Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Павал Ляхновіч: «Ня трэба лямантаваць, што ўсё губляем»


Ягоныя карацелькі пра жыцьцё падводнікаў няма з чым параўнаць у айчынным прыгожым пісьменстве. Ягонага перакананьня, што беларусы — самыя спраўныя ў сьвеце жаўнеры, ніхто яшчэ не абверг. Ягонага спрыту ў рыбарстве, ловах ды паляваньні ніхто яшчэ не перасьціг. Прынамсі, ў знаёмых яму паляшуцкіх абшарах. Павал Ляхновіч — пінскі вадзянік, балотнік, лясун, вяшчун, завадатар ды летапісец — герой новага выпуску праграмы Сталкеры Свабоды.

«Я пачаў пісаць яшчэ хлапчуком малым — пра прыроду, вясну, зьвяроў. Я тады на хутары жыў дзедавым непадалёк ад Ракава, і заўсёды пасылаў гэтыя свае нататкі ў розныя газэты. Ні разу іх не надрукавалі, але заўсёды прысылалі адказы на такіх прыгожых аркушах зь лягатыпам. Пісалі, што, маўляў, харошая нататка, але ты павінен яшчэ тое й тое зрабіць. Мне было дастаткова гэтых прыгожых аркушаў, каб ганарыцца. Я паказваў іх сябрам, казаў, глядзіце, што вось мне пішуць з газэты.

Потым у мяне было некалькі такіх штуршкоў, каб зноў пачаць пісаць. Адзін зь іх зьвязаны з тым, што ў Савецкім Саюзе ніколі не было квіткоў на патрэбны транспарт. Пайшоў я аднойчы да памочніка ваеннага камэнданта вакзалу ў Мурманску прасіць дапамагчы кудысьці даехаць. Ён пагартаў дакумэнты мае і кажа: «О, Ляхновіч, беларус! А мовы, мабыць, сваёй ужо й ня ведаеце...» А жонка мая, якая была побач, так абурылася: «Як гэта ён мовы ня ведае — ён нават піша творы па-беларуску і друкуецца!» Схлусіла трохі дзеля маёй абароны.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

У савецкім ваенным флёце, прынамсі, падводным, беларусаў вельмі цанілі. Як адбіралі, да прыкладу, матросаў. Тэлефануюць са штабу, што прыслалі маладых. Камандзіры сьпяшаюцца туды, каб выбраць на свае караблі. Стаяць хлопчыкі потныя, у шынэлках, пераляканыя, з квадратнымі вачыма. Камандзір пытаецца, адкуль. «З Масквы». Не бярэ. «З Піцера». Не бярэ. «Зь Беларусі». О, добра. Такім во чынам было.

Чаму выбіралі беларусаў? Па-першае — адукаваныя. Па-другое — працавітыя. Па-трэцяе — пэдантычныя, па-эўрапейску, па-сапраўднаму. Беларусаў заўсёды бралі з задавальненьнем, заўсёды.

Мы былі маладыя і шчыра верылі, што некага там абараняем ад нечага. Цяпер я разумею, што на самой справе мы проста зьяўляліся эксплюататарамі цацак дарагіх для тых, хто трымае ў руках уладу. І калі і абараняем чыесьці інтарэсы, то толькі кіроўнай вярхушкі. Ня болей. І гэта робяць любыя ўзброеныя сілы ў любой краіне. Цяпер я перакананы, што ўсе сілавікі, хоць і кажуць, што абараняюць інтарэсы народу, насамрэч яны абараняюць інтарэсы тых, хто пры ўладзе. І кіраўніцтва адной краіны хваліцца перад кіраўніцтвам другой, у каго цацкі гэтыя далей страляюць, у каго гучней узрываюцца.

Я паляўнічы ў трэцім пакаленьні, і заўсёды ведаў, што як зьявіцца мажлівасьць, я буду паляваць. Як быў у Севераморску, зайшоў там у краму рыбацкую, а там стрэльба падводная. Купіў яе і пачаў тады і ныраць, і страляць. І болей за трыццаць гадоў ужо і ныраю, і страляю.

Усё гэта, пра што расказваў, — так бы мовіць, для душы. А беларускія справы, якімі займаюся, — гэта ад болю. Таму што калі вярнуўся ў Беларусь праз дзевятнаццаць гадоў, то не пазнаў яе. Нават як прыйшоў у сваю родную Ракаўскую школу, якая была знакамітая сваім беларускім духам, то беларускага слоўка не пачуў. Мне так крыўдна стала ад гэтага. Я ж думаў, што тут, у Беларусі, усё беларускае. Я ня бачыў, якія працэсы тут праходзілі, а высьветлілася, што нават за савецкім часам беларушчыны было болей, чым цяпер.

Але ня трэба лямантаваць, што ўсё губляем. Нічога мы ня згубім, усё будзе нармальна. Хаця дзеля гэтага пэўныя намаганьні кожнаму, хто адчувае сябе беларусам, каму гэта баліць, павінен рабіць, павінен змагацца».
XS
SM
MD
LG