Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пра выбух у ЗША, катастрофу ў Расеі і Класкоўскую


Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

«Нашы консульскія службы ўжо адрэагавалі на падзеі ў Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе адбыўся выбух на хімічным прадпрыемстве. Мы спадзяемся, што гэта трагедыя абышла бокам беларускіх грамадзянаў», — заявіў сёньня на брыфінгу начальнік Упраўленьня інфармацыі МЗС Андрэй Савіных.

Некалькі чалавек загінулі, дзясяткі параненыя – такі першы вынік выбуху на заводзе ўгнаеньняў у горадзе Ўэст (штат Тэхас, ЗША). Шмат хто з параненых у крытычным стане.

Дым ад пажару на заводзе можа быць таксычным. Ва Ўэсьце жывуць 2,8 тысячы чалавек. Разбурана каля 100 дамоў. Па словах відавочцаў, гарадок падобны да зоны ваенных дзеяньняў.

Андрэй Савіных пракамэнтаваў таксама сытуацыю з аварыяй беларускага аўтобуса, якая адбылася ў Падмаскоўі. Паводле яго дадзеных, у аўтобусе знаходзілася 20 чалавек, 6 зь якіх пацярпелі; 4 чалавекі шпіталізаваныя, але іх жыцьцю нічога не пагражае. «Нашы консульскія службы высьвятляюць іншыя аспэкты гэтай катастрофы», — заявіў Андрэй Савіных.

Дарожна-транспартнае здарэньне адбылося з аўтобусам, які ехаў зь Менску ў Маскву ў ноч з 17 на 18 красавіка. На 100-м кілямэтры Менскай шашы аўтобус перакуліўся.

Прэсавага сакратара запыталі, як разьвіваецца сытуацыя вакол беларускай грамадзянкі Вольгі Класкоўскай, якая знаходзіцца ў Швэцыі. На гэта афіцыйны прадстаўнік МЗС заявіў, што консульскія службы Беларусі аказваюць ёй садзеяньне. «Усё астатняе, пра што можна было б казаць, я не магу агучыць, бо гэта тычыцца асабістага жыцьця грамадзянкі Вольгі Класкоўскай», — сказаў Андрэй Савіных.

Беларуская журналістка Вольга Класкоўская на пачатку студзеня гэтага году была пазбаўленая права знаходзіцца на тэрыторыі Швэцыі. У лютым службы сацыяльнай апекі забралі ў Вольгі малодшага сына Адэма, які мае швэдзкае грамадзянства. Аднак пазьней выявілася, што яны адмовіліся ад сваіх заяваў, і Вольгу ўзнавілі ў правах на дзіця.

30 сакавіка Вольгу Класкоўскую затрымалі і зьмясьцілі ў турму. Яе падазраюць у замаху на забойства мужа. Паводле паліцыі, яна нанесла яму нажавыя раны, якія не нясуць небясьпекі для жыцьця. Ёй пагражае ад 2 да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG