Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштаваў палёт Грыбаўскайце ў Лёндан


Самалёт кампаніі Wizzair

Самалёт кампаніі Wizzair

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце возьме ўдзел у цырымоніі пахаваньня былога прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр.

Для паездкі яна абрала авіякампанію танных палётаў Wizzair – такія квіткі папулярныя, напрыклад, сярод студэнтаў. Свой здымак з самалёта прэзыдэнт разьмясьціла ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы Facebook.


Як патлумачыла прэсавая служба прэзыдэнта, нізкабюджэтная авіякампанія была абраная для палёту на пахаваньне М.Тэтчэр таму, што гэты варыянт быў найтаньнейшы і найхутчэйшы. Сёньня бесьперасадачныя палёты зь Вільні ў Лёндан ажыцьцяўляюць толькі нізкабюджэтныя авіялініі, пры выбары традыцыйнай авіякампаніі давялося б ляцець зь перасядкамі.

У дэлегацыю ўвайшло 5 асобаў, а таксама супрацоўнікі дэпартамэнту прэзыдэнцкай аховы.

«Бесьперасадачны рэйс у Лёндан туды і назад каштаваў 3 тыс. літаў ($1 140), такое самае падарожжа вайсковым самалётам каштавала б 50 тыс. літаў ($19 000), а адмыслова замоўлены рэйсавы самалёт — 150 тыс. літаў ($57 000)», — удакладняюць прадстаўнікі кіраўніцы літоўскай дзяржавы.

Цяпер білеты на рэйс у Лёндан зь вяртаньнем на другі дзень прадаюцца на сайце Wizz Air за 250 літаў ($95).

«Прэзыдэнт пры палётах за мяжу карыстаецца эканом-клясай звычайных рэйсавых самалётаў. Спэцрэйцы ў такіх выпадках не замаўляюцца», — тлумачыць прэсавая служба прэзыдэнта Літвы.

«Маргарэт Тэтчэр была сапраўдным патрыётам Вялікабрытаніі. Гэта быў чалавек, які не баяўся браць на сябе адказнасьць за свой народ, за лёс сваёй краіны. Гэты палітык брала на сябе сьмеласьць казаць праўду і рабіць неабходнае», – цытуе DELFI Далю Грыбаўскайце.

Як адзначыла кіраўніца Літвы, Маргарэт Тэтчэр уяўляе сабой прыклад таго, як адзін чалавек можа зьмяніць усясьветную гісторыю. Яе пункт гледжаньня на камунізм і вернасьць заходнім дэмакратычным каштоўнасьцям дапамаглі растапіць лёд у адносінах паміж Заходняй Эўропай і Савецкім Саюзам. Экс-прэм'ер Вялікабрытаніі ўнесла значны ўклад у сканчэньне халоднай вайны. Працэсы, якія яна заахвочвала, стварылі ўмовы і для абвяшчэньня незалежнасьці балтыйскіх краін.

У пахаваньні Маргарэт Тэтчэр возьмуць удзел цяперашнія і былыя кіраўнікі і прэм'ер-міністры многіх дзяржаў. Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II і цяперашні прэм'ер-міністар Дэвід Кэмэран таксама ўшануюць памяць палітыка на пахавальнай цырымоніі.
XS
SM
MD
LG