Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб эфэктыўна змагацца з допінгам, у Беларусі будуць уводзіць крымінальную адказнасьць для трэнэраў і іншых спартовых работнікаў, якія прымушаюць ужываць допінг непаўнагадовых спартоўцаў.

Пра гэта 17 красавіка заявіў, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, міністар спорту і турызму Беларусі Аляксандар Шамко. Ён сказаў, што сёлета Беларусь павялічыць колькасьць антыдопінгавых пробаў да 3000. Гэта, паводле міністра, удвая больш, чым было летась.

У размове са Свабодай міністар спорту і турызму сказаў, што цяпер абмяркоўваецца, якой менавіта будзе адказнасьць за прымус да ўжываньня допінгу непаўнагадовымі спартоўцамі. Сярод магчымых варыянтаў разглядаюцца і варыянт накіраваньня за краты таго чалавека, які прымусіў непаўнагадовага спартоўца прымаць допінг.

«На жаль, гэта праблема актуальная, і ў нас ёсьць выпадкі, калі на допінгу пападаюцца нават пятнаццацігадовыя спартоўцы», — сказаў міністар Шамко. Паводле яго, часам нават бываюць выпадкі, калі ініцыятыва ўжываньня допінгу сыходзіць ад бацькоў спартоўцаў, якія жадаюць, каб іх дзеці перамагалі на розных спаборніцтвах.

Міністар спорту і турызму паведаміў, што пытаньне аб пакараньні былой алімпійскай чэмпіёнкі ў штурханьні ядра беларускі Надзеі Астапчук, якая была дыскваліфікаваная за ўжыцьцё допінгу на апошніх Алімпійскіх гульнях, і ў якой адабралі алімпійскі мэдаль, па-ранейшаму знаходзіцца ў стадыі разгляду міжнародных інстанцый. «Ніякай новай інфармацыі на гэты конт мы за апошні час не атрымалі», — сказаў міністар Шамко.
XS
SM
MD
LG