Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як беларусы ў Бостане перажылі тэракт


«Усе мае знаёмыя зьбіраюцца ўдзельнічаць у маратоне ў наступным годзе. Нават тыя, хто сёлета не зьбіраўся, — кажа беларуска Вольга Чарныш.

Вольга працуе над доктарскай працай у Гарвардзкім унівэрсытэце і жыве ў Бостане.

Вольга Чарныш: «Сама я ня ўдзельнічала ў маратоне і не была на плошчы падчас выбухаў. Даведалася пра здарэньне праз сацыяльныя сеткі. Але шмат маіх знаёмых удзельнічалі. Зь імі ўсё добра.

Спачатку, калі я даведалася, што ахвяраў няшмат, я была досыць спакойная, але потым я бачыла праз сацыяльныя сеткі, як трагедыя разгортваецца, колькі ахвяраў з раненьнямі, бачыла шмат крывавых фатаздымкаў і, вядома, было вельмі жудасна.

Вольга Чарныш

Вольга Чарныш

Усе параўноўваюць гэта з выбухам у 2011 годзе. Маўляў, гэта паўтарылася ў Бостане. Ніхто ня ведае, хто стаіць за гэтымі выбухамі, але ўсе параўноўваюць. І сацыяльныя сеткі тут больш разьвітыя, чым у Беларусі. Таму мне здаецца, што паніка нават большая. Людзі таксама адчуваюць страх і няўпэўненасьць. Я зьдзівілася, напрыклад, што мае студэнты мне напісалі мэйл, што ня прыйдуць, бо ня могуць карыстацца грамадзкім транспартам.

Да нас праз СМС і электронную пошту зьвяртаюцца службы бясьпекі ўнівэрсытэту. І служба псыхалягічнай кансультацыі ў нас працуе ўвесь дзень. Можна зьвяртацца, калі ты хвалюесься наконт выбухаў. Здаецца, усё вельмі добра арганізавана.

Але шок і паніка паволі расьсейваюцца. У сацсетках ужо ня так шмат крывавых фатаздымкаў і больш паведамленьняў пра тое, як людзі ганарацца Бостанам. Гэта вельмі супакойвае. Колькасьць амэрыканскіх сьцягоў падвоілася. Напрыклад, мае знаёмыя ўсе намерваюцца прабегчы маратон у наступным годзе. Нават тыя, хто ня ўдзельнічаў у гэтым годзе. Людзі зьбіраюцца разам, і выглядае, што іх узаемападтрымка толькі ўзмацнілася».

Марына Кавалеўская часова пераехала ў Бостан разам зь сям’ёю дзеля вучобы ў магістратуры Юрыдычнай школы Гарварда:

Марына Кавалеўская

Марына Кавалеўская

«У школах і дзіцячых садках робяць усё, каб абмежаваць дзецям доступ да інфармацыі пра выбух. Дырэктарка дзіцячага садку, у які ходзіць мой сын, выслала ліст бацькам з інструкцыямі, як адмежаваць дзяцей ад гэтай інфармацыі, як мінімізаваць шанцы дзіцяці атрымаць псыхалягічную траўму і што рабіць, калі такое ўсё ж адбудзецца.

Бостан — адзін з самых эўрапейскіх гарадоў ЗША. Ён досыць далёка ад асноўных цэнтраў Усходняга ўзьбярэжжа: Вашынгтону і Нью-Ёрку. Таму ўявіць, што такая жахлівая трагедыя магла здарыцца тут, немагчыма.

Падчас выбухаў я знаходзілася ў Кембрыджы — гэта некалькі прыпынкаў на мэтро ад месца выбуху. Ведаю, што паліцыя праверыла Гарвардзкую станцыю мэтро. Студэнтам і супрацоўнікам разаслалі паведамленьні пра тое, што асяродкаў пагрозы ў Кембрыджы няма, хоць прэвэнтыўна эвакуавалі Гарвард Кенэдзі Скул.

Трагедыю абмяркоўваюць на вуліцах нават незнаёмыя людзі. Абмяркоўваюць вельмі эмацыйна.

У Бостанскім маратоне традыцыйна ўдзельнічаюць студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі, выпускнікі Гарварду і іх сем’і. Некаторыя мае аднагрупнікі таксама ўдзельнічалі, і хтосьці зь іх пацярпеў. Агулам каля 100 студэнтаў удзельнічалі».

15 красавіка ля фінішнай рысы Бостанскага маратону, адной з найбольш прэстыжных лёгкаатлетычных імпрэзаў у сьвеце, прагрымелі два магутныя выбухі. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі тры чалавекі, у тым ліку васьмігадовае дзіця, больш за 140 чалавек параненыя.

Ёсьць інфармацыя, што ў маратоне ўдзельнічалі дзьве беларускія спартсмэнкі: 32-гадовая Жанна Івашчанка і 33-гадовая Алена Макоўская.

33-гадовая грамадзянка Беларусі Алена Макоўская выступала ва ўзроставай групе 18–39 гадоў і паказала 741-шы вынік. У агульным заліку яна заняла 6051-е месца.

32-гадовая Жанна Івашчанка заявілася, але на старт ня выйшла.
XS
SM
MD
LG