Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У нас, здаецца, усё бясьпечна, але калі здарыўся пажар, то каленкі трэсьліся»


Гарадзенскае прадпрыемства «Гродна Азот» — прыкладна таго ж профілю, што і тэхаскі завод па вытворчасьці мінеральных угнаеньняў, дзе ўчора здарыўся выбух, у выніку якога загінулі і пацярпелі шмат людзей, вялікі ўрон нанесены гораду.

На «Гродна Азоце» аварыі час ад часу таксама здараюцца. Пры гэтым грамадзкага кантролю на прадпрыемстве зусім няма.

Сёньня я паразмаўляў зь некалькімі работнікамі «Гродна Азота», пацікавіўся іх стаўленьнем да тэхаскага выбуху і запытаўся, наколькі на іхнім прадпрыемстве ўлічваюцца ўсе фактары бясьпекі. Найбольш уразіла тое, што людзі баяцца наагул гаварыць на гэтую тэму, спасылаючыся перш за ўсё на сваю некампэтэнтнасьць.

Спадар: «Папраўдзе кажучы, я да гэтых пытаньняў ня маю дачыненьня, ня ведаю тэхналёгіі. А таму баюся вам нешта наблытаць...»

Адзін з работнікаў, спадар Аляксей, узгадаў, што калі летась на прадпрыемстве здарыўся пажар і абваліўся дах, то каленкі ў яго затрэсьліся. Паводле яго, з калегамі яны заўсёды абмяркоўваюць такія няштатныя сытуацыі. Ён лічыць, што бясьпецы працы і тэхналягічнага працэсу на прадпрыемстве аддаецца заўважна шмат увагі.

Спадар: «У нас такога надзвычайнага яшчэ нібыта нічога не здаралася, бо стаяць розныя ахоўныя сыстэмы, якія не дапускаюць да аварыяў. Прычым гэта ўсё строга правяраецца. Існуе пэрыядычнасьць праверак, і ўсё падтрымліваецца ў даволі працоўным стане».

«Гродна Азот» збудавалі на пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Першай прадукцыяй былі мінэральныя ўгнаеньні — аміячная салетра. Цяпер на аб’яднаньні працуюць каля 7 тысяч чалавек. Кожны дзясяты заняты на вытворчасьці са шкоднымі ўмовамі працы.

Пры няштатнай сытуацыі пацярпець могуць ня толькі яны — прадпрыемства знаходзіцца ўжо практычна ў межах самога гораду, усяго за два кілямэтры ад жылых кварталаў.

Гарадзенец Анатоль кажа, што даволі часта даводзіцца чуць «водар» атрутных рэчываў, якія праз выкіды трапляюць у атмасфэру, і гэта ўжо для жыхароў небясьпечна. А яшчэ турбуе і тое, што прадпрыемства побач з горадам зьбіраюцца пашыраць.

Спадар: «Тым больш што там казаць, калі Горадня прызнаная другім
любы работнік „Гродна Азота“, які выходзіць на пэнсію па ільготах, практычна да 60 гадоў не дажывае
у Беларусі па забруджваньні горадам! Я хачу сказаць адну простую рэч, што любы работнік „Гродна Азота“, які выходзіць на пэнсію па ільготах, практычна да 60 гадоў не дажывае — гэта шмат пра што кажа. Многіх хлопцаў, каго я ведаў і каторыя выйшлі на пэнсію, ужо іх няма».

Насьцярожана да блізасьці «Гродна-Азота» ставяцца і самі гарадзенцы. Вось што кажуць людзі на вуліцах:

Спадар: «Мая мама побач жыве, то мяне гэта турбуе, бо кожны дзень даводзіцца, асабліва ўвечары, адчуваць спэцыфічны пах — нейкія выкіды ідуць у атмасфэру».

Спадар: «Сапраўды, часта непрыемны водар адчуваецца. А летась яшчэ ўвесь час хлапкі даносіліся. Праўда, цяпер, здаецца, няма. Але ўсё роўна нейкія выкіды існуюць, бо ня можа быць, каб фільтры ўлоўлівалі ўсё на 100%. Так блізка ад гораду такое прадпрыемства не павінна быць».

Былы старшыня Свабоднага прафсаюзу «Гродна Азота» Сяргей Антусевіч узгадвае, што на прадпрыемстве вельмі сур’ёзна ставяцца да мераў бясьпекі. Але ў той жа час кажа, што аварыі рознага кшталту здараліся, а гарантыяў поўнай бясьпекі ніхто ня можа даць.

Сяргей Антусевіч

Сяргей Антусевіч

«Магчыма ўсё на любым прадпрыемстве. Вы паглядзіце, балён з газам у кватэры выбухне — і ёсьць ахвяры, а тут хімічная вытворчасьць. Ніякая тэхналёгія, у тым ліку амэрыканская, а яна, думаю, ня самая састарэлая ў сьвеце, поўных гарантыяў не дае. Былі падобныя выпадкі ў 1976 годзе і ў Англіі з ахвярамі і разбурэньнямі».

На ўзроўні абласнога цэнтру, як высьветлілася, ніхто зь незалежных эколягаў маніторынгам вакол «Гродна Азота» не займаецца. Няма такіх зьвестак і ў эколягаў з рэспубліканскіх грамадзкіх арганізацыяў. А на сайце самога прадпрыемства падобных праблемаў ніхто не ўздымае.

Адзінае, што мне сказалі ў грамадзкай арганізацыі «Цэнтар экалягічных рашэньняў», — Беларусь ратыфікавала Орхускую канвэнцыю «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя», і ўсе буйныя праекты павінны абмяркоўвацца з удзелам грамадзкасьці.

Але, маўляў, адсутнасьць незалежных СМІ, слабы прафсаюзны рух, страх рабочых робяць немагчымым грамадзкі кантроль за такім небясьпечным прадпрыемствам як «Гродна-Азот».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG