Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму дывановая дарожка, каму штуршкі міліцыянтаў


Актывісты грамадзкай ініцыятывы «Супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры» спрабавалі перадаць Аляксандру Лукашэнку падчас ягонага выступу ў парлямэнце пісьмовы зварот.

Ініцыятыва аб’ядноўвае тых, хто дамагаецца перагляду крымінальных спраў, зь якімі нязгодны, ды разьвязаньня іншых праблемаў. Актывісты кажуць, што гадамі марна ходзяць па чыноўніцкіх кабінэтах, а шмат з кім зь іх чыноўнікі ўжо спынілі перапіску. Таму ў іх застаўся адзіны спосаб дамагчыся праўды — «дагрукацца» да Аляксандра Лукашэнкі.

Але 19 красавіка актывістаў ініцыятывы да кіраўніка дзяржавы, дзеля якога на ўваходзе ў парлямэнт адмыслова паслалі дывановую дарожку, нават не падпусьцілі.

Больш за 10 жанчын і мужчын сталага веку трымалі ў руках асобнікі Канстытуцыі і цытаты з Асноўнага закону на вялікіх кавалках тканіны. Людзі ў цывільным з рацыямі адціснулі іх спачатку па вуліцы Савецкай да плошчы Мясьнікова, а потым да Тэатру музычнай камэдыі.

Праваабаронца Тамара Сяргей сказала карэспандэнту Свабоды пасьля 15 гадзіны дня:

«На плошчу пазьней мы ўсё ж вярнуліся, пратачыліся па адным. Каля галоўнага ўваходу яшчэ заставалася дывановая дарожка, пасьцеленая для Лукашэнкі, але нас да парлямэнту ўсё роўна не пусьцілі. Прыйдзецца адпраўляць наша пасланьне па пошце. Гэта будзе 39-е пасланьне Аляксандру Лукашэнку ад нашай ініцыятывы. Для нас, хто дабіваецца праўды, сёньняшні дзень скончыўся гэтак жа сумна, як і ранейшыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG