $31 мільён на рахунак Гаянэ Авакян, што парушае швэдзкія правілы кантролю за «адмываньнем» грошай.

Тым часам вядомы швэдзкі праваабаронца, кіраўнік арганізацыі Östgruppen Марцін Угла піша ў сваім блогу, што кампанія Mozilla, якая найбольш вядомая сваім інтэрнэт-браўзэрам Firefox, пагражае пазбавіць TeliaSonera гэтак званага SSL-сэртыфікату. Такі сэртыфікат сьведчыць, што вэб-сайты гарантуюць ад злоўжываньня дадзенымі карыстальніка. Паводле Марціна Углы, прычына менавіта ў тым, што TeliaSonera давала гэтыя дадзеныя спэцслужбам у аўтарытарных краінах, такіх як Беларусь.

Улічваючы, што Firefox цяпер выкарыстоўваюць каля 20 адсоткаў інтэрнэт-наведнікаў у сьвеце, гэта быў бы моцны ўдар па фінансах TeliaSonera. Цяпер яшчэ ідуць перамовы паміж TeliaSonera і Mozilla, піша Марцін Угла, але гэта цікавае развіцьцё падзеяў, і, магчыма, гэта прымусіць TeliaSonera браць на сябе большую маральную адказнасьць у будучыні, хаця б з чыста камэрцыйных прычынаў.
XS
SM
MD
LG