Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не заплаціў за кватэру? Спыняць на мяжы


«Не заплаціце за кватэру — ня зможаце выехаць за мяжу», — такое паведамленьне ад камунальнікаў атрымалі ў жыроўках жыхары Салігорску. Гараджане занепакоіліся, а ў разлікова-касавым цэнтры Салігорску кажуць, што ўжо й ня ведаюць, што прыдумаць, каб прымусіць людзей аплачваць камунальныя паслугі. Што прымусіла салігорскіх камунальнікаў пайсьці на такія меры?

Іна Зубовіч, супрацоўніца разьлікова-касавага цэнтру Салігорску, кажа, што сытуацыя з аплатай камунальных паслугаў у горадзе «жалю вартая».

«Ужо проста ня ведаеш, як зь імі змагацца — і так, і гэтак. Вось зараз будуць выяжджаць на адпачынак, таму далі аб’яву, што сьпісы даўжнікоў будзем адпраўляць на мытню».

Зубовіч кажа, што гэта адна зь мераў узьдзеяньня на нядбайных гаспадароў кватэраў. У Салігорску ёсьць людзі, якія ня плацяць гадамі. Іх камунальнікі ведаюць пайменна. Большасьць зь іх працаздольныя, але злоўжываюць алькаголем.

Па словах спадарыні Зубовіч, адказным уладальнікам кватэраў такая мера нічым не пагражае.

«Я ня ведаю, якую трэба мець памяць, каб год забывацца плаціць за кватэру. Гэта якую трэба памяць мець, — абураецца Іна Зубовіч. — Я не разумею, чаго людзі так напалохаліся. Калі ты плаціш — чаго табе баяцца? Тэлефануюць мне: „Вось я ляжу ў шпіталі“. Дык калі ты ляжыш у шпіталі, за якую мяжу ты сабраўся?! Калі ты ня плаціш алімэнты, цябе ж таксама ня выпусьцяць за мяжу!»
Раз у яго не хапае грошай заплаціць за газ, за сьвятло, за ваду — то куды тады ехаць?!

«Раз у яго не хапае грошай заплаціць за газ, за сьвятло, за ваду — то куды тады ехаць?!» — пытаецца Аляксандар Цішчанка, прэс-сакратар Памежнага камітэту. Ён нагадвае, што забараніць выезд за мяжу можна толькі па рашэньні суда, але калі рашэньне будзе, то за мяжу сапраўды ня пусьцяць.

Супрацоўніца РКЦ кажа, што пра пазыкі па квартплаце нагадваюць асабіста, тэлефануюць, нават зарэгістраваліся ў «Аднаклясьніках» і пішуць там. Але салігорцы ўжо недаплацілі квартплаты на 540 мільёнаў беларускіх рублёў.

«Людзі гадамі жывуць без гарачай вады, газу і электрычнасьці, — распавядае Іна Зубовіч. — Халодную ваду мы ня маем права ім адключаць. Там страшныя кватэры. Дзяўчаты нашыя ходзяць па двое, па трое, бо да іх нават страшна набліжацца».

Зубовіч нагадвае, што паводле заканадаўства трэба аплачваць камунальныя паслугі да 25 чысла кожнага месяца. Калі пратэрмінавалі — вынесуць папярэджаньне і пачнуць налічаць пеню. А праз тры месяцы — прыйдуць і адключаць газ, электрычнасьць і гарачую ваду. Але і гэтыя меры дзейнічаюць не на ўсіх.
Ёсьць буйныя даўжнікі, не пускаюць у кватэру. Хадзіць да іх даводзіцца зь міліцыяй

«Ёсьць буйныя даўжнікі, не пускаюць у кватэру. Хадзіць да іх даводзіцца зь міліцыяй», — распавядае Іна Зубовіч. — Мы столькі шышак набілі ўжо ў гэтай сфэры! Але ў нас ёсьць такія наклейкі, якія разьвешваем у пад’ездах: „Ты не аплаціў камунальныя паслугі — ты стаіш у сьпісах на высяленьне“. І гэтая мера дала вынік: за некалькі дзён грамадзяне кампэнсавалі 7 мільёнаў запазычанасьцяў».

Паводле новага Жыльлёвага кодэксу, які ўступіў у сілу з 2 сакавіка, ня плаціш за кватэру паўгода — і цябе ўжо можна паспрабаваць выселіць. Больш за тое, цяпер кодэкс дазваляе высяляць даўжнікоў ня толькі зь дзяржаўнага, але і з прыватнага жытла. Калі раней проста прапаноўвалі меншую жыльлёвую плошчу, то цяпер могуць адсяліць і ў вёску, у жытло без выгодаў. Зубовіч кажа, што за мінулы год нікога не адсялялі, але практыка адсяленьняў у Салігорску ёсьць.

«Такая мясцовая ініцыятыва не дапаможа прымусіць няплатнікаў стаць больш сьвядомымі. Ведаеце чаму? — пытаецца салігарчанка Варвара. — Мне здаецца, той, хто ня плаціць за кватэру, больш з катэгорыі тых, хто вядзе асацыяльнае жыцьцё. Такі і за мяжу ня надта езьдзіць. Хутчэй, зь цягнікоў будуць здымаць тых, хто не заплаціў выпадкова, захварэў, альбо ня змог дамовіцца з кімсьці, альбо нешта пераблытаў… А калі нехта захоча выехаць тэрмінова, то зробіць гэта праз Расею».
Хутчэй, зь цягнікоў будуць здымаць тых, хто не заплаціў выпадкова

Салігарчанін Уладзімер Шыла кажа, што Салігорск мае імідж аднаго з самых заможных гарадоў краіны. І чаму людзі масава адмаўляюцца плаціць за кватэру, зразумець цяжка.

«Тыя людзі, якія нашую ўладу любяць і прэзыдэнта, за мяжу ня езьдзяць. І горача падтрымаюць — так ім, гэтым гадам, і трэба. У нас такая краіна — людзі разумеюць, што „свабоду на хлеб не намажаш“».

Не падабаецца ініцыятыва і Аляксею Валабуеву. «Якое дачыненьне маюць мае запазычанасьці да права выехаць за мяжу?» — пытаецца ён. Ён кажа, што мясцовыя ўлады ў Салігорску схільныя «перагінаць палку» і карыстаюцца нізкім узроўнем юрыдычнай абазнанасьці людзей.

Пагрозу абмежаваньня выезду за мяжу ўспрынялі рэальна. Людзі тэлефануюць гарадзкім уладам, пішуць у газэты. Гэтая мера ўспрымаецца грамадзтвам як рэпрэсіўная. Яшчэ ў мінулым годзе дзейнічаў сьпіс невыязных зь Беларусі палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. І няма ніякіх гарантыяў, што заўтра гэтаксама не забароняць пакідаць Радзіму і простым грамадзянам за дробныя правіны.
XS
SM
MD
LG