Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі самалёт пагнаўся за чарадой птушак


Беларускі вайсковы самалёт Міг-29 ляцеў уздоўж мяжы зь Літвой для спыненьня выяўленага парушэньня, якое, паводле Міністрства абароны Беларусі «было ідэнтыфікавана як міграцыя чарады птушак».

Гэтае парушэньне дзяржаўнай мяжы Беларусі было выяўлена радыётэхнічнымі сродкамі 17 красавіка каля 13 гадзін у паветранай прасторы ў раёне Горадні.

Раней літоўскі МЗС уручыў ноту афіцыйнаму Менску ў сувязі з тым, што беларускі ваенны самалёт Міг-29 парушыў дзяржаўную мяжу і ўварваўся ў паветраную прастору Літвы над вёскай Пагаранда Варэнскага раёна. Над тэрыторыяй Лтвы ён прабыў каля дзьвюх хвілінаў, паведамілі BNS у МЗС Літвы.

У ноце літоўскі бок просіць прадставіць ўсебаковую інфармацыю
аб парушэньні паветранай прасторы Літвы і зрабіць захады па
прадухіленьні падобных інцыдэнтаў у будучыні.

Беларускія вайскоўцы праявілі пільнасьць пасьля скандальнай гісторыі, якую называюць мядзьвежым дэсантам. Раніцай 4 ліпеня мінулага года аднаматорны самалёт з швэдзкім экіпажам і грузам плюшавых медзьведзянят на борце перасек паветраную мяжу Беларусі. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі розгалас і дала падставу сумнявацца ў боегатовасьці ня толькі беларускіх сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і вайсковых частак Ваенна-паветраных сілаў і Войскаў паветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сілаў генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла тады прэсавая служба Лукашэнкі.

Пра няпоўную службовую адпаведнасьць папярэдзілі міністра абароны Юр’я Жадобіна і начальніка Генштабу Ўзброеных сілаў, першага намесьніка міністра абароны, генэрал-маёра Пятра Ціханоўскага. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыню КДБ Вадзіму Зайцаву.

4 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка вызваліў генэрал-маёра Аляксандра Пашукевіча ад пасады камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і войскаў СПА, звольніўшы яго з вайсковай службы ў запас. На вызваленае месца прызначаны палкоўнік Ігар Дземідзенка.

Акцыю салідарнасьці зладзіла швэдзкае агенцтва Studio Total. Непасрэдна ў падрыхтоўцы палёту ўдзельнічалі Пэр Кромвэл, Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй.

КДБ арыштаваў журналіста Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава. Іх вінавацілі паводле крымінальных артыкулаў «Саўдзел у злачынстве» і «Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

Сурапін першым апублікаваў фота мядзьведзікаў на сваім сайце. А Башарымаў здаў прадстаўнікам Studio Total кватэру, калі яны наведвалі Менск.

Пазьней Сурапіна і Башарымава выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG