Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найперш – няздольнасьць грамадзянаў зьмяніць уладу


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2012 годзе.

Разьдзел, прысьвечаны Беларусі, якую ў дакумэнце, як і ў мінулыя гады, называюць «аўтарытарнай дзяржавай», зьмяшчае моцна крытычныя ацэнкі. Гэтая крытыка ў значнай ступені супадае з ацэнкамі з аналягічных справаздачаў мінулых гадоў.

У рэзюмэ беларускага разьдзелу, у прыватнасьці, гаворыцца:

Найбольш значнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму застаюцца наступныя: а) няздольнасьць грамадзянаў зьмяніць уладу; b) у сыстэме, пазбаўленай прынцыпу стрыманьня і процівагі, улады дапускаюць частыя, сур’ёзныя злоўжываньні; с) людзей працягвалі зьнявольваць паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў, і улады дагэтуль не далі справаздачы аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у мінулым.

Іншыя праблемы з правамі чалавека ўключалі злоўжываньні з боку сілаў бясьпекі, якія зьбівалі затрыманых і дэманстрантаў, ужывалі празьмерную сілу для разгону мірных дэманстрантаў і, паводле паведамленьняў, ужывалі катаваньні або жорсткае абыходжаньне падчас сьледзтва і ў турмах. Умовы ў турмах заставаліся надзвычай дрэнныя.

Улады выкарыстоўвалі неапраўданыя арышты, затрыманьні і зьняволеньні грамадзянаў за крытыку чыноўнікаў, за ўдзел у дэманстрацыях і зь іншых палітычных прычынаў.

Судовая сыстэма пакутавала ад неэфэктыўнасьці і палітычнага ўмяшаньня; вынікі судовых справаў часта выглядалі перадвызначанымі, а шмат якія працэсы праводзіліся пры зачыненых дзьвярах або завочна.

Улады працягвалі парушаць правы грамадзян на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця. Улады далей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і руху. Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы актывістаў грамадзянскай супольнасьці і перашкаджалі незалежным сродкам масавай інфармацыі ў распаўсюджваньні інфармацыі і матэрыялаў.

Улады па-ранейшаму перашкаджалі ў дзейнасьці некаторых рэлігійных груп або забаранялі іх, час ад часу штрафуючы іх або абмяжоўваючы іх актыўнасьць. Карупцыя ва ўсіх галінах улады працягвала заставацца праблемай. Улады перасьледавалі праваабарончыя групы, няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі, адмаўляючы ў рэгістрацыі шмат якім зь іх, а потым пагражаючы ім крымінальным перасьледам за дзейнасьць без рэгістрацыі.

Гвалт і дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын, гэтаксама як і гвалт у дачыненьні да дзяцей, таксама заставаліся праблемай. Гандаль людзьмі заставаўся сур’ёзнай праблемай. Існавала дыскрымінацыя ў адносінах да асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі, цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, асобаў зь ВІЧ/СНІД, як і тых, хто імкнуўся карыстацца беларускай мовай.

Улады перасьледавалі і час ад часу звальнялі з працы сяброў незалежных прафсаюзаў, сур’ёзна абмяжоўваючы магчымасьці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы ды арганізоўваць і весьці калектыўныя перамовы.

Улады ўсіх узроўняў дзейнічалі з пачуцьцём беспакаранасьці і не рабілі захадаў дзеля судовага перасьледу або пакараньня службовых асобаў ва ўрадзе і сілавых структурах, якія парушалі правы чалавека.

Парушэньні ў турмах


У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным умовам утрыманьня ў турмах, даюцца прыклады ціску на палітычных зьняволеных.

«Вартыя даверу крыніцы сьцьвярджаюць, што адміністрацыі турмаў выкарыстоўвалі іншых зьняволеных супраць палітычных зьняволеных для мэтаў запалохваньня і прымусу да прызнаньня віны. Яны таксама паведамлялі, што ўлады не тлумачылі і не абаранялі законныя правы палітычных вязьняў, і каралі зьняволеных за любое найменшае парушэньне «ўнутранага рэжыму». Напрыклад, 14 сакавіка палітычнага вязьня Зьмітра Дашкевіча зьмясьцілі ў адзіночнае зьняволеньне на 30 дзён трэці раз запар. 27 чэрвеня палітычнага вязьня і былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколу Статкевіча зьмясьцілі ў адзіночнае зьняволеньне за адмову сядзець у адной камэры зь ВІЧ-інфікаваным зьняволеным, які да таго двойчы рэзаў сабе вены».

Таксама адзначаецца, што ў хуткім часе пасьля вызваленьня з турмы 15 красавіка былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў заявіў, што на яго ціснулі, каб ён падпісаў прашэньне аб памілаваньні, як умову для вызваленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG