Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 красавіка: пачатак паўстаньня Касьцюшкі, дзень памяці Язэпа Адамовіча і рэтраспэктыва фільмаў Яна Кольскага ў Менску


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Польскі Інстытут і кінатэатар «Перамога» пачынаюць рэтраспэктыву польскага рэжысэра Яна Якуба Кольскага. Пачатак сэансаў у 19.00. Уваход вольны.

Менск. У клюбе Re:public – прэс-канфэрэнцыя актора, лідэра гурту «Гукі му» Пятра Мамонава. Пачатак пасьля спэктаклю «Дзед Пётар і зайцы» у 22.00.

Менск. У прэс-цэнтры канькабежнага стадыёну СК «Менск-Арэна» прэс-канфэрэнцыя арганізатараў аўтамабільнай выставы «Маторшоў».
Пачатак у 16.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1725 – адбыўся шлюб вельмі калярытных постацяў беларускай гісторыі – Урсулы Францішкі Вішнявецкай і нясьвіскага ардыната, вялікага гетмана Міхала Казімера Радзівіла, празванага Рыбанькам. Хранікёры пішуць, што гэта быў шчасьлівы саюз. Урсула так кахала мужа, што падаравала яму мноства паэтычных твораў і ажно трыццаць шэсьць дзяцей. Праўда, па волі лёсу большасьць іх памерла ў маленстве, а з сыноў выжыў толькі адзін – улюбёнец шляхты, славуты Пане Каханку. Тое вясельле, пра якое мы згадваем сёньня, цягнулася цэлы год. Маладыя сьвяткавалі ў фамільных маёнтках, у сваякоў, ладзілі карнавалы ў сталіцах і толькі праз год іх сустракалі дома, у Нясьвіжы.

1794 – пачатку паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі на беларускіх землях. У гэты дзень кіраўніцтва паўстаньнем у Вялікім Княстве ачоліў палкоўнік Якуб Ясінскі.

1838 – роўна 175 гадоў таму ўпершыню параход перасек Атлянтычны акіян. У гавань Нью-Ёрку прыбыў англійская карабель «Сырыюс». Яго падарожжа заняло 18 дзён і 10 гадзін.

1838 – украінскі кабзар Тарас Шаўчэнка піша сваю знакамітую паэму «Кацярына», якую потым перакладзе на беларускую мову Янка Купала.

1937 – у абставінах сталінскага тэрору скончыў жыцьцё самагубствам Язэп Адамовіч, адзін зь першых кіраўнікоў беларускага савецкага ўраду.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі – чужыя людзі,
Чыняць ліха з вам.


Тарас Шаўчэнка, «Кацярына» (Пераклад Янкі Купалы)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG