Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: «Скарацілі заробкі — каму гэта спадабаецца?»


Другія суткі на бабруйскім заводзе драўнянавалакністых пліт неспакойна. Працоўныя незадаволеныя скарачэньнем прэміяльных, якія складаюць значную частку заработнай платы. Пасьля сходу працоўных кіраўніцтва прадпрыемства паабяцала перагледзець выплаты.

Працаўнікі прадпрыемства выступілі з пратэстам у аўторак, атрымаўшы разьліковыя квіткі. Стыхійна пачалі зьбірацца каля аднаго з заводзкіх цэхаў. Паводле сьведчаньняў найбольш актыўных удзельнікаў пратэсту, на сход прыйшлі ня толькі шараговыя працаўнікі, але і інжынэрна-тэхнічны пэрсанал.

«Цяпер аклад настолькі малы, што асноўная сума ідзе з прэміяў. Сьлесар пятага і сьлесар чацьвёртага разраду — у іх аклад менш за мільён, таму асноўная доля — гэта прэміі. А тут пазбавілі вялікіх сумаў грошай. У некаторых нават пражытковы мінімум ня выйшаў», — апавядае пра прычыны пратэсту адзін з працаўнікоў.

Яшчэ адзін працаўнік дадае:

«500–700 тысяч рублёў адмінусоўка атрымалася. Каму гэта спадабаецца? І прычым без інфармаваньня — задняй датай. Ніякага загаду нам не даводзілі. Яго ніхто не чытаў».

Паводле суразмоўцаў, на прадпрыемстве гэта ня першы выпадак, калі працаўнікі выказваюць незадавальненьне, аднак раней абураліся толькі асобныя брыгады. Цяпер жа ўзьняўся амаль увесь завод.

Вытворчасьць на прадпрыемстве спыненая на тэхналягічнае абслугоўваньне. Працаўнікі лічаць, што адміністрацыя наўмысна выдала разьліковыя квіткі менавіта ў гэты час, каб зьменшыць наступствы ад незадаволенасьці:

«Калі спыняецца цэх у час працы, то гэта зусім іншая рэч, а так — рамонтныя працы толькі пачаліся, то бок яны шмат чаго ня страчваюць. Завод не прастойвае. На дадзены момант усё спусьцілі да таго, што кіраўніцтва паабяцала, што перагледзіць разьліковыя квітанцыі з грашыма, што выдалі людзям...»

У адміністрацыі прадпрыемства пацьвердзілі, што вытворчасьць спыненая на тэхагляд да 19 красавіка. Што да пратэсту супраць нізкіх заробкаў, то прадстаўнік адміністрацыі заявіў наступнае:

«Я б не называў гэта ніякім пратэстам. Ніхто не зьніжаў акладаў, а вось прэміраваньне працадаўца мае права зьніжаць. Гэта ўсё было прадыктавана патрабаваньнем часу. Нам тэрмінова трэба рабіць рамонтныя працы, каб не адбылося нейкага здарэньня. Але ж некаму дужа важна было паведаміць пра гэта прадстаўнікам апазыцыі, каб разьдзьмуць з гэтага пажар».

На закід прадстаўніка адміністрацыі пра апазыцыю працоўныя рэагуюць жартам, што хацелі б, каб пры сытуацыю на прадпрыемстве даведалася ўсё чалавецтва — тады, кажуць яны, можа, нешта і выправіцца на заводзе. Працоўныя чакаюць, што адміністрацыя перагледзіць памеры выплат. Калі не, то людзі пачнуць сыходзіць з заводу:

«Спэцыялісты за два мільёны трыста ці пяцьсот працаваць ня будуць. І калі сыдуць чалавек шэсьць-сем, такіх дасьведчаных, якія ведаюць усе нюансы вытворчасьці, то гэты завод можа быць паўгода нерэнтабэльным дакладна».
XS
SM
MD
LG