Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане разьвітаюцца з Маргарэт Тэтчэр


У Лёндане 17 красавіка адбудзецца пахаваньне былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр.

Маргарэт Тэтчэр памерла 8 красавіка на 88-м годзе жыцьця пасьля інсульту. Тэтчэр ўзначальвала ўрад з 1979 па 1990 гады і была першай - і пакуль адзінай - жанчынай-прэм'ерам у гісторыі Брытаніі.

Труна зь яе целам правяла ноч у капэле Сьвятой Марыі ў Вэстмінстэрскім палацы. Увечары 16 красавіка настаяцель Вэстмінстэрскага абацтва правёў там кароткае набажэнства, на якім прысутнічалі члены сям'і памерлай, прадстаўнікі абедзьвюх палат парлямэнта, а таксама асабісты пэрсанал Маргарэт Тэтчэр, які працаваў ў рэзыдэнцыі на Даўнінг-стрыт, паведамляе ВВС.

Пахаваньне баранэсы Тэтчэр аднесена да катэгорыі цырыманіяльных з вайсковымі ўшанаваньнямі, што на адну прыступку ніжэй за дзяржаўныя пахаваньні.

Труну зь целам Маргарэт Тэтчэр ўзьнімуць на катафалк, і працэсія накіруецца ад Вэстмінстэрскага палаца да царквы Сьвятога Клемэнта на Стрэндзе.
Там труну перанясуць на лафэт артылерыйскай прылады, і працэсія пройдзе да сабора Сьвятога Паўла. На ўсім шляху працэсіі па абодва бакі дарогі будзе стаяць ланцуг вайскоўцаў брытанскай арміі, флёту і ваенна-паветраных сіл – агулам каля 700 чалавек. Пасьля паніхіды адбудзецца крэмацыя цела памерлай. На гэтую частку цырымоніі будуць дапушчаныя толькі блізкія.

Запрашэньні прыехаць на цырымонію пахаваньня Маргарэт Тэтчэр атрымалі каля двух тысяч чалавек.

Як чакаецца, на цырымоніі будзе прысутнічаць каралева Вялікабрытаніі Лізавета II, а таксама ўсе чальцы брытанскага ўрада на чале з прэм'ерам Дэвідам Кэмэранам. Упершыню ад пахаваньня Ўінстана Чэрчыля ў 1965 годзе каралева наведае цырымонію разьвітаньня з брытанскім палітыкам.
Куранты вежы Біг-Бэн ля будынка брытанскага парлямэнта ў Лёндане замоўкнуць на час пахаваньня Маргарэт Тэтчэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG