Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена вобразу


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Палітыка-псыхалягічны фон перад гэтым пасланьнем быў для Лукашэнкі ня надта спрыяльны. Нягледзячы на эканамічную стабілізацыю, падвышэньне заробкаў, рэйтынг і давер да кіраўніка дзяржавы не вярнуўся да дакрызісных часоў. Можа, таму ўвесь выступ быў наскрозь палемічны. Ён ці то спрачаўся зь нейкімі унутранымі й вонкавымі апанэнтамі, якія «вякаюць», ці то апраўдваўся перад імі. І гэта стварала адчуваньне няўпэўненасьці.

Прычым, як звычайна, пазыцыя апанэнтаў была акарыкатураная да непазнавальнасьці. Лукашэнка праводзіў знак роўнасьці паміж рэформамі, да якіх заклікаюць Захад, Расея, апазыцыя, і разбурэньнем, ліквідацыяй беларускіх прадпрыемстваў. Альбо дэмакратыю атаясаміў з аднаполымі шлюбамі. Але гэта ўсё ня новыя прыёмы.

Больш цікава тое, што кіраўнік дзяржавы фактычна прысьвяціў гэтае пасланьне адной тэме — мадэрнізацыі. І гэта азначае, што ён спрабуе выступіць у новым вобразе.

Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў вобразе рэстаўратара. Ён абяцаў аднавіць СССР, вярнуў савецкія дзяржаўныя сымбалі, сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але хутка зразумеў, што спроба павярнуць кола гісторыі назад не дадасьць яму палітычнага капіталу. І інтэграцыя з Расеяй не атрымалася.

Таму з 2000-х гадоў Лукашэнка ўдала увайшоў у вобраз кансэрватара і ахавальніка сацыяльнага статус-кво. Ідэя стабільнасьці стала галоўнай ідэалягічнай асновай беларускага рэжыму.

І вось прыйшоў час, калі трэба зноў мяняць вобраз. Лукашэнка спасылаўся на выклікі часу, на глябалізацыю, маўляў, мы павінны прыстасоўвацца да ўсясьветных працэсаў, інакш застанемся на ўзбочыне гісторыі. Але больш важнымі чыньнікамі, якія ўплываюць на зьмену вобразу, сталі настроі беларускага грамадзтва. Паводле дасьледаваньняў сацыёлягаў, большасьць насельніцтва лічыць, што краіна разьвіваецца у няправільным кірунку. Вось і даводзіцца прыстасоўвацца.
Галоўны сэнс сёлетняга пасланьня — гэта наданьне Лукашэнку новага вобразу — вобразу мадэрнізатара.

Галоўны сэнс сёлетняга пасланьня — гэта наданьне Лукашэнку новага вобразу — вобразу мадэрнізатара. Не стабільнасьць, а мадэрнізацыя, хуткасьць, гнуткасьць, творчасьць, пераход на інфармацыйныя тэхналёгіі, апора на моладзь — вось новыя чыньнікі разьвіцьця.

Але, падаецца, Лукашэнка ў новым вобразе выглядаў неяк ненатуральна, штучна. І справа ня толькі ў тым, што для лідэра левага рэжыму, сацыяльнай мадэлі эгалітарнага тыпу ажыцьцявіць такое палітычнае сальта-мартале зусім ня проста.

Галоўнае, што мадэрнізацыя разумеецца вельмі вузка. Яна не распаўсюджваецца на палітычную сыстэму. І тут дарэчы будзе прыгадаць гісторыю з скарачэньнем дзяржапарату. Справа ў тым, што напачатку гэтая кампанія была аб’яўлена рэформай дзяржаўнага апарату. І вось цяпер высьвятляецца, што ніякай рэформай тут і ня пахне. Фактычна ўсё зьвялося да банальнага скарачэньня колькасьці чыноўнікаў.

І ў эканамічнай сфэры Лукашэнка не плянуе зьмены вытворчых адносін. Ён катэгарычна адрынуў рэформы, прыватызацыю. Высьветлілася, што пад мадэрнізацыяй прэзыдэнт разумее ўсяго толькі тэхнічнае абнаўленьне прадпрыемстваў.

Лукашэнку выдаюць мэтады і мэханізмы, з дапамогай якіх ён думае ажыцьцявіць мадэрнізацыю вытворчасьці. Праз увесь выступ гучала рэзкая крытыка на адрас чыноўнікаў, пагрозы пасадзіць іх за краты. Ён прыгадаў сваё рашэньне ўвесьці «прыгоннае права» ў дрэваапрацоўчай галіне ў якасьці прыкладу, як трэба праводзіць мадэрнізацыю. Таксама запатрабаваў абавязкова разьмяркоўваць выпускнікоў мэдычных унівэрсытэтаў, якія вучацца на платнай аснове.

Яшчэ важны момант. Лукашэнка асьцерагаецца, каб мадэрнізацыю не палічылі чарговай палітычнай кампаніяй перад наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі. І заявіў, што яна ў Беларусі «пачалася даўно, я б нават сказаў, што мы ўступаем у апошнюю стадыю, крайнюю стадыю гэтай мадэрнізацыі». Гэта значыць, што можна ўжо зьбіраць плады. Маўляў, няважна якія мэтады, быў бы вынік.
Вельмі цікава, што Лукашэнка прыводзіў прыклады, якія абвяргаюць эфэктыўнасьць мадэрнізацыі па-беларуску

І вось тут вельмі цікава, што Лукашэнка прыводзіў прыклады, якія абвяргаюць эфэктыўнасьць мадэрнізацыі па-беларуску. У сельскай гаспадарцы гэты працэс адбываецца даўно. І высьвятляецца, што траціна калгасаў стратныя паводле афіцыйнай статыстыкі. Насамрэч, уся гэтая галіна непрыбытковая.

7 мільярдаў даляраў затрачана на мадэрнізацыю энэргетыкі. І цяпер выяўляецца, што грошы патрачаны не па- гаспадарску, у Міністэрстве энэргетыкі акапаліся мафіёзі й бандыты, і давялося адпраўляць у адстаўку міністра і яго намесьніка.

Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны пачалася у 2007 годзе й павінна была даўно завяршыцца. Аднак грошы прафукалі, вынікаў няма, і мінулым годам Лукашэнку давялося асабіста умяшацца, разагнаць кіраўніцтва канцэрну «Беллесбудпрам», увесьці ў галіне «прыгоннае права».

Пабудавалі новыя цэмэнтныя заводы, яны выпрацоўваюць шмат цэмэнту. Аднак вядома, што заводы ніяк ня могуць стаць прыбытковымі, а трэба неяк вяртаць кітайцам крэдыты.

І ўвогуле, падаецца, што цікавасьць насельніцтва да таго, што цяпер гаворыць Лукашэнка, рэзка зьнізілася. Ад яго выступаў абываталі стаміліся. Іх цяжка захапіць новай рыторыкай, калі зьмест палітыкі застаецца стары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG