Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўцямныя адказы экспэрта Скрабко


Павал Скрабко
Павал Скрабко

Начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Павал Скрабко, адзін з экспэртаў, які ацэньваў фотаальбом «Belarus Press Photo 2011», выступіў сёньня ў судзе.

Скрабко: трактоўка, як падпісана фота, і тое, што было на самай справе, не адпавядае рэчаіснасьці.

Адвакат Бірылаў: Ці выкарыстоўвалі вы сацдасьледаваньні, што публікацыя альбома падрывала аўтарытэт улады?

Экспэрт ня можа адказаць на пытаньне.

Бірылаў: Ці зьвярталіся экспэрты да замежных краін і міжнародных арганізацыяў, ці зьмяніўся імідж Беларусі?

Скрабко пачынае выкручвацца. Але судзьдзя яго прыпыняе і просіць адказваць канкрэтна.

Скрабко: Не зьвярталіся.

Бірылаў: Як складалі заключэньне?

Скрабко: Усе экспэрты паглядзелі кнігу, а пасьля сабраліся разам і напісалі заключэньне.

Адвакатка Атаманчук: Ці было наўмыснае скажэньне фотаматэрыялаў?

Скрабко: Мы ня можам гэта выявіць.

Скрабко прызнаецца, што болей было прэтэнзіяў да подпісаў пад здымкамі, а не да саміх здымкаў.

«Зыходзілі з таго, якія ўражаньні пакіне альбом у грамадзянаў».

Атаманчук: Ці былі скаргі ад грамадзянаў, якія дазваляюць вам рабіць высновы, што ім зрабілі дрэнна?

Скрабко: Ад грамадзянаў скаргаў не было.

Бірылаў пытаецца: чым абражае здымак, дзе два чалавекі прымяраюць капялюш?

Скрабко: У гэтых дзьвюх асобах можна пазнаць увесь беларускі народ.

Кожны адказ экспэрта выклікае ўсьмешкі ў залі.

Бірылаў: Подпісы ў альбоме па-беларуску, а слоўнікі, якімі вы карысталіся, расейскамоўныя. Чаму?

Скрабко: Карысталіся тым, што больш аўтарытэтнае і больш у карыстаньні.

Бірылаў: У чым нізкі эстэтычны ракурс у фатаздымках з сэрыі «Спорт»?

Скрабко ўзгадвае здымак, дзе тэнісістка Вазьняцкі ў пікантнай позе з ракеткай. Пытаецца: вы лічыце гэта высокім ракурсам?

У залі сьмяюцца.

Бірылаў: Ці правільна я зразумеў, што тэма Чарнобыль, пахаваньне людзей,— гэта непрыгляднае?

Скрабко: Падборка стварае непрыгляднае ўражаньне.

Бірылаў: А дзе тут заклікі за экстрэмісцкай дзейнасьці?

Скрабко ня можа ўцямна адказваць на пытаньне і зноў пачынае чытаць даведку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG