Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску — суд за скаргу на міліцыянта


Пётар Іваноў
Пётар Іваноў

У Першамайскім судзе Віцебску адбудзецца разгляд справы актывіста Пятра Іванова, якога вінавацяць у ілжэсьведчаньні супраць міліцыянтаў Кастрычніцкага РАУС.

Спадар Іваноў бачыў, як супрацоўнікі міліцыі 16 лютага прынамсі двойчы беспадстаўна парушылі правілы дарожнага руху. Пад час затрыманьня актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія выйшлі ў цэнтар Віцебску з расьцяжкай «Свабоду палітвязьням», міліцэйская машына праехала па ходніках, а потым разьвярнулася, пераехаўшы двайную суцэльную лінію.

Пра гэта Пётар Іваноў напісаў у скарзе ў ДАІ, і быў выкліканы туды 12 красавіка для тлумачэньняў. Аднак тлумачыць нічога не давялося: актывісту заявілі, што факты парушэньня нічым пацьвердзіць немагчыма — у тым ліку і запісамі вулічных відэакамэр, якія нібыта сьціраюцца праз некалькі дзён. І праз тое, што факты нельга пацьвердзіць, Іванова абвінавацілі ў ілжэсьведчаньні.

Калі актывіст абурыўся тым, што праз чужую беспакаранасьць яго будуць судзіць, у Першамайскім РАУС на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол — за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Увечары 12 красавіка актывіста ўжо зьбіраліся адвезьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня, каб пакінуць там да судовага разгляду ў наступны панядзелак. Але Пётар Іваноў заявіў, што ён грамадзянін Расеі ды запатрабаваў, каб пра ягонае затрыманьне паведамілі расейскай амбасадзе ў Беларусі. Тады яго завезьлі ў Першамайскі райсуд для фармальнага пачатку працэсу.

Пётар Іваноў запатрабаваў адваката і працэс перанесьлі на 17 красавіка.

Паводле актывіста, у Віцебску пачаўся адкрыты ціск на тых, хто асьмеліўся паскардзіцца на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Спадар Іваноў кажа, што падчас апошняга інцыдэнту ў яго толькі дабавіліся новыя падствы для скаргаў. Пасьля складаньня пратаколу ў Першамайскім РАУС у яго забралі асабістыя рэчы, але дакумэнтальна гэта не засьведчылі. А сябры амаль суткі не ведалі, дзе ён знаходзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG