Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік «БелМузТВ»: «Мяне ўсё задзяўбло»


МУС на сваім афіцыйным сайце паведаміла пра падрабязнасьці затрыманьня супрацоўніка БелМузТВ, які запусьціў у эфір порнаролік, і папярэдзіла ўладальнікаў акаўнтаў пра адказнасьць за яго распаўсюд.

«Тыя, хто яшчэ ня выдаліў нашумелы ролік са сваіх акаўнтаў у сацыяльных сетках, павінны ведаць, што ім таксама пагражае крымінальная адказнасьць за распаўсюд парнаграфіі. Санкцыя адпаведнага крымінальнага артыкула прадугледжвае да 4 гадоў пазбаўленьня волі».

13 красавіка тэхнічны супрацоўнік БелМузТВ, знаходзячыся на сутачным дзяжурстве, унёс зьмены ў плэй-ліст, паставіў порнаролік і сышоў, замкнуўшы дзьверы і зламаўшы ключ. Ахоўніку сказаў, што ідзе пакурыць. Пасьля званкоў абураных тэлегледачоў у службу тэхпадтрымкі дзьверы ў студыю выламалі, трансьляцыю спынілі на 12-й хвіліне.

На месцы здарэньня былі канфіскаваныя відэазапіс, бутэлька піва, пачак цыгарэт. Было ўстаноўлена, што супрацоўнік тэлеканалу — жыхар Магілёва, у Менску здымаў пакой, аднак адрасу на працы не пакінуў, абмежаваўшыся кантактным тэлефонам.

Затрымалі маладога чалавека даволі апэратыўна ў Магілёве ўначы, узялі пад варту і павезьлі ў Менск. Свой учынак пры затрыманьні ён патлумачыў так: «Мяне ўсё задзяўбло, таму я так зрабіў». Справу вядзе Сьледчы камітэт.

«Кіраўніцтва БелМузТВ характарызавала яго як працаўніка адказнага, нараканьняў на яго не было. Магчыма, сваю ролю адыгралі і апошнія падзеі ў асабістым жыцьці хлопца: прыкладна два месяцы таму ён разьвёўся з жонкай і моцна перажываў», — распавялі ў прэс-службе МУС.

Супрацоўнікі міліцыі вызначылі, што малады чалавек злоўжывае сьпіртным і ў яго ёсьць праблемы з псыхікай. Раней ён выказваў намер скончыць жыцьцё самагубствам.

Відэаінжынэру БелМузТВ выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэксу — «Публічная дэманстрацыя матэрыялаў парнаграфічнага характару з выкарыстаньнем сеткі электрасувязі агульнага карыстаньня». Яму пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG