Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы не дапусьцім рэвалюцый


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Штогадовы рытуал — выступ Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савета Рэспублікі.

Зварот да дэпутатаў


Разьвітваючыся, Лукашэнка зьвярнуў увагу, што ўпершыню зьвяртаецца да новага складу Нацыянальнага сходу:

«Вы ўсе мае дзеці, вы пальцы маёй рукі. Я вельмі хачу, каб у нас была гармонія».


Пра замежных укладчыкаў


Людміла Дабрыніна з Оршы спытала, ці пасьля канфіскацыі ўкладаў на Кіпры варта запрасіць замежных укладчыкаў у Беларусь?

Лукашэнка: «Я паставіў Мясьніковічу такую задачу, ён у нас спэцыяліст па грашах. Мы гатовы нават забясьпечыць асобны банк для гэтага».



Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Казаць пра тое, што Беларусь можа стварыць нейкі спэцыяльны банк для замежных укладчыкаў зь вялікім да гэтай установы даверам — гэта нават не ілюзія. Гэта — непраўдападобна», — лічыць былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. І тлумачыць «Свабодзе», чаму гэта нерэальна:

«Лукашэнка сказаў, што дэмакраты Эўропы абрабавалі ўкладчыкаў-дэпазытарыяў. Але ён не сказаў, што ў 2011 годзе ўрад Беларусі, які дапусьціў абвал на спажывецкім і валютным рынках і дэвальвацыю ў тры разы, абрабаваў усіх, хто ўклаў грошы ў беларускія банкі.

Лукашэнка як бы кажа: мы добрыя, вязіце да нас свае грошы. Але ж мы зусім нядаўна самі абваліліся. Укладчыкі, якія трымалі грошы ў беларускіх рублях, страцілі ў пераліку на даляры адзін мільярд даляраў. Гэта і ёсьць рабунак.

На Кіпры абрабавалі расейскіх і ўкраінскіх алігархаў, якія вывезьлі туды свае накрадзеныя капіталы. А мы абрабавалі ўласнае насельніцтва».



Пра менскі аэрапорт


Дзьмітрый Харытончык выказаў сумнеў у гатоўнасьці Нацыянальнага аэрапорта да прыёму гасьцей на чэмпіянат сьвету 2014 году па хакеі.

«Мы забясьпечым прыём гасьцей, мы можам прыняць усе самалёты. Але мы хацелі б зрабіць сучасны аэрапорт. Мы разьлічвалі тут на крэдыт кітайцаў, але яны павялічылі кошт праекта ў два разы. Мы шукаем аптымальную прапанову».



Пра тэракт у ЗША


Ларыса Бойнік спытала Лукашэнку аб нядаўніх тэрактах і аварыях у ЗША: «Ці трэба ўсяму сьвету супрацьстаяць такім пагрозам?»

Лукашэнка: «Ні адна краіна ня можа сама застрахаваць сябе ад падобных праблем, нават такая высокатэхналягічная, як ЗША. Тэрарызм — гэта павуціна на нашай плянэце».





Пра газаправод «Ямал-Эўропа-2»


Сэнатар Віталь Кастагораў спытаў за будаўніцтва газаправода «Ямал-Эўропа-2»

«Мы дзьвюма рукамі за, гэта высокатэхналягічны праект, гэта новыя працоўныя месцы. Мы будзем будаваць і эксплуатаваць гэты газаправод. Дамовяцца расейцы з палякамі, мы заўтра пачнём будаваць».


Пра СГА


Алена Шамаль з Бабруйска спытала пра пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ва Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Лукашэнка: «Мы фактычна ў СГА, калі Расея, наш асноўны партнэр, там апынулася. Тое ж, што мы яшчэ юрыдычна не там, то ў нейкай меры гэта нам і выгадна. Але мы ўжо адной нагой там. Нядаўна ЗША абяцалі не блякаваць далучэньне Беларусі да СГА, гэтаксама як і Эўразьвяз».



Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Ня бачу ніякай юрыдычнай выгады ад таго, што Беларусь яшчэ не далучылася да СГА, — адзначае эканаміст Сяргей Чалы. — Гэта, наадварот, нявыгадна.

Таму што СГА — гэта найперш не сыстэма абмежаваньняў, а сыстэма цывілізаванага разьвязваньня гандлёвых спрэчак паміж краінамі і кампаніямі розных краін. І атрымліваецца, што дэ-факта мы ўжо вымушаныя жыць паводле гэтых правілаў. Паколькі паводле іх ужо жыве Расея, а праз мэханізмы Мытнага зьвязу і Адзінай эканамічнай прасторы — і Беларусь. То бок абмежаваньні на нас ужо дзейнічаюць, а скарыстацца паслугамі СГА для цывілізаванага разьвязваньня спрэчак мы ня можам. Так што тут Лукашэнкам няпраўда сказаная».


Пра сельскія саветы


Дэпутат Мікалай Іванчанка са Стаўбцоў спытаў аб плянах скасаваць сельскія саветы і замяніць адміністрацыямі.

Лукашэнка: «Мы падступаліся да гэтага пытаньня, Батура быў тут закапёршчыкам. Я сам быў дэпутатам сельсавета, і не хацелася б страціць там нашых актывістаў. Напэўна, нам сьпяшацца ня трэба, зараз ідзе прапрацоўка многіх пытаньнях, але ўдасканальваць, аптымізаваць сельсаветы трэба».

Пра кепскі стан дарог


Дэпутат Сяргей Бохан зь Віцебска спытаў Лукашэнку аб кепскім стане беларускіх дарог: «Адной з прычын — недастатковае фінансаваньне рамонту. Можа трэба перагледзець сыстэму фінансаваньня дарожнай гаспадаркі, вярнуць дарожныя фонды».


Лукашэнка: «Бліжэйшым часам я буду разьбірацца з дарожнай гаспадаркай, так жа, як і з Мінэнэрга. Пытаньне ў тым, як рацыянальна выкарыстоўваюцца грашовыя сродкі».


Пра рэзкасьць і нецярпімасьць


У канцы свайго двухгадзіннага выступу Лукашэнка дазволіў сабе прызнаньне:

«У нас шмат рэзкасьці, нецярпімасьці, гэта датычыць і мяне, і Мясьніковіча, і ўсіх, у значнай ступені гэта зьвязана з нашай суровай гісторыяй. Але жыцьцё мяняецца. Трэба быць больш чулымі. Давайце ў год беражлівасьці берагчы адзін аднаго».





Пра нармалізацыю адносін з Захадам


«Мы ня хочам з вамі сварыцца, мы хочам быць з вамі ў добрых адносінах, але мы не станем перад вамі на калені. Усё аб чым мы дамовіліся, мы будзем выконваць. Але ня трэба нас душыць, вы самі пераканаліся, што санкцыі непрадуктыўныя. А дэмакратыі ў нас меней ня будзе, чым у вас. Ну не прымушайце нас уводзіць аднаполыя шлюбы, ня будзе тут галубізны, а вы адыходзіце ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Мы гэтага не прымаем. Мы не дапусьцім і рэвалюцый. Хай будзе апазыцыя, але хай сумленна змагаюцца, парушаць парадак — атрымаюць па галаве. Мы дзейнічаем, як і вы. Ну не сасьпелі мы да галубізны, пачакайце крыху».



Пра замежную палітыку


«Прыярытэт Беларусі — нашыя суседзі, з брацкай Расеяй нас зьвязваюць саюзьніцкія адносіны. І ведучы перамовы з Захадам мы не будзем зыходзіць з таго, мы з вамі ці з Расеяй. Расея і Беларусь — гэта адно цэлае. Ніхто ня здольны парушыць гэты сьвяты закон. І патрабаваць ад нас, каб мы павярнуліся ад Расеі гэта контрпрадуктыўна».


Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў згадвае, што некалькі гадоў таму Лукашэнка ў якасьці стратэгічнага партнэра Беларусі называў Кітай, сёньня ж акцэнт зроблены зноў на Расею.

«Гэта зроблена, мусіць, таму, што дачыненьні з Расеяй цяпер складаюцца не найлепшым чынам. І іх трэба, адпаведна, наладжваць. Але так, каб і захаваць свае інтарэсы. Інакш кажучы, на сваіх умовах.

Безумоўна, наладзіць дачыненьні з Расеяй цалкам на сваіх умовах у Лукашэнкі ня выйдзе. Але зьменшыць ціск, які ідзе апошнім часам з боку Крамля, можна паспрабаваць».


Пра ахову мяжы


«Будзе наведзены парадак у пунктах пропуска. Не дай Бог, яшчэ нейкі шарлатан праедзе праз дзяржаўную мяжу, як гарачы нож праз масла, крыўдуйце на сябе. Дзейнічаць будзем жорстка. Памежнікі прыменяць зброю пры першым непадпарадкаваньні. Мяжа — гэта ня дзірка».



Пра скарачэньне чыноўнікаў


«Колькасьць чыноўнікаў у Аўстрыі ў два разы вышэй, чым у Беларусі. Але ў нас ёсьць рэзэрв, каб скараціцца. Мною падпісаны ўказ аб скарачэньні дзяржаўнага апарату на 25 працэнтаў. Калі гэта ня будзе выканана, гэта будзе палітычная правакацыя».

Алег Манаеў камэнтуе для Свабоды:

Алег Манаеў

Алег Манаеў

«Літаральна два тыдні таму мы надрукавалі вынікі апытаньня па гэтай праблеме», — адзначае дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў:

«Мы казалі, што прэзыдэнт абвясьціў рэформу сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня і мае намер скараціць чыноўнікаў на 25%. І мы пацікавіліся стаўленьнем людзей да гэтай ініцыятывы.

І сутнасьць адказаў такая — бальшыня беларусаў у гэтую рэформу ня верыць. Яны лічаць, што гэта не прывядзе да павышэньня эфэктыўнасьці кіраваньня дзяржавай. Нават калі нейкае скарачэньне і адбудзецца.

Гэта, як кажуць лыка ў строчку. Вось што кажа Лукашэнка. І вось што народ пра гэта думае. Ніхто дакладна ня ведае — скароціць, не скароціць, ці проста нешта ператасуе ? Справа ня ў гэтым. Нават калі скароціць, ці будзе ад гэтага карысьць? Вось у чым вышэйшы сэнс!»



Пра спорт


«Чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 года — экзамэн для ўраду і Менскага гарвыканкама. Трэба, каб людзі прыехалі да нас і сказалі, што гэта іншая краін, чым мы ў сябе чытаем».


Пра культуру


«Падтрымліваць патрыятычную лінію беларускай культуры». Да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкіх акупантаў адкрыць лепшы ў сьвеце музэй Вялікай Айчыннай вайны.


Пра ўшчыльненьне забудовы


«Абавязкова трэба ўлезьці і зубатычын надаваць людзям, каб яны азлобленыя хадзілі? Што ў нас, зямлі няма?»


Пра жыльлё


«Падтрымка будзе толькі тым, хто сапраўды мае патрэбу. Сёлета паводле майго даручэньня з чаргі зьнята 85 тысяч грамадзян».




Пра цэны


«Прырост цэнаў не павінен перавышаць прагнозны паказчык, лепей, каб ён быў 10 працэнтаў. Гэта што, мала? Трэба спыніцца».



Пра заробкі настаўнікаў


Лукашэнка заклікае Мінадукацыі ўзьняць з 18 да 20 гадзін нагрузку на стаўку настаўніка і скараціць колькасьць супрацоўнікаў

«Колькі там прыліпал, мэтадычных і іншых калектываў, якія толькі патрабуюць ад настаўнікаў пляны, пляны, пляны».





Мужыкі, не крадзьце!


«Я загадзя папярэджваў: мужыкі ня суньце самі галаву ў пятлю. Я ўсіх папярэдзіў: крок улева ці ўправа самі ведаеце, што будзе. Не чапайце чужога! Вы ж усе веруючыя. Калі вы прыходзіце ў храм і гэтак заўзята моліцеся, чаму ж вы крадзеце? Калі вы хочаце жыць у сваёй краіне і ня хочаце, каб народ вас выкінуў з крэслаў і мяне разам з вамі, добра працуйце».




Аб акцыянаваньні МАЗа і КАМАЗа


«Цягнецца балбатня з нагоды прыватызацыі МАЗа і КАМАЗа. Прыходзьце з прапановамі і атрымаеце поўную падтрымку, а калі да мяне прыходзяць людзі, я пытаюся, што мы атрымаем ад гэтага абя’днаньня, рынкі ў нас ёсьць, і мы не саступаем КАМАЗу па якасьці. У нас ёсьць праграма мадэрнізацыі МАЗа, колькі вы ўкладзяце ў яе? Адказваюць: грошай няма. Мне падказваюць: ды за імі стаяць замежнікі, яны хочуць МАЗ апусьціць. Я на гэтую бандыцкую акцыю не пайду».

Прыватызацыя не панацэя ад усіх бед, МВФ і Расея ў адну дуду нам дудзяць — прыватызуй, але расейцам не трэба нас нахіляць, мы за бясцэнак прадаваць ня будзем, цяпер рынак у самым нізе, у такіх умовах нельга прадаваць актывы".

Леў Марголін пракамэнтаваў для «Свабоды»:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Я як эканаміст-рыначнік магу аж дзьвюма рукамі прагаласаваць за такую пазыцыю і пляскаць у далоні. Калі Лукашэнка сапраўды так думае, і больш за тое — калі ён здолее адстаяць гэтыя пазыцыі перад Расеяй, ад якой ён моцна залежыць, то для нашай краіны гэта будзе толькі карысьць. Бо ён усё кажа правільна: і пра тое, што цяпер рынак знаходзіцца ў ніжняй пазыцыі, і пра тое, што прыватызацыя павінна быць карыснай і для МАЗа, і для краіны, і пра неабходнасьць мадэрнізацыі гэтага прадпрыемства. Усё гэта правільна. Таму застаецца толькі адно пытаньне: ці зможа Лукашэнка супрацьстаяць гэтаму расейскаму націску ў сытуацыі, калі наша палітыка вельмі моцна залежыць ад Расеі?»


Аб прыватызацыі


«Сэнс нашых структурных рэформ не ў раздачы дзяржаўных актываў за бясцэнак, суцэльнай прыватызацыі, як нам раяць і знутры і з-за мяжы, а ў атрыманьні новай якасьці эканомікі».


Пра сельскую гаспадарку


Лукашэнка заявіў: «Стратэгія разьвіцьця сельскай гаспадаркі вызначаная і адмаўляцца ад яе мы не маем намеру», але пры гэтым ён прызнаў, што каля трэці гаспадарак зьяўляюцца стратнымі. Ён заклікаў стварыць у кожным раёне па аднаму буйному агракамбінату:

«Але ніякага валюнтарызму ў сельскай гаспадарцы, пры аб’яднаньні галечы плюса не атрымаеш».


Мадэрнізацыя — не манілаўшчына


Лукашэнка шмат гаворыць пра пляны мадэрнізацыі эканомікі ў розных галінах, абвяргае заявы "апанэнтаў, што гэтыя ягоны лёзунг мадэрнізацыі — манілаўшчына, а не аб’ектыўная патрэба жыцьця, пры гэтым спасылаецца на досьвед Расеі і КНР.



Лукашэнка на пачатку свайго выступу сказаў пра тое, што «пачатак пяцігодкі для Беларусі быў цяжкім».

«Але мы стабілізавалі сытуацыю і пераадолелі рубеж сярэдняга заробку ў 500 даляраў, справіліся з высокай інфляцыяй, заспакоілі валютны рынак».

Між тым Лукашэнка нагадаў пра сусьветны эканамічны крызіс, праблемы Грэцыі і Кіпру:

«Сусьветная эліта ў разгубленасьці, друкуюць мільярды пустых даляраў і эўра... А ад нас яны патрабуюць рэформ».

Лукашэнка заклікаў трымацца да «базавых каштоўнасьцяў»: харчы, жыльлё, рэальны сэктар эканомікі, але разам з тым заклікаў вучыцца жыць у новым сьвеце, дзе ўсё мяняецца.

Лукашэнка пахваліўся: «Вынікі разьвіцьця беларускай эканомікі ў першым квартале гэтага года станоўчыя на фоне таго, што адбываецца ў сьвеце». Але разам з тым прызнаў, што гатовай прадукцыі на складах назапасілася на 30 трыльёнаў рублёў — у два разы больш чым летась. Ключавой праблемай для беларускай эканомікі ён назваў нізкую канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў. Гэтым ён тлумачыць патрэбу мадэрнізацыі эканомікі.

Лукашэнка адстойвае, што цяперашняму курсу патрэбная мадэрнізацыя, а не разбурэньне:

«Мы ўступаем ў апошнюю стадыю мадэрнізацыі, нас жыцьцё да гэтага падштурхнула, уступленьне Расеі ў СГА».

_______________________________________

На выступ Лукашэнкі запрошаныя таксама сябры ўраду, кіраўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпляматы.

Традыцыйна выступ Лукашэнкі цягнецца некалькі гадзін, пасьля чаго дэпутаты могуць задаць пытаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG