Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бжэзінскі заклікаў прыняць Украіну і Беларусь у Эўразьвяз


Зьбігнеў Бжэзінскі на канфэрэнцыі па глябальнай бясьпецы ў Браціславе, 18.04.2013

Зьбігнеў Бжэзінскі на канфэрэнцыі па глябальнай бясьпецы ў Браціславе, 18.04.2013

Тыранія глябальнага хаосу — гэтым бачыць галоўную пагрозу сьвету патрыярх амэрыканскай паліталёгіі, былы дарадца прэзыдэнта Картэра па нацыянальнай бясьпецы Зьбігнеў Бжэзінскі. Пра гэта ён гаварыў на канфэрэнцыі па глябальнай бясьпецы Globsec, якая праходзіць гэтымі днямі ў Браціславе.

Выступоўцу прадстаўляў славацкі палітык, былы пасол Славаччыны ў ЗША Марцін Бутара: «Гэта будзе вялікі момант для нашай канфэрэнцыі, цяжка знайсьці словы, каб сказаць, наколькі славакі абавязаны гэтаму чалавеку».
Спадар Бутара назваў Бжэзінскага адным з самых уплывовых мысьляроў нашага часу.

Бжэзінскі пачаў сваю прамову са словаў, што адчувае сябе ў Браціславе, як дома, што яму прыемна бачыць людзей, якія ў свой час не займалі ніякіх пасадаў, аднак сталі ў апошнія дзесяцігодзьдзі лідэрамі фармаваньня новай Эўропы і новай Цэнтральнай Эўропы.

Тэму свайго выступу Бжэзінскі сфармуляваў глябальна, у духу канфэрэнцыі, на якой выступаў — «Што з’яўляецца галоўнай місіяй Захаду ў сучасным сьвеце?»

Паводле яго, асноўная праблема Эўропы палягае ў тым, што ў Эўразьвязе колькасьць банкаў расьце хутчэй, чым колькасьць насельніцтва.

Тое, што Эўропа ня мае глябальных амбіцыяў, прымушае Амэрыку, амэрыканскую грамадзкасьць больш скептычна глядзець на Эўропу, разглядаць Эўразьвяз у якасьці скарбонкі. Бжэзінскі заклікаў эўрапейцаў браць на сябе большую адказнасьць за лёс плянэты і мацаваць сувязі з Амэрыкай, у тым ліку і праз НАТО.

«У ХХІ стагодзьдзі самая вялікая пагроза — гэта не тыранічная гегемонія, а тыранія глябальнага хаосу», — сказаў палітоляг.

Бжэзінскі падкрэсьліў, што самыя важныя выклікі Эўразьвязу ад яе суседзяў сыходзяць ад Турэччыны і Расеі.

Ён заклікаў Эўразьвяз дзеля ўсталяваньня новага сусьветнага парадку прыняць у свае шэрагі краіны Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Беларусь і Ўкраіну.

У сваёй прамове выступоўца некалькі разоў згадваў Беларусь называючы яе кожны раз з Украінай, праўда, адзначаючы пры гэтым, што беларускі рэжым больш рэпрэсіўны.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG