Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гайдукевіч зноў зьбіраецца балятавацца ў прэзыдэнты


Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч 20 красавіка вылучаны прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

За гэта прагаласавалі ўсе 175 дэлегатаў пазачарговага партыйнага зьезду, які прайшоў сёньня ў канфэрэнц-залі менскага гатэля «Юбілейны».

Сёньняшняе вылучэньне з гледзішча беларускага заканадаўства чыста фармальнае, паколькі афіцыйнае вылучэньне адбываецца толькі пасьля таго, як абвяшчаецца выбарчая кампанія. Пра тое, што вымушае Сяргея Гайдукевіча сьпяшацца, ён распавёў з трыбуны зьезду:

«Сёньня да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі застаецца паўтара года. На пачатку 2015 году разгортваецца вялікая прэзыдэнцкая гонка. А што такое паўтара году? Гэта нішто».

Дзеяньні Сяргея Гайдукевіча можна зразумець, у іх ёсьць пэўны прагматызм, лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Любому палітыку, любому дзеячу выгадна засьвяціцца. Бо гэтае імя падхопліваюць мэдыі, так ці інакш яно мільгае. Хай нават сабе будуць крытыкаваць, пасьмейвацца, казаць, што гэта фальшывая фігура і г. д. Але любы піяр — гэта піяр. І таму нейкія працэнты галасоў выбарцаў і такім чынам патэнцыйна зарабляюцца».

Сяргей Гайдукевіч выказаў меркаваньне, што выбары ў 2015 годзе будуць вельмі адрозьнівацца ад усіх папярэдніх, асабліва ад апошніх:

«Адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў ня будзе. Яму проста няма адкуль узяцца. А калі б ён быў, дык яго патрэбна было абіраць яшчэ ўчора. І таму, што мы маем на сёньняшні дзень? Два асноўныя кандыдаты — дзейны прэзыдэнт і прадстаўнік ЛДП».

Пасьля, праўда, спадар Гайдукевіч дадаў, што як магчымы варыянт ён разглядае трэцяга кандыдата, які, на ягоную думку, можа прэзэнтаваць Беларускі народны фронт. Што тычыцца Ўладзімера Някляева і Аляксандра Мілінкевіча, то лідэр ЛДП згадаў, што ў 2015 годзе ім будзе пад 70. А вось сябе ён параўнаў з Аляксандрам Лукашэнкам: абодва нарадзіліся ў адзін год з розьніцай усяго ў 10 дзён.

Аляксандар Класкоўскі кажа, што сюжэт новых прэзыдэнцкіх выбараў залежыць ад шэрагу яшчэ ня вызначаных чыньнікаў:

«Я магу зазначыць, што ніколі і не было адзінага кандыдата ад апазыцыі ў строга фармальным такім сэнсе і на ўсіх папярэдніх выбарах. Таму верагодна, што сапраўды на выбарах-2015 у бюлетэнях будзе толькі некалькі прозьвішчаў. Адзінае, што апазыцыя, напэўна, пастараецца зрабіць нейкія высновы з таго параду кандыдатаў, з россыпу супернікаў Лукашэнкі на выбарах-2010, калі гэта прывяло да поўнага бязладзьдзя, да анархіі на Плошчы. І напэўна, усё ж такі пэўныя высновы будуць зробленыя».

Сяргей Гайдукевіч удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году, дзе атрымаў 2,48% галасоў выбарцаў і выбарах 2006 году — 3,5%. На выбарах 2010 году зьняў сваю кандыдатуру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG