Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарыстаць зьмену дэкарацыяў


Спрэчкі ў дэмакратычным асяродзьдзі вакол пытаньня дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ набылі напал і жарсьці часткова таму, што не была дакладна акрэсьлена праблема, сфармуляваны дылемы, вызначаны рэальныя задачы. Таму канструктыўнай дыскусіі не выходзіць, кожны кажа пра сваё. Галоўная хіба ў тым, што ўсе па-рознаму разумеюць, чаго можна рэальна дасягнуць з дапамогай дыялёгу.

Толькі некалькі прыкладаў. Вось Анатоль Лябедзька і Павел Севярынец патрабуюць, каб пад ціскам Эўропы Лукашэнка правёў у Беларусі свабодныя выбары (тут і тут).

Намесьнік кіраўніка Камітэту па эўрапейскіх справах Сэйма Літвы, віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Эмануэліс Зінгерыс у зьвязку з дыялёгам ставіць пытаньне рубам:

«Патрэбныя гарантыі непрыманьня апэрэтачных „адлігаў“, незваротнасьці дэмакратычных пераменаў і поўнага выкананьня рэзалюцыяў Эўрапейскага Парлямэнту... Мы чакаем цэлага комплексу крокаў, якія б аднавілі тое, што Беларусь страціла на працягу апошніх 18 гадоў, крокаў, якія б наблізілі яе хаця б да ўзроўню Ўкраіны ці Малдовы, на тэрыторыі якіх ёсьць свабода слова і волевыяўленьня».

Агульнае ў гэтых заявах — тэзіс, што функцыя дыялёгу палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку пачаць дэмакратызацыю Беларусі. Але ставіць пытаньне так — азначае ўскладаць на гэты працэс місію, якую ён ня можа рэалізаваць у прынцыпе. Пад ціскам Захаду Лукашэнка ніколі ня пойдзе на дэмантаж свайго рэжыму, на свабодныя выбары, на ператварэньне дыктатуры ў дэмакратычную прававую дзяржаву. Ён не палітычны самагубца, каб уласнымі рукамі разбураць так рупліва збудаваную сыстэму. Такія спадзяваньні абсалютна марныя і нават шкодныя, бо ствараюць ілюзію. А як казаў вядомы гістарычны дзеяч, у палітыцы няма нічога больш небясьпечнага, чым кіравацца ілюзіямі. Часткова з гэтай прычыны пацярпела крах палітыка дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ 2008–2010 гадоў. Бо эўрапейскія палітыкі сапраўды разьлічвалі на эвалюцыю Лукашэнкі з дыктатара ў дэмакрата.

Менавіта з гэтай прычыны шмат хто з дэмакратаў і робіць выснову, што ў дыялёгу няма сэнсу. Вось Андрэй Саньнікаў кажа:

«Лукашэнка ня здольны ўдзельнічаць у дыялёгу і тым больш ня пойдзе на ўзаемадзеяньне і дыялёг унутры краіны — адзінае, пра што мела б сэнс гаварыць».

На сайце «Новая Эўропа» Ягор Мароз надрукаваў артыкул пад красамоўнай назвай «Да пытаньня пра „дыялёг“: Чаму Лукашэнка абыгрывае Эўрапейскі Зьвяз». Вось што ён піша:

«Калі беларускія ўлады сапраўды зацікаўленыя ў «адлізе», неабходна настойваць на тым, каб перамовы вяліся на полі ЭЗ і па правілах — а гэта значыць, максымальна публічна і адкрыта. Калі беларускія ўлады не гатовыя да гэтага — значыць, яны і не плянуюць колькі-небудзь сур’ёзнага збліжэньня, а толькі прамацваюць магчымасьць чарговы раз прадаць «пацалункі» даражэй, і эўрапейскім дыпляматам ня варта ўвязвацца, паколькі гэта прывядзе толькі да пагаршэньня сытуацыі і іх уласнай рэпутацыі».

І сапраўды, у такім разе які сэнс у дыялёгу? Ці, калі перафармуляваць пытаньне, на што насамрэч можа пайсьці Лукашэнка пад ціскам Захаду? На мой погляд, толькі на дэкаратыўную, касмэтычную лібэралізацыю, ці, як асьцерагаецца сп. Зінгерыс, на апэрэтачную «адлігу». Таму трэба пазбавіцца ад ілюзіяў і ня ставіць невыканальных задач.

Можна сказаць, як гэта робяць сп-ры Саньнікаў і Мароз, што ў такім разе ня трэба ніякага дыялёгу. Бо ад яго выйграе толькі Лукашэнка. Платай за касмэтычную лібэралізацыю становіцца міжнародная легітымізацыя рэжыму. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць дыялёг, каб атрымаць дадатковыя рэсурсы для кансэрвацыі сыстэмы за кошт крэдытаў ад МВФ і іншых заходніх структур, уступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю і інш. Ці не занадта вялікая цана за невялікія паслабленьні ў палітычнай сфэры?

Але, па-першае, вельмі верагодна, што, нягледзячы на пратэсты часткі беларускай апазыцыі, ЭЗ рана ці позна ўсё роўна пойдзе на дыялёг з афіцыйным Менскам, палічыўшы, што альтэрнатывы няма. У эўрапейскіх краін ёсьць свае нацыянальныя інтарэсы, якія далёка ня тоесныя задачы дэмакратызацыі Беларусі.

Па-другое, як гэта ні банальна, але палітыка — мастацтва магчымага. У палітычным працэсе вельмі рэдка даводзіцца выбіраць між дабром і злом, добрым і дрэнным. Як правіла, палітыка зводзіцца да выбару меншага зла. А дылема «ўсё ці нічога» можа існаваць толькі ў асяродзьдзі палітычных маргіналаў.

Па-трэцяе, як гэта можа ні падацца дзіўным, падчас палітыкі дыялёгу, дэкаратыўнай лібэралізацыі Лукашэнка, адпусьціўшы лейцы, таксама рызыкуе. Бо пачынае дзейнічаць уласная лёгіка палітычнага працэсу, зьяўляюцца непрадбачаныя наступствы прынятых рашэньняў. Міхаіл Гарбачоў, калі абвясьціў перабудову, таксама не хацеў разбурэньня СССР і краху савецкай сыстэмы. Ён думаў абмежавацца касмэтычнымі зьменамі, якія павінны былі ўмацаваць савецкі лад. Але, прачыніўшы фортку, ужо ня змог яе зачыніць.

І Лукашэнка падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, абвясьціўшы лібэралізацыю «паводле паняцьцяў Эўразьвязу», хацеў усяго толькі пусьціць пыл у вочы Эўропе. Але, нечакана для рэжыму, значная частка насельніцтва сапраўды паверыла ў перамены. У грамадзтве пачаў зьнікаць страх, у буйных гарадах людзі станавіліся ў чэргі, каб паставіць подпісы за апазыцыйных кандыдатаў. Некаторыя мае знаёмыя, людзі далёкія ад палітыкі, лічылі, што насамрэч у краіне адбываюцца свабодныя выбары, і на поўным сур’ёзе абмяркоўвалі, хто можа быць лепшым прэзыдэнтам: Някляеў, Саньнікаў ці Раманчук?

Дарэчы, сам Лукашэнка адразу адчуў, куды ідзе справа, моцна напужаўся, як ён прызнаўся потым, яго ванітавала ад выступаў кандыдатаў па ТБ. І зь нецярпеньнем чакаў заканчэньня гэтага балагану, каб загнаць народ назад. Нэрвовая рэакцыя на непрадбачаныя наступствы дэкаратыўнай лібэралізацыі — гэта адно з тлумачэньняў ягоных дзеяньняў 19 сьнежня і пазьней. Гэта была помста за ўласны страх, а ня нейкі мітычны «расейскі сьлед».

Таму зьмена вонкавых дэкарацый — гэта таксама маленькі шанец. Пытаньне ў тым, як яго скарыстаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG