Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для Беларусі галоўнае — каб Расея не зьмяніла ўмовы пастаўкі нафты»


Цэны на нафту на ўсясьветных сыравінных рынках 16 красавіка працягвалі падзеньне. Экспэрты лічаць, што адбываецца гэта на тле сыгналаў, якія сьведчаць пра аслабленьне тэмпаў глябальнага эканамічнага росту і скарачэньне попыту на энэрганосьбіты. Кошт чэрвеньскіх ф’ючарсаў на нафту маркі Brent апусьціўся ніжэй за 100 даляраў — да 99,41 даляра за барэль. Як падзеньне ўсясьветных коштаў нафты адаб’ецца на Беларусі?

Ваганьне коштаў нафты, падзеньне цэнаў апошнім часам адбываецца пастаянна. Чым ніжэйшыя кошты нафты, тым ніжэйшыя кошты нафтапрадуктаў і тым меншае мыта на экспарт нафтапрадуктаў плаціць Беларусь у расейскі бюджэт, кажа экспэрт у нафтагазавай галіне, аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Для Беларусі самае галоўнае — каб ня толькі цэны на нафту зьніжаліся, але ж каб цэны на нафтапрадукты расьлі! Бо Беларусь экспартуе ўласнай нафты няшмат — прыкладна 1,6 мільёна тон. А вось нафтапрадуктаў, якія вырабленыя з расейскай нафты, даволі шмат: прыкладна 17,5 мільёна тон. Цэны на нафтапрадукты заўсёды рэагуюць на цэны на нафту. Тым ня менш эўрапейскі рынак цяпер стагнуе, кошты растуць даволі павольна. Украінскі рынак больш прывабны — дзякуючы лягістыцы, аптымальнай для Беларусі».

Таму, на думку Тацяны Манёнак, непакоіць Беларусь павінны не ўсясьветныя ваганьні цэнаў на нафту. Самае галоўнае, каб Украіна, якая ўжо папярэдзіла, што можа ўвесьці мыта на нафтапрадукты, не зрабіла гэтага кроку. Для Беларусі важна, каб цяперашнія правілы гульні, якія склаліся на самым ліквідным, самым прывабным украінскім рынку, захаваліся.

Сама цана на нафту практычна не ўплывае на Беларусь, бо краіна працуе на перапрацоўцы, а там маржа пастаянная. Прыкладна гэтаксама растуць кошты нафтапрадуктаў, як растуць і цэны на нафту, яны прыкладна паралельна ходзяць — мяркуе эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Калі моцна будуць падаць цэны на нафту, то там уплыў ускосны — праз пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Расеі, праз пагаршэньне плацёжнага балянсу, сытуацыі зь бюджэтам, адпаведна — праз магчымае падзеньне попыту на нашу прадукцыю. Як паказаў досьвед 2009 году, калі была першая хваля ўсясьветнага крызісу, то на тле падзеньня коштаў нафты якраз экспарт нашай прадукцыі, асабліва машынабудаваньня і аўтамабіляў, тады даволі сур’ёзна ўпаў».

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак кажа, што на звычайным беларускім спажыўцы падзеньне цэнаў на нафту на ўсясьветных рынках ніяк не адаб’ецца:

«На нас адбіваецца, толькі калі цана на нафту падымаецца, і ўсё. Калі для звычайнага абывацеля літар дызпаліва каштаваў 8 тысяч, то ён і будзе 8 тысяч. Што да дзяржавы, то тут разьлік, што існуе паміж Беларусьсю і Расеяй, вельмі складаны, і тут цяжка сказаць, як гэта адаб’ецца».

На думку экспэрта ў нафтагазавай сфэры Тацяны Манёнак, самае галоўнае цяпер — каб Расея не зьмяніла ўмовы пастаўкі нафты, бо пакуль Беларусь мае падпісаныя кантракты толькі на першыя два кварталы:

«Тым ня менш гадавога кантракту пакуль няма. Самае галоўнае — захаваць гэтыя аб’ёмы, а калі гэта ўдасца — вытаргаваць у Расеі, каб павысіць аб’ём паставак нафты па трубе, а не па чыгунцы, бо трубныя пастаўкі больш танныя, больш эфэктыўныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG