Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Сацюк: У кіраўніцтве міліцыі бардак


Журналіст Белапан Сяргей Сацюк распавёў падрабязнасьці свайго затрыманьня ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды:

«Я ўсе адзьняў, склаў тэхніку, стаяў на вуліцы на выхадзе зь Міхайлаўскага парку. Пад’ехала міліцэйская машына. Сказалі: „Здымалі? Пройдзем, калі ласка, трэба паглядзець відэа“. Пасадзілі і адвезьлі. Паглядзелі відэа і пачалі выдаляць. Калі выдалілі, я забраў карткі, і ўсё».

Карэспандэнт: «То бок з вашых запісаў нічога не засталося. А што вы канкрэтна здымалі?»

Сацюк: «Гэта група Тамары Сяргей, наколькі я разумею. Яна зьбіралася пайсьці з плякатамі Канстытуцыі, там другі і саракавы артыкулы Канстытуцыі, да будынку ўраду і падараваць іх ураду. Вось і здымаў, як яны ішлі, там невялікі камэнтар быў самой спадарыні Тамары. І ўсё».

Карэспандэнт: «А вы не дайшлі да Дома ўраду?»

Сацюк: «Не, я і не зьбіраўся ісьці. Міліцэйская машына пад’ехала, калі я ўжо склаў тэхніку і зьбіраўся ехаць у рэдакцыю».

Карэспандэнт: «А чаму вас так доўга трымалі ў пастарунку?»

Сацюк: «Бо яны пачалі выдаляць відэа з карткі. А там у мяне дзьве вялікія карткі па 32 гігі. Яны проста вельмі доўга фарматаваліся. Мне сказалі, што я не затрыманы і я магу быць вольным. Але там былі мае карткі, і я проста чакаў у пастарунку».

Карэспандэнт: «Як вы ставіцеся да такіх дзеяньняў?»

Сацюк: «Насамрэч яны ня мелі рацыі, але ж гэта бардак у кіраўніцтве. Калі малодшы чыноўнік робіць тое, што яму сказаў старэйшы, а самы старэйшы чыноўнік лічыць, што так рабіць нельга. Мы тэлефанавалі кіраўніку прэс-службы Ластоўскаму з рэдакцыі, і той сказаў, каб нічога не чапалі, проста паглядзелі і адпусьцілі. Але ж ён патэлефанаваў, калі ўжо пачалі выдаляць відэа. Я яшчэ напісаў тлумачэньне, што я там рабіў. Я сказаў, што гэта мая прафэсійная дзейнасьць, што я там быў на працы, не мацюгаўся, піва ня піў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG