Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звычайнаму беларусу да Канстытуцыйнага суду не дагрукацца


«Ці можа звычайны грамадзянін Беларусі наўпрост зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, калі ён лічыць, што і Вярхоўны суд, і Генэральная пракуратура не абаранілі ягоныя правы?»

Такое пытаньне задала сёньня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка дырэктару Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзіму Іпатаву. Менавіта ён прадстаўляў дэпутатам на пленарным паседжаньні законапраект «Аб канстытуцыйным судаводзтве».

Спадар Іпатаў адказаў, што звычайна права непасрэднага звароту грамадзяніна ў Канстытуцыйны суд прапісана ў Асноўным Законе той ці іншай краіны. У Канстытуцыі Беларусі такое палажэньне адсутнічае. І таму цяпер беларускі грамадзянін можа накіраваць свой ініцыятыўны зварот толькі ўпаўнаважаным органам. А ўжо тыя вырашаюць, ці дасылаць зварот у Канстытуцыйны суд.

У Авальнай залі прагучала прапанова, каб падобныя звароты накіроўвалі ўпаўнаважанаму па правах чалавека. На гэта Вадзім Іпатаў адказаў, што спачатку трэба ўвесьці інстытут амбудсмэна, а ўжо пасьля разглядаць такую магчымасьць.

Судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў так пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды гэтую сытуацыю:

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў
«У Беларусі грамадзянін сапраўды ня можа наўпрост зьвярнуцца з канстытуцыйнай скаргай альбо скаргай на парушэньне сваіх правоў і свабодаў у Канстытуцыйны суд. У Эўропе гэта рэдкі выпадак, калі грамадзянін нейкай краіны ня мае права на такую судовую абарону.

Калі грамадзянін Беларусі хоча ўсё ж дагрукацца да Канстытуцыйнага суду, ён мусіць зьвярнуцца да аднаго з упаўнаважаных суб’ектаў, які такое права мае. Іх усяго шэсьць — прэзыдэнт, урад, абедзьве палаты парлямэнту, Вярхоўны і Вышэйшы гаспадарчы суды. Толькі яны могуць пераправіць скаргу ў Канстытуцыйны суд. Аднак за апошнія пяць гадоў не было ніводнага такога выпадку, хоць вядома, што скаргі паступаюць дзясяткамі.

Ёсьць некалькі варыянтаў разьвязаньня гэтай праблемы. Самы просты — прыняць закон аб праве грамадзянаў на зварот у Канстытуцыйны суд. Так было зроблена, напрыклад, у Расеі яшчэ ў 1998 годзе. І хоць у нашай Канстытуцыі сапраўды не замацаванае права звароту грамадзянаў у Канстытуцыйны суд, але ў ёй ёсьць артыкул 60, дзе гаворыцца пра права грамадзянаў на судовую абарону.

Другі варыянт — увесьці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека і надаць яму права зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд. Як са сваёй ініцыятывы, так і з прапановаў іншых суб’ектаў, у тым ліку і грамадзянаў. Але ж у Беларусі дагэтуль не стварылі інстытуту амбудсмэна. Практычна гэта адзіная краіна Эўропы, дзе не існуе такі інстытут».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG