Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правядзеньне «Чарнобыльскага шляху» дазволена


Чарнобыльскі шлях - 2012

Чарнобыльскі шлях - 2012

Пра гэта заяўнікаў акцыі праінфармавалі 19 красавіка ў Менгарвыканкаме, паведаміў агенцтву БелаПАН адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі.

Пры гэтым арганізатараў папрасілі скарэктаваць пачатак акцыі, спаслаўшыся на час пік. «Такім чынам, збор удзельнікаў акцыі пачнецца 26 красавіка не ў 18.00, а ў 18.30 каля кінатэатра „Кастрычнік“. Само шэсьце пачнецца ў 19.00, а мітынг у парку Дружбы народаў — у 20.00. Мы плянуем, што ён будзе доўжыцца прыкладна гадзіну, пасьля чаго ахвотныя змогуць ускласьці кветкі да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай», — сказаў Садоўскі.

Акрамя таго, улады дазволілі выкарыстаньне сьцягоў, транспарантаў і расьцяжак, а таксама паабяцалі, што неабгрунтаваных затрыманьняў ня будзе.

Разам з тым гарвыканкам не задаволіў просьбу заяўнікаў аб выдзяленьні асобнай паласы праезнай часткі на час шэсьця. «У Менгарвыканкаме гэта растлумачылі гадзінай пік і магчымымі нязручнасьцямі для жыхароў», — сказаў Садоўскі.

Заяўнікі акцыі таксама не атрымалі гарантыі таго, што будзе забясьпечана магчымасьць выкарыстаньня гукаўзмацняльнай апаратуры на мітынгу ў парку. «У выканкаме нам паведамілі, што забесьпячэньне апаратурай не ўваходзіць у іх кампэтэнцыю, што нам трэба заключаць адпаведны дагавор з арганізацыяй, перашкаджаць чаму ніхто ня будзе. Мы спрабавалі атрымаць нейкія гарантыі, але так нічога і не дамагліся. Верагодна, улады зноў наўрад ці прапусьцяць гукаўзмацняльную апаратуру на месца правядзеньня мітынгу», — адзначыў Садоўскі.

Акрамя прадстаўніка аргкамітэту БХД заяву на правядзеньне акцыі падпісалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзьмітры Кавалгін, грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Тацяна Новікава, Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.

Аднак сёньня са складу заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” выключылі прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзьмітрыя Кавалгіна. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў Зьміцер Садоўскі:

«У Менгарывканкаме спаслаліся на тое, што яму на пачатку гэтага года, паводле суду, браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Хаця Зьміцер пра гэта нічога і не чуў. То бок сустрэча пачалася з выключэньня аднаго з заяўнікаў».

«Чарнобыльскі шлях» — вулічная акцыя, якую праводзіць беларуская апазыцыя штогод з 1988 году ў Менску ў фармаце шэсьця, якое завяршаецца мітынгам. Выключэньне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG