Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бастунец: Судзьдзя і прадстаўнік КДБ выглядаюць вельмі няўпэўнена


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які прысутнічаў на пасяджэньні Ашмянскага раённага суду па справе «Belarus Press Photo 2011», адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

У судзе разглядаецца заява КДБ аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Карэспандэнт: «Праясьніце, усё ж працэс закрыты ці адкрыты?»

Бастунец: «Працэс праходзіць адкрыта. Папярэдняе рашэньне было — праводзіць яго закрытым. Але пасьля адкрыцьця працэсу судзьдзя гэта перамяніў, бо не было ніякіх законных падстаў праводзіць яго закрытым. Прадстаўнікамі зацікаўленых асобаў былі выказаныя пярэчаньні супраць разгляду ў закрытым працэсе, і судзьдзя памяняў гэтае рашэньне».

Карэспандэнт: «А ці будзеце вы ўдзельнічаць у працэсе ў інтарэсах фатографаў?»

Бастунец: «Справа ў тым, што я і Гары Паганяйла, які таксама прысутнічае на працэсе, заяўлялі хадайніцтва, каб выказаць думкі грамадзкасьці — БАЖу і БХК. Але судзьдзя літаральна сказаў, што яму ня трэба меркаваньне грамадзкасьці для таго, каб вынесьці рашэньне па гэтай справе. І адхіліў гэтае хадайніцтва. Таму я буду толькі прысутнічаць на працэсе, а ня браць у ім удзел».

Карэспандэнт: «А як атрымалася, што вы трапілі ў залю суду на пачатку працэсу? Бо ня ўсе ж туды трапілі».

Бастунец: «Мы проста ўвайшлі адпачатку і не пакінулі гэтага памяшканьня, калі пачаўся працэс. Але я думаю, што пасьля аднаўленьня працэсу а 14 гадзіне ўва ўсіх будзе магчымасьць трапіць у залю».

Карэспандэнт: «Чым была адметная першая частка паседжаньня і якая атмасфэра ў судзе?»

Бастунец: «Разглядаліся хадайніцтвы. Як я ўжо казаў, пра тое, каб я і Паганяйла былі дапушчаныя ў працэс як прадстаўнікі грамадзкасьці. Потым было хадайніцтва аб спыненьні справы. Заяўлена хадайніцтва аб далучэньні да справы дакумэнтаў, а менавіта ўсіх асобнікаў фотаальбома, якія былі вынятыя КДБ. І хадайніцтва аб правядзеньні экспэртызы. Два хадайніцтвы суд адхіліў — аб далучэньні да справы ўсіх доказаў, а значыць — альбомаў, і аб допуску прадстаўнікоў грамадзкасьці. А па двух суд абвесьціць рашэньне пасьля 14-й гадзіны. Галоўнае хадайніцтва зь іх — аб спыненьні гэтай справы. А другое — аб прызначэньні экспэртызы. Мы і прадстаўнікі фатографаў лічым, што гэта не была экспэртыза і яна не была праведзена ў парадку, прадугледжаным Грамадзянска-працэсуальным кодэксам. Перад экспэртамі ставіліся пытаньні таксама ня так, як гэта павінна быць у ГПК. Экспэрты не папярэджваліся аб адказнасьці. Фактычна гэта не экспэртыза.

І судзьдзя, і прадстаўнік КДБ выглядаюць вельмі няўпэўнена. Але працэс пайшоў. Калі будзе адмова ў заяўленых хадайніцтвах, то можна прагназаваць і вынік сёньняшняга судовага працэсу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG